Літоўская выведка заяўляе, што КДБ актыўна спрабуе вербаваць літоўцаў праз шантаж


Паводле Delfi , літоўская выведка заявіла, што КДБ Беларусі ўсё больш груба дзеіць супраць літоўцаў, а для іхнага вербавання не грэбуе выкарыстаннем інтымных стасункаў.

«Дзеянні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі супраць грамадзянаў Літвы на беларускай тэрыторыі набываюць усё больш грубыя прыкметы выведнай дзейнасці», – адзначае ў справаздачы Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі і вайсковай выведкі Літвы.

Як падкрэсліваюць у дакуменце, у Літве няма спрыяльных умоваў для дзеянняў чэкістаў пад дыпламатычным прыкрыццём, таму актыўную выведную дзейнасць супраць грамадзянаў Літвы КДБ вядзе на беларускай тэрыторыі.

Паводле літоўскай выведкі, у КДБ цікавяцца паліцыянтамі, службамі аховы дзяржаўнай мяжы і аховы кіраўніцтва, суддзямі, палітыкамі, работнікамі стратэгічных кампаніяў, дзяржаўных і муніцыпальных ведамстваў, журналістамі, якія рэгулярна ездзяць у Беларусь. КДБ пачынае збіраць інфармацыю пра літоўскіх грамадзянаў, як толькі яны падаюць просьбу пра візу.

КДБ у вербаванні літоўскіх грамадзянаў, якія прыбываюць у Беларусь, выкарыстоўвае кампрамат, інсцэнаваныя аварыі, парушэнні законаў, візавых правілаў, працэдураў мінання мяжы, а таксама гэтак званы метад мядовай пасткі, калі заводзяцца інтымныя стасункі з асобамі, якія супрацоўнічаюць з КДБ.

У якасці прыкладу Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі і вайсковай выведкі Літвы прыводзіць выпадак, калі беларускія спецслужбы спрабавалі завербаваць 34-гадовага літоўскага адмыслоўца ў наглядзе за базаю звестак дзяржаўных установаў. Мужчына пазнаёміўся ў гарадзенскім бары з дзяўчынай Аленай і паехаў да яе дадому. А раніцай ягоную машыну спыніла міліцыя і запатрабавала дакументы, сказаўшы, што расследуе крадзеж. Мужчыны, якія сядзелі ў аўтамабілі непадалёк, патлумачылі: літоўца падазраюць у тым, што ён абакраў новую знаёмую. Таксама яму прадэманстравалі кампрамат: здымкі з кватэры дзяўчыны. Іх абяцалі перадаць жонцы.

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, літоўца папрасілі «расказаць пра сваё месца працы, ахарактарызаваць калегаў, перадаць копію базы звестак насельніцтва». Па вяртанні ў Літву мужчына звярнуўся ў літоўскую выведку і атрымаў дапамогу.

Hавiны
СБУ вінаваціць беларускага памежніка ў вербаванні ўкраінца
2020.01.16 14:53

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў