Віцебскі доктар Уладзімір Мартаў: «Стаўся стрэмкаю, нязручным чалавекам са сваёй пазіцыяй»


Уладзімір Мартаў.
Фота: Белсат

1 сакавіка загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскага клінічнага шпіталю хуткай медычнай дапамогі Уладзімір Мартаў атрымаў ад кіраўніцтва паведамленне пра непадаўжэнне працоўнага кантракту. Ужо 3 красавіка доктара, які адзін з першых пачаў гаварыць праўду пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі, звольняць. Для доктара гэта не стала нечаканасцю: ён заўсёды быў «нязручным чалавекам са сваёй пазіцыяй», стрэмкай у гэтай сістэме.

«Для мяне гэта не стала вялікаю навіной. Я ведаў, калі заканчваецца кантракт, і разумеў, што перашкаджаю новаму кіраўніцтву вяртаць больніцу ў стан, калі ўсе маўчаць і працуюць, ніякія тэмы не абмяркоўваюцца. А кожнае маё выступленне суправаджалася або мінімальным, або вялікім скандалам. Цяпер жа, падчас найвастрэйшага палітычнага крызісу, ім трэба, каб людзі моўчкі працавалі і не думалі пра іншае. І тут я, канечне, стаўся нейкаю стрэмкаю, нязручным чалавекам са сваёй пазіцыяй», – тлумачыць доктар.

Фота: Белсат

Уладзімір Мартаў адпрацаваў у Віцебскім шпіталі хуткай медычнай дапамогі 19 гадоў, 5 з іх – на пасадзе загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. Абскарджваць рашэнне кіраўніцтва ён не збіраецца: «Юрыдычна тут усё карэктна. Такія законы. Вы ж ведаеце, рабаўладанне было законным, фашысцкія парадкі ў Нямеччыне таксама былі законныя. Ну і нашая кантрактная сістэма законная. Тут няма нічога новага, што можна было б аспрэчваць».

Між тым, жыхары Віцебску стварылі петыцыю да ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкаму з патрабаваннем не звальняць Уладзіміра Мартава. Пад петыцыяй падпісаліся ўжо больш за тысячу асобаў.

Уладзімір Мартаў.
Фота: Белсат

Доктару шкада, што давядзецца пакінуць калектыў, ён плануе зрабіць паўзу, каб знайсці новую сістэму каардынатаў:

«Гэты праект ужо завершаны. Вельмі хацелася б, каб шпіталь застаўся працаздольным і дапамагаў не толькі на высокім навуковым і тэхнічным узроўні, але і на чалавечым. Каб яго не ўгробілі, як некаторыя іншыя больніцы».

На думку Мартава, прычына катастрофы, якая спасцігла ўсю існую сістэму, – адсутнасць дыскусіі:

«Мы менавіта падчас каронавіруса даведаліся, што ў нас наагул няма пляцовак для дыскусіяў на любыя прафесійныя тэмы. І гэта катастрофа насамрэч».

Уладзіміру Мартаву 52 гады, 30 з якіх аддаў медыцыне. Паходзіць з медычнай сям’і. Бацька, прафесар Юрый Мартаў, быў вядомым хірургам, працаваў у Віцебскім медычным універсітэце і таксама быў звольнены за непакорлівасць. Маці была інфекцыяністкаю, жонка таксама медык. Уладзімір Мартаў – аўтар шматлікіх навуковых працаў, філасофскіх і гістарычных эсэ. У яго двое дарослых дзяцей.

ЗК, фота ВЛ belsat.eu

Стужка навінаў