Журналістаў незалежных СМІ другі раз не пусцілі на суд экс-кіраўніка магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку»

З раніцы ў раскладзе суда Кастрычніцкага раёну Магілёва адсутнічала судовае паседжанне Сяргея Кармызава. Як толькі яно з’явілася, журналісты накіраваліся ў залу, але яна ўжо была занятая. Каля 10 чалавек сядзелі ў зале за 40 хвілінаў да пачатку паседжання.

Міліцыянт Кірыл Матвеенка забараніў журналістам уваходзіць у залу на падставе эпідэмічнай сітуацыі. Суд на забарону журналістам прысутнічаць на адкрытым судовым працэсе ніяк не адрэагаваў. Суддзя Жана Пушкіна зачынілася ад журналістаў у сваім кабінеце і прамаўчала на запыт «даставіць крэслы».

Cуд над экс-кіраўніком магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» Cяргеем Кармызавым Фота: Вольга Васільева/belsat.eu

Гэта ўжо другі раз, калі прадстаўнікоў незалежных медыяў не пускаюць на судовы працэс над Сяргеем Кармызавым. Першы раз месцы ў зале занялі дзяржаўныя журналісты, цяпер жа ў зале сядзелі звычайныя людзі. Прычым невядома, калі яны прыйшлі і як: праз галоўны ўваход такая вялікая група людзей, паводле журналістаў, не праходзіла. Звычайна слухачоў не пускаюць у залу так рана, але гэтым разам яна была занятая за 40 хвілінаў да пачатку працэсу.

Сяргея Кармызава вінавацяць у выдачы крэдыту на падстаўную асобу з атрыманнем грашовага ўзнагароджання. Яго затрымалі 12 чэрвеня 2020 года, мужчына ўваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.

Сёння ў Вярхоўным Судзе пачалося папярэдняе паседжанне ў справе топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных медыяў таксама не здолелі туды трапіць нібыта праз эпідэмічныя захады.

TUT.BY: журналістаў незалежных беларускіх медыяў не пусцяць на папярэдняе паседжанне па справе «Белгазпрамбанку»

Вольга Васільева/ЯП, belsat.eu

Hавiны