Ад вайсковага прызыву да добраахвотніцтва і наадварот: як і чаму гэта рабілі розныя краіны


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, паводле якога ў краіне з 2024 года будзе адменены прызыў на тэрміновую вайсковую службу. Таксама колькасць Узброеных сілаў Украіны плануюць павялічыць на 100 тысячаў чалавек цягам найбліжэйшых трох гадоў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Якім чынам у розных сітуацыях і ўмовах рабілі гэта іншыя вялікія ды малыя краіны? Сабралі некалькі прыкладаў з гісторыі.

Дамовімся пра сэнс словаў

Калі мы кажам аб прызыўным войску ці добраахвотным, мы кажам толькі аб прынцыпе набору людзей, а не пра баяздольнасць войска. Баяздольнасць войска вызначаецца найперш матывацыяй жаўнераў, інтэнсіўнасцю рыхтавання, наяўнасцю сучаснай тэхнікі ды адэкватнасцю ваеннай дактрыны. Прынцып набору тут не мае нейкага вызначальнага значэння.

Ролік пра войска Украіны. Крыніца: Ukrainian military TV

Пры гэтым усе існыя прызыўныя арміі развітых краінаў камплектуюцца паводле змешанай сістэмы: афіцэры, спецыялісты, у тым ліку вялікая частка найбольш баяздольных падраздзяленняў, служаць добраахвотна і прафесійна. Асобы, пакліканыя па прызыве, атрымліваюць тое рыхтаванне і спецыяльнасці, якімі яны здольныя авалодаць за абмежаваны час сваёй службы.

Украінскі выпадак

Цяжка сказаць, якімі канкрэтна вайсковымі ды эканамічнымі разлікамі кіруецца Уладзімір Зяленскі ў сваім рашэнні. Звычайна краіны, якія вядуць вайну ці якім пагражае эскалацыя ўжо існага канфлікту, калі і мяняюць прынцып камплектавання войска, то ў бок увядзення прызыву, а не наадварот.

Адзначым толькі, што «адмена прызыву» была ў абяцаннях амаль кожнага ўкраінскага прэзідэнта, як мінімум з сярэдзіны 2000-х гадоў. Гэтак, яшчэ ў 2005-м Віктар Юшчанка рабіў захады ў пераходзе войска на добраахвотны прынцып камплектавання з 2010 года. Віктар Януковіч у 2013-м падпісаў загад пра «апошні прызыў» у войска: «У нас болей прызываў не будзе… Пойдуць сёлета апошнія, і больш не будзем прызываць».

У 2014-м Расея захапіла ўкраінскі Крым і пачалася вайна на Данбасе, таму прызыў адразу вярнулі. Аднак ужо ў 2016-м прэзідэнт Пятро Парашэнка заявіў пра планы зноў прызыў адмяніць.

Брытанія: 1916-ы і гэтак далей

Абʼяднанае Каралеўства традыцыйна мела цалкам добраахвотніцкае войска, але традыцыя перарвалася ў 1916 годзе. У гэты вельмі цяжкі год Першай сусветнай вайны аказалася, што добраахвотнікаў, гатовых ісці ў брудныя траншэі ды гінуць тысячамі ў атаках, ужо малавата. Таму першы раз за сотні гадоў брытанцы ўвялі прызыў. І з прызыўным войскам перамаглі ў вайне.

Рэкламны ролік брытанскага войска. Крыніца: British Army

Адмена прызыву адбылася пасля заканчэння вайны, у 1920 годзе. Пры гэтым з палітычных прычынаў яе ніколі не праводзілі ў Ірландыі, якая тады цалкам належала брытанцам.

Ізноў увялі прызыў у Брытаніі ў чаканні Другой сусветнай вайны – увесну 1939 года – і адмянілі фактычна толькі ў 1960-м. За гэты час брытанцы паспелі ўзяць удзел у шмат якіх канфліктах часу халоднай вайны.

Францыя: прызыў як права грамадзяніна

Прызыўныя арміі – гэта ў Еўропе пераважна прадукт ХІХ стагоддзя, спадчына эпохі ўздыму капіталізму і нацыяналізму. Рэвалюцыйная Францыя адмяніла падзел на саслоўі і вызнала сваёй мэтаю роўнасць паміж усімі грамадзянамі. Калі ў Сярэднявеччы менавіта шляхта была вайсковым саслоўем, а астатнія павінны былі яе забяспечваць у абмен на абарону, то цяпер кожны грамадзянін рабіўся ваяром.

«Кожны француз – жаўнер і павінен браць удзел у абароне нацыі», – адзначалася ў законе, які ўводзіў усеагульны прызыў. Нацыяналізм як дэмакратычная ідэя палітычнай еднасці правоў і абавязкаў усіх грамадзянаў незалежна ад паходжання стаў крыніцаю прызыву.

Рэкламны ролік Усеагульнай нацыянальнай службы. Крыніца: Урад Францыі

Такім чынам у Францыі вайсковы прызыў існаваў у розных формах каля 200 гадоў і быў адменены толькі ў 2001-м, калі здавалася, што ўсе канфлікты ў Еўропе надзейна скончаныя. Аднак дасюль моладзь павінна рэгістравацца, каб дзяржава магла ў выпадку патрэбы паклікаць іх на службу.

Акрамя таго, у 2021 годзе прэзідэнт Макрон увёў для моладзі мілітарызаваную Усеагульную нацыянальную службу, якая з 2026-га, як плануюць, стане абавязковаю для ўсіх. Часткова гэта тэарэтычныя заняткі (напрыклад, гісторыя), але таксама медычнае рыхтаванне, падрыхтоўка да дзеянняў падчас тэракту. Іншая частка УНС – гэта праца на карысць грамадства ў складзе некамерцыйнай арганізацыі, войска, паліцыі ці пажарнікаў.

ЗША: зашмат прызыўнікоў

ЗША ў сэнсе трансфармацыі сістэмы камплектавання шмат у чым нагадвае брытанцаў. Там прызыў таксама ўводзілі толькі ў сувязі з войнамі: Вайною за незалежнасць, Грамадзянскаю вайною, Першаю сусветнаю, Другою сусветнаю, войнамі ў Карэі і Вʼетнаме.

Шмат хто лічыць, што Амерыка перайшла на цалкам добраахвотніцкі прынцып камплектавання войска з прычыны непапулярнай Вʼетнамскай вайны. Аднак гэта міф. Яшчэ ў 1963 годзе, калі страты амерыканскіх войск былі мінімальнымі, а перамога антыкамуністычных сілаў у Вʼетнаме лічылася абсалютна рэальнаю, прэзідэнт Ліндан Джонсан абвесціў, што ведамства ў справе абароны будзе вывучаць магчымасць рэфармаваць сістэму камплектавання.

Рэкламны ролік амерыканскага войска, 2011 год

Рэч у тым, што ў ЗША самі вайскоўцы ставілі пытанне пра адмену прызыву. Пакаленне «бэбі-буму» было завялікім. Столькі людзей амерыканскім Узброеным сілам было не патрэбна. У выніку прызыў у амерыканскую армію перастаў быць усеагульным і таму страціў легітымнасць у вачах грамадства.

Цалкам прызыў адмянілі ў 1973 годзе, аднак заканадаўства краіны дазваляе хутка вярнуць яго, калі здарыцца сурʼёзны крызіс, і моладзь павінна рэгістравацца якраз на такі выпадак.

Цэнтральная Еўропа пасля 2014 года

У выніку расейскай агрэсіі супраць Украіны ўпершыню за шмат гадоў вайсковыя бюджэты ў краінах Усходняй і Паўночнай Еўропы, што недалёка ад Расеі, пачалі імкліва расці. Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Швецыя адчулі беспасярэднюю пагрозу для сябе.

Акрамя павелічэння выдаткаў на войска, краіны, якія адмянялі прызыў, сталі яго вяртаць ці сурʼёзна задумаліся пра вяртанне да гэтай практыкі.

Эстонія прызыву так і не адмяняла (за прызыў у войска выступаюць да 90 % насельніцтва). Не адмяняла прызыву і Фінляндыя.

Літоўскі жаўнер.
Фота: Nuotrauka I. Budzeikaitės / karys.lt

Латвія плануе ўвесці вайсковае рыхтаванне ў школах, у тым ліку вайсковыя летнікі для моладзі. Акрамя таго, учора прэмʼер краіны не выключыў увядзення і прызыву.

Традыцыйна нейтральная Швецыя мела прызыў больш за 100 гадоў, аднак адмяніла яго ў 2010-м. У 2017-м прызыў быў адноўлены – і для хлопцаў, і для дзяўчат.

Вярнула прызыў (толькі для хлопцаў) і Літва – у 2015 годзе.

АБ belsat.eu

Стужка навінаў