Перакладчыцу Вольгу Калацкую будуць судзіць за поўху прапагандысту Рыгору Азаронку


Вользе Калацкай пагражае да 6 гадоў зняволення. Інцыдэнт з Рыгорам Азаронкам адбыўся 15 лістапада 2020 года.

Як паведамляюць на сайце Генеральнай пракуратуры, у суд Фрунзенскага раёну накіраваная крымінальная справа супраць 50-гадовай перакладчыцы за хуліганства. У прэс-рэлізе прозвішча падсуднай не называюць, але, паводле Беларускага ПЭН-цэнтру, гаворка пра Вольгу Калацкую.

«Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваная 15 лістапада 2020 года ўдзень у раёне станцыі метро «Пушкінская» ў Менску пры старонніх асобах двойчы, з перапынкам на паўгадзіны, ударыла ў твар журналіста тэлевізійнага каналу, які ў межах рэдакцыйнага задання выконваў абавязкі ў асвятленні падзеяў у горадзе. Падчас папярэдняга расследавання абвінавачваная прызнала нанясенне ўдараў пацярпеламу, аднак адмаўляла наяўнасць у ейных дзеяннях складу крымінальна злачынства», – адзначае Генпракуратура.

Працаўнік тэлеканалу, пра якога ідзецца ў прэс-рэлізе, – гэта 26-гадовы прапагандыст СТВ Рыгор Азаронак, якога Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За адвагу». Азаронак у сваіх прапагандысцкіх праграмах агрэсіўна маніпулюе фактамі і выкарыстоўвае фэйкі, заклікае да гвалтоўных дзеянняў супраць пратэстоўцаў, ухваляе самыя жорсткія рэпрэсіі, абражае іншадумцаў і паклёпнічае на іх.

Hавiны
«Шкада беднага хлопчыка». Кацярына Андрэева адказала Рыгору Азаронку
2021.01.19 11:28

Пракуратура падтрымала абвінавачванне супраць Калацкай, выстаўленае паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Зацятае хуліганства»). Паводле ч. 2 гэтага артыкулу, перакладчыцы пагражае да 6 гадоў калоніі.

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня, з таго часу яна застаецца пад вартаю.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў