За «кактэйль Молатава» на два гады калоніі асудзілі трэнера па плаванні з Баранавічаў


У Баранавічах на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі Аляксея Паведайла. Ён – трэнер-выкладчык па плаванні ў мясцовай спартыўнай школе.

Аляксея прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэксу – «Незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў». Да суда ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Пасля агучвання прысуду яго ўзялі пад варту, – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

 

Па абвінавачванні, Аляксей Паведайла вырабіў, захоўваў і перавозіў у аўтамабілі «Audi A6» гаручае рэчыва, з якім яго затрымалі 11 жніўня ў Баранавічах. Машыну тады спыніў патруль ДАІ, іх увагу прыцягнула балаклава ў багажніку. Аляксея затрымалі і на наступны дзень знайшлі гаручаю сумесь. Сумесь адправілі на экспертызу, дзе выявілі, што яе склад блізкі да складу «кактэйлю Молатава».

Мужчына прызнаў, што перавозіў і захоўваў гэтую сумесь, але адмаўляе яе выраб. Таксама ён казаў на судзе, што захоўваў і выкарыстоўваў яе для асабістых бытавых патрэбаў. Выкарыстоўваць яе ў якасці «кактэйлю Молатава» ён не збіраўся.

У Аляксея двое маленькіх дзяцей – 2018 і 2020 года нараджэння. У сваім апошнім слове мужчына сказаў:

«Я годны грамадзянін Беларусі, у мяне дзве вышэйшыя адукацыі, у мяне каля 100 вучняў, якія за мяне перажываюць, добрая характарыстыка з войска (снайпер-разведчык) – я атрымаў званне лейтэнанта запасу, і камандзіры прасілі застацца па кантракце. Я люблю сям’ю, люблю сваіх дзяцей, і калі суд угледзіць маю віну, то прашу не пазбаўляць волі».

Але суд прызначыў Аляксею два гады калоніі, як таго прасіў пракурор.

Першапачаткова мужчыну падазравалі па арт. 339 КК («Хуліганства») – нібыта ён здзейсніў пашкоджанні «табакерак» у горадзе, аднак у выніку справа не была ўзбуджаная, бо не было знойдзена доказаў яго дачынення да гэтага.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў