Напярэдадні зімовай Алімпіяды ў Пекіне ЗША ўвялі санкцыі супраць некаторых афіцыйных асобаў Беларусі


Пад санкцыямі маюцца на ўвазе візавыя абмежаванні, і ўводзяць іх, паводле дзяржаўнага сакратара ЗША, каб паспрыяць прыцягненню да адказнасці за транснацыянальныя рэпрэсіі ў дачыненні беларускіх спартоўцаў за мяжою.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўводзіць візавыя абмежаванні, згодна з «забаронай Хашогжы» – інструментам, уведзеным амерыканскім урадам летась для супрацьдзеяння транснацыянальным рэпрэсіям.

Цяперашнія санкцыі накіраваныя супраць некалькіх грамадзянаў Беларусі за іхны ўдзел у «сур’ёзнай экстэрытарыяльнай контрдысідэнцкай дзейнасці», гаворыцца ў паведамленні на сайце Дзяржаўнага дэпартаменту. Падкрэсліваецца, што ЗША асуджаюць усе падобныя дзеянні, у тым ліку спробу гвалтоўна рэпатрыяваць беларускую алімпійскую чэмпіёнку Крысціну Ціманоўскую падчас летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа летась.

«Злучаныя Штаты вітаюць намаганні Беларускага фонду спартовай салідарнасці падтрымаць і абараніць правы спартоўцаў ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні беларусаў у краіне і за яе межамі. Мы выказваем салідарнасць з Крысцінаю Ціманоўскай і ўсімі, хто сутыкнуўся са спробамі рэжыму заглушыць крытыку», – паведамляецца ў ведамстве.

Дзяржаўны дэпартамент дадаў, што «гэтыя захады – частка комплексных намаганняў у рэагаванні на акты транснацыянальных рэпрэсіяў з боку любога ўраду, які пераследуе журналістаў, актывістаў і дысідэнтаў».

Санкцыі ўводзяцца напярэдадні адкрыцця зімовай Алімпіяды ў Пекіне 4 лютага. Прозвішчы людзей, якія трапілі пад санкцыі, не называюцца.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў