Заходніх лідараў папрасілі абараніць журналістак «Белсату»


Беларускі дом у Варшаве пачаў збор подпісаў пад петыцыяй да лідараў ЕЗ, Вялікай Брытаніі, ЗША і Канады. Фонд патрабуе прыняцця санкцый, якія вымусілі б рэжым Лукашэнкі вызваліць журналістак «Белсату», прысуджаных да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Беларускі дом стаў на абарону Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, асуджаных 18 лютага судом Фрунзенскага раёну Менску за «арганізацыю масавых беспарадкаў», хоць на самай справе яны асвятлялі мірную акцыю памяці на месцы выкрадання Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада ў больніцы.

– Нягледзячы на абсурдныя абвінавачванні і адсутнасць доказаў «кіравання пратэстоўцамі», менскі суд з парушэннем не толькі агульнапрынятых прынцыпаў справядлівасці, але нават беларускага права, вырашыў, што дзве маладыя журналісткі «Белсата» два бліжэйшыя гады правядуць у калоніі! Такое судовае рашэнне не можа ўспрымацца інакш, як сігнал, дасланы беларускай журналістыцы, што адлюстраванне ў СМІ праўды пра злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму, апісанне пратэстаў і перадача людзям сапраўднай карціны палітычнага крызісу ў Беларусі будзе ўспрымацца, як антыдзяржаўная дзейнасць і стане пераследвацца. Такім чынам, гэта паказальны прысуд, мэта якога – запалохаць журналістаў і, што з гэтым звязана, адрэзаць увесь беларускі народ і міжнародную супольнасць ад інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, якой больш за чвэрць стагоддзя кіруе А. Лукашэнка, – піша Беларускі Дом на сайце change.org.

У Фондзе ўпэўненыя, што Аляксандр Лукашэнка не здольны да дыялогу аб вызваленні журналістак і забеспячэнні свабоды слова ў Беларусі. «Адзіная мова, якую ён разумее, – гэта мова сілы», – піша Беларускі дом у Варшаве і заклікае да рэакцыі дэмакратычных лідараў Захаду.

– Мы звяртаемся да лідараў вольнага свету: старшыні Еўрапейскай камісіі Уршулі фон дэр Ляйен, старшыні Еўрапейскага звязу Шарля Мішэля, прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна, прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана, прэмʼер-міністра Канады Джасціна Трудо – каб выкарыстоўваць усе даступныя магчымасці, у тым ліку каб аказаць ціск на рэжым у Менску шляхам узмацнення санкцый ў адносінах да А. Лукашэнкі і яго атачэння, а таксама прадпрыемстваў, ключавых для ўтрымання ім улады, для вызвалення абедзвюх журналістак «Белсату», выканання закона і паскарэння вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі.

Петыцыю ў абарону журналістак «Белсату» можна падпісаць на сайце change.org. Ліст апублікаваны на беларускай, польскай і англійскай мовах.

pj/МВ belsat.eu

Стужка навінаў