Валанцёра штабу Віктара Бабарыкі могуць пакараць 2 гадамі «хіміі»


Антон Бяленскі ў судзе, 4 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы пракурор запатрабаваў 2 гады «хіміі» для Антона Бяленскага, валанцёра штабу Віктара Бабарыкі.

Пракурор патрабуе для палітычнага вязня Антона Бяленскага 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову, а тэрмін пад вартаю з 13 жніўня залічыць як адзін да двух.

Паводле адваката, гэта празмерна суровае пакаранне, абарона патрабуе апраўдаць Антона Бяленскага: «Чым дзеянні майго кліента адрозніваліся ад дзеянняў тысяч іншых людзей? Чаму ўласна да яго такая ўвага? Мабыць, таму, што ён быў валанцёрам у штабе Віктара Бабарыка і ў «Сумленных людзях»? Няма ніякіх доказаў, што Бяленскі груба парушаў грамадскі парадак. 9 жніўня ён нават не ведаў, куды трэба ісці. Перакрыццё дарог здарылася а 16:00, а Бяленскаму інкрымінуюць тое, што ён спыніў транспарт а 23:00. Відавочна, што гэта здарылася не праз яго. Ніякія абвінавачванні не пацверджаныя. «Менсктранс» не выстаўляў ніякіх прэтэнзіяў. Ніхто з прадстаўнікоў органаў унутраных справаў не пацвердзіў, што Бяленскі аказваў супраціў».

У адказ пракурор заявіў: «Вашыя доказы абстрактныя. А «Менсктранс» – гэта прадпрыемства, якое павінна перавозіць людзей. У той дзень гэта было немагчыма, бо ў Менску былі масавыя беспарадкі».

Антон Бяленскі адмовіўся ад апошняга слова. Судовы працэс працягнецца заўтра.

Суд на Антонам Бяленскім.
Фота: ТК / Белсат

Суд павінен быў распачацца яшчэ 11 лютага, але быў адкладзены нібыта праз тое, што падвіноўнага не даставілі на працэс.

Антона Бяленскага затрымалі 10 жніўня першапачаткова ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых закалотаў»). Тады ён быў у гатэлі «Беларусь» на 17-м паверсе, куды і ўварваліся сілавікі.

Суд на Антонам Бяленскім.
Фота: ТК / Белсат

Згодна з абвінавачваннем, Антон Бяленскі, ведаючы пра планаваныя 9 жніўня несанкцыянаваныя масавыя акцыі, з мэтаю перашкодзіць працаўнікам праваахоўных органаў выконваць службовыя абавязкі не пазней за 23:00 на пр. Машэрава далучыўся да групы грамадзянаў, якія груба парушалі грамадскі парадак, што выявілася ў публічным выкрыкванні лозунгаў, стаянні ў счэпцы, блакаванні руху грамадскага транспарту, у тым ліку гучна пляскаў у далоні, неаднаразова адмовіўся выконваць законныя патрабаванні міліцыянтаў і наўмысна перашкаджаў руху транспарту, а таксама ўгаворамі прыцягваў іншых людзей да супрацьпраўных дзеянняў.

У выніку быў спынены рух як мінімум пяці аўтобусных маршрутаў, чатырох тралейбусных і двух трамвайных.

Антон Бяленскі прызнаў віну часткова.

Антон Бяленскі размаўляе з адвакаткаю, 4 сакавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Палітычны вязень прызнае, што 9 жніўня выйшаў на мірную акцыю, дзе выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, выходзіў на праезную частку дарогі. Але не адмаўляўся выконваць законных патрабаванняў міліцыянтаў і не ўгаворваў людзей далучацца.

У далейшым Антон Бяленскі адмовіўся даваць паказанні.

Падтрымаць Антона Бяленскага прыйшоў Лявон Халатран.
Фота: ТК / Белсат
Гісторыі
Антон Бяленскі: бізнесовец, які стаў палітыкам і палітвязнем
2021.02.24 08:00

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў