Тры гады калоніі за гвалт над міліцыянтам прысудзілі жыхару Гомля. У СІЗА ён можа аслепнуць


У Гомлі 4 лютага суд Цэнтральнага раёну вынес прысуд 24-гадоваму Аляксею Губічу. Яго прызналі вінаватым і пакаралі пазбаўленнем волі на тры гады. Паводле суду, Губіч дзейнічаў «з помсты за выкананне службовых абавязкаў». Таксама ён павінен выплаціць 300 рублёў кампенсацыі пацярпеламу, – піша Радыё «Свабода».

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але прычыны гэтага не патлумачылі.

Аляксей Губіч знаходзіцца ў СІЗА з 20 кастрычніка.

Паводле першапачатковай версіі следства, на акцыі пратэсту 20 верасня Аляксей штурхнуў міліцыянта ў сіняй камізэльцы і з гукаўзмацняльнікам.

«На мірным маршы была штурханінаю. Яго спачатку затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкулу, потым пачалі крымінальную справу. Магчыма, Аляксея затрымалі таму, што ён быў са сцягам на акцыі – палічылі актывістам», – расказала маці Аляксея.

Аляксей Губіч у залі суда.
Фота: Радыё «Свабода»

Спачатку яго абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам РАУС. «Падчас акцыі той упаў, і вінаватым вырашылі зрабіць сына, – распавядае маці. – Мы пыталіся ў следчага: «Вы ж разумееце, што наш сын не рабіў гэтага?» Ён сказаў: «Я вас разумею, але я чалавек паднявольны, у мяне ёсць два сведкі, гэтага дастаткова».

Сваякі Аляксея кінулі кліч у сацыяльных сетках, каб людзі прыслалі здымкі з маршу. І дзякуючы гэтаму яны даказалі, што супрацоўнік міліцыі ўпаў сам, і хлопец яго не чапаў. Пасля гэтага абвінавачанне знялі.

Але праз два месяцы з’явіўся новы пацярпелы – супрацоўнік АМАПу.

«Нібыта Аляксей яго ўдарыў! У якасці доказу было відэа, на якім відаць, што нага Аляксея паднятая ў паветра. Гэта ўсё. Больш ніякіх доказаў няма, апроч паказанняў амапаўца, які ў судзе выступаў пад прозвішчам Іваноў і быў у балаклаве. Суд зрабілі закрытым – я так думаю, каб схаваць гэтае беззаконне», – дадала маці.

Маці Аляксея Губіча.
Фота: Радыё «Свабода»

Маці Аляксея Губіча вельмі перажывае за сына: у яго рэдкае захворванне вачэй – кератаконус. Калі не зрабіць у час аперацыю, хвароба прывядзе да слепаты. Аперацыю планавалі зрабіць мінулай восенню.

«Але цяпер ён у турме. І без лячэння проста аслепне», – зазначыла яна.

Маці расказала, што Аляксей мае вышэйшую адукацыю, быў інжынерам, займаўся музыкай. Да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

АД, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў