Сёння адбудзецца папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Віктара Бабарыкі на ім не будзе


4 лютага ў Вярхоўным Судзе адбудзецца папярэдняе паседжанне ў «справе «Белгазпрамбанку». Віктар Бабарыка ўдзелу ў ім не возьме.

На сённяшнім паседжанні будуць толькі тыя шасцёра падвіноўных, якія падпісалі дасудовае пагадненне аб супрацы: Кірыл Бадзей, Сяргея Дабралёт, Аляксандр Ільясюк, Віктар Кабяк, Дзмітрый Кузьміч і Сяргей Шабан.

Белгазпромбанк.
Фота: ІА / Белсат

Незалежныя беларускія медыі на паседжанне не трапяць. Вярхоўны Суд на сваім сайце анансаваў захады ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй. У прыватнасці, гаворка пра абмежаванне месцаў. Нібыта праз гэта на паседжанне не пусцяць журналістаў БелаПАНу, газетаў «Белорусы и рынок» і беларускай «Комсомольской правды», а таксама Onliner.by, напісаў TUT.by. «Медиазона» дадае, што адмову атрымаў і часопіс «Office Life». Затое трапяць на суд прадстаўнікі расейскіх СМІ: агенцтвы «РИА Новости», ТАСС, а таксама «Sputnik» у Беларусі.

Hавiны
TUT.BY: журналістаў незалежных беларускіх медыяў не пусцяць на папярэдняе паседжанне па справе «Белгазпрамбанку»
2021.02.03 20:06

«Лялькаводаў расейскіх вы пабачыце. Таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё пройдзе галосна – і вы ўсё пабачыце», – абяцаў летась старшыня КДБ Іван Церцель.

 

Паводле Юрыя Васкрасенскага, падобнымі абяцанкамі адзначыўся і Аляксандр Лукашэнка, які заявіў: «Хто што прысвойваў, будзе відаць на адкрытым судзе».

Сваякі падвіноўных спадзяюцца на міласэрнасць Лукашэнкі: яны звярнуліся да яго з лістом як да гаранта Канстытуцыі. Прапанаваў такі крок Юрый Васкрасенскі. Сваякі просяць Лукашэнку вызваліць вязняў ад крымінальнай адказнасці згодна з артыкулам 88 Крымінальнага кодэксу («Дзейнае раскаянне»).

Hавiны
Сваякі фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» звярнуліся да Лукашэнкі. Яны просяць вызваліць абвінавачаных ад адказнасці
2021.02.03 21:53

Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года. Экс-банкіра вінавацяць у хабарніцтве і «адмыванні» грошай. Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці».

На момант арышту Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем. Ён адзіны падазраваны ў справе, хто не вызнае сябе вінаватым.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў