У палітзняволенай рэдактаркі TUT.by Вольгі Лойкі за час зняволення памёр бацька


Галоўная рэдактарка палітычна-эканамічнага блоку ў TUT.by Вольга Лойка даслала на волю ліст, датаваны 1 лютага. Яна напісала, што пакуль яна ў СІЗА № 1, памёр ейны бацька, а сястра прайшла цяжкае лячэнне.

Вольга Лойка.
Фота: Вольга Лойка/Facebook

«У мяне, пакуль я тут, памёр бацька, а старэйшая сястра прайшла вельмі складанае лячэнне, якое расцягнулася на 8,5 месяца. І кожны дзень, кожны ліст – на нервах, на вечным пачуцці віны, што ўжо не навярстаць, – піша Вольга. – І гэтая жахлівая бездапаможнасць, немагчымасць не тое што дапамагчы, але нават нармальна падтрымаць. Так, нават у страшны час магчымы і аптымізм, і гумар. А без іх ніяк. Жыццё працягваецца, а засмучэнне – смяротны грэх. Значыць, трэба трываць. Не памятаю, ці цытавала вам перачытанага тут залпам «Графа Монтэ-Крыста», самы канец: «Уся чалавечая мудрасць заключаная ў двух словах: чакаць і спадзявацца». І верыць, вядома. Моцы і мудрасці!»

За кратамі Вольгу Лойку трымаюць ужо 8,5 месяца. Яе затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.by за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).

Беларускія праваабаронцы прызналі Вольгу Лойку палітзняволенай. Падтрымаць яе можна, напісаўшы на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, Менск.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў