«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі


Паўгода таму, раніцаю 4 жніўня, сілавікі прыйшлі з ператрусам да філосафа, метадолага, вядоўцы «Белсату» Уладзіміра Мацкевіча. Яго затрымалі, а пазней выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). У той жа дзень прыйшлі і да калегаў Уладзіміра, затрымалі сацыёлага і каардынатарку Лятучага ўніверсітэту Таццяну Вадалажскую. Але яе адпусцілі праз 10 содняў. Уладзімір Мацкевіч застаецца ў СІЗА № 1 Менску, на Валадарцы. Пра цяперашні стан справы супраць нашага калегі, ягоны настрой і кампанію «Філосаф у турме» – нашая гутарка з Таццянаю Вадалажскаю.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

«Адразу пасля абвінавачання мы разгарнулі кампанію «Філосаф у турме»

– Спадарыня Таццяна, ці ёсць нейкія навіны пра тое, як разгортваецца крымінальная справа супраць Уладзіміра Мацкевіча? І як ён сам пачуваецца, пра што піша ў лістах?

– Усё ідзе вельмі марудна, следчыя дзеянні не вядуцца, апошнія некалькі месяцаў – застой. Нічога новага не з’явілася.

Што датычыць стану Уладзіміра, то ўсё больш-менш нармальна. Ён стараецца ўтрымаць сваё здароўе, робіць зарадку. Не хварэе, на шчасце, на скардзіцца ні на што.

Займаецца ў асноўным тым, што думае і піша. Спачатку даволі шмат рэфлексаваў над сваёй праграмаю культурніцкай палітыкі, над падзеямі, што адбыліся ў Беларусі. Цяпер у яго праца больш сцісла філасофская – рэфлексуе над тым, як адбываецца мысленне. У лістах яму даволі складана гэта падрабязна пераказаць, таму перадае толькі агульныя рысы. Але мы ведаем, што гэтая праца цяпер – ягоны асноўны занятак у СІЗА.

Артыкулы
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч абвесціў галадаванне
2022.02.03 17:56

Першы месяц Уладзімір правёў у адзіночнай камеры, потым яго перавялі ў агульную. Разам з ім там 4-5 чалавек.

Ён не падае духам, хоць часам прызнаецца, яго засмучае, што нічога не можа зрабіць. Але мы, тыя, хто на волі, стараемся рабіць за яго. Адразу ж разгарнулі кампанію «Філосаф у турме». Публікуем у «Фэйсбуку» ягоныя тэксты і думкі, выпусцілі ягоную кнігу, шмат пра яго кажам. У лістах распавядаем яму, як людзі чытаюць ягоныя працы, як рэагуюць, што яго вельмі цешыць. Уладзімір прагне размовы, зваротнай сувязі, крытыкі, водгуку на тое, што ён кажа.

«Я была ў абсалютным захапленні, што ёсць у нас людзі з такім нетрадыцыйным мысленнем»

– А як вы з Уладзімірам пазнаёміліся? Над чым і як даўно супрацоўнічаеце?

– У 1997 годзе я скончыла ўніверсітэт. Тады ж у краме набыла кніжку Уладзіміра Мацкевіча «Беларуская дэмакратыя: насуперак відавочнасці». Яна мяне так уразіла, я была ў абсалютным захапленні, што ёсць у нас людзі з такім нетрадыцыйным мысленнем, падыходам, які мне падаўся вельмі слушным. Я вельмі хацела пазнаёміцца з Уладзімірам, але не магла наважыцца, бо мне падавалася, дзе ён, а дзе я, і што я скажу, калі прыйду.

Таццяна Вадалажская.
Фота: belmarket.by

У 2001 годзе ў Інстытуце філасофіі адбываўся семінар «Беларускае мысленне: канон, кантэкст, генезіс, перспектыва». Мяне туды запрасілі і сказалі, што будзе Уладзімір Мацкевіч. Так мы і пазнаёміліся. Але супраца распачалася толькі ў 2005 годзе.

Мы разам працавалі над ягонаю праграмаю культурніцкай палітыкі. Даследавалі розныя тэмы – пра супольнасці, станаўленне грамадства, якасць жыцця і гэтак далей. Даволі шчыльная працавалі ў сферы грамадзянскай адукацыі, распрацоўвалі розныя праграмы, канцэпцыю грамадзянскай адукацыі… А з 2010 года пачаўся Лятучы ўніверсітэт, які таксама – ідэя Уладзіміра. Я стала каардынатаркаю. Так распачалася праца ў разгортванні сучаснага беларускага ўніверсітэту, як мы гэта сабе ўяўлялі.

Артыкулы
«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча
2021.09.15 11:09

«У сваёй працы ён аспрэчвае відавочнасць»

– Часта можна пачуць, што Уладзімір Мацкевіч – чалавек даволі няпросты ў зносінах, камунікацыі. Нават ягоная былая жонка, з якой яшчэ летась мы рабілі інтэрв’ю, казала, што ён «геній, з якім няпроста жыць». А што вы можаце пра гэта сказаць? Ці лёгка супрацоўнічаць з Уладзімірам?

– Я ўвогуле не ведаю простых людзей, тым больш такіх, якія рэалізуюць нейкую сваю ідэю і праграму. Так, Уладзімір мае вельмі складаныя думкі, і бывае, што не заўсёды проста адразу іх зразумець. У яго некалькі кніг называліся «Насуперак відавочнасці», і менавіта так ён і працуе – аспрэчвае відавочнасць. Даволі часта ён выдае правакатыўныя сцверджанні. У свой час я навучылася да гэтага ставіцца, як мне падаецца, даволі слушным чынам: калі чалавек, пра якога ты ведаеш, што ён разумны і шмат што ведае, кажа тое, што табе падаецца бздураю, то не трэба яго называць дурнем, а трэба падумаць, што, напэўна, тое, што ён кажа, асэнсавана і грунтуецца на чымсьці, пра што я не ведаю, і пра гэта трэба даведацца, распытаць яго. Магчыма, якраз гэтая ягоная правакатыўнасць стварае ўражанне складанага чалавека.

Але агулам Уладзімір – даволі просты ў чалавечых зносінах. Наколькі я ведаю, шмат людзей перад тым, як з ім пазнаёміцца, страшна хваляваліся і баяліся, але потым былі ў захапленні.

– Які Уладзімір як чалавек?

– Найперш апантаны сваёй справай. Усё побытавае для яго на другім плане. Калі ён захоплены нейкаю ідэяй, ён цалкам аддаецца ёй. Таму часам можа падацца, што ён менш камунікуе ў нейкіх сяброўскіх стасунках. Ён любіць магчымасць пабыць сам-насам, папрацаваць, ён не моцна кампанейскі чалавек. Але са сваім блізкім колам даволі шчыра камунікуе. Сціплы ў жыццёвым сэнсе: у рэчах, ежы.

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг.
Фота: Таня Капітонава / 34mag

«Тое, што за кратамі – філосаф, публічны інтэлектуал, вельмі яскрава паказвае стан нашага грамадства»

– У чым, на ваш погляд, асноўны ўнёсак Уладзіміра Мацкевіча для Беларусі – нашай культуры, адукацыі?

– Напэўна, гэта тое, што ён праз сваё існаванне, сваю дзейнасць пастулюе фігуру публічнага інтэлектуала. Для беларускай публічнай прасторы гэта не вельмі звычайна: філосаф, метадолаг, які ёсць публічнай асобай і адгукаецца мысленнем на ўсё, што адбываецца. Такая публічнасць вельмі важная для нашага грамадства, на маё меркаванне.

– Уладзімір ведаў, што яго могуць затрымаць, але не з’ехаў. Наколькі, на ваш погляд, гэта было слушна?

– Я цалкам падтрымліваю яго ў гэтым рашэнні, бо мне падаецца, што гэта вельмі арганічна спалучаецца з ягонаю пазіцыяй. Ён адчуваў, што яму трэба быць тут, каб рабіць сваю справу, і ён быў тут. Я ўвогуле не думаю, што трэба знаходзіць нейкія апраўданні гэтаму. Рашэнне заставацца ці з’язджаць – гэта найперш самаадчуванне чалавека ў тым, хто ён ёсць, дзе, у якім месцы ён можа быць тым, кім ён ёсць. Для розных людзей гэта абсалютна па-рознаму.

В Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзентацыя кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве. 16 студзеня 2021 года.
Фота: ЯМ / Белсат

У ягонай кнізе, якую мы выдалі, першая частка прысвечаная месцу філосафа ў грамадска-палітычнай прасторы. Уладзімір там даволі шмат разважае пра фізічную прысутнасць і працу філосафа, метадолага. І вось цяпер у турме, як бы гэта ні гучала, але падаецца, што гэта вельмі арганічнае месца, бо сёння нашае мысленне, інтэлектуальная, палітычная воля гэтак жа зняволеныя, як і ён, але і гэтак жа не скарылася. Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае, як бы ні было балюча, аднак яно паказвае стан нашага грамадства: калі філосаф, публічны інтэлектуал – у турме.

Артыкулы
Уладзімір Мацкевіч: Мяне збіраюцца судзіць за «думзлачынства» паводле Оруэла
2021.08.24 15:29

«Калі мы будзем пераказваць ягоныя думкі, гэта можа зрабіць бессэнсоўным ягонае зняволенне»

– Як думаеце: як паўплывае на Уладзіміра зняволенне і што мы ўсе можам сёння зрабіць, каб яму дапамагчы?

– Я ўпэўненая, што зняволенне не зломіць яго. А наконт падтрымкі… Калі ён там сядзіць за тое, што шмат кажа, за свае словы і думкі, а пакуль ён зняволены, пра ягоныя ідэі будуць казаць яшчэ больш, то не будзе мець сэнсу трымаць яго ў турме. Таму калі мы будзем пра ягоныя думкі казаць, калі яны будуць жывыя і нават больш жывыя, чым да таго, як яго пасадзілі, то гэта можа зробіць бессэнсоўным ягонае перабыванне за кратамі.

Так, напрыклад, яшчэ да зняволення Уладзімір вельмі выразна фармуляваў тэзісы пра будучы рэферэндум, які цяпер усё бліжэй. Ён адкрыта называў яго злачынствам і казаў, што яго трэба сарваць. Так, сарваць, зрабіць нядзейсным можна рознымі спосабамі: не пайсці ўвогуле ці зрабіць тое, да чаго заклікаюць цяпер аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, сапсаваць бюлетэні. Аднак галоўнае тут, чаго хацеў Уладзімір, каб мы як мага больш выразна прамовілі, што гэты рэферэндум – злачынства, што гэта нелегітымная рэч. На жаль, не вельмі добра зразумелі тое, што спрабаваў данесці Уладзімір: калі мы хочам зрабіць нешта нелегітымным, мы не павінны ўлучацца ў гульню, у тым ліку ў рытарычную. Мы не павінны былі пачынаць абмяркоўваць пунктаў новай Канстытуцыі, а выставіць сваю павестку. Сваю праграму дзеянняў, якая будзе арганізоўваць нашыя мысленне і дзеянні ў адным кірунку. На гэта трэба скіраваць галоўныя сілы, а не на рэакцыю. Гэтага хацеў бы і Уладзімір нават там, за кратамі.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў