«Працаваць у дзяржаўным апараце стала таксічна». Як, каго і куды прызначаў Лукашэнка летась

Лукашэнка на нарадзе. Фота president.gov.by

2020-ы стаўся годам масавых ператасовак у дзяржаўным кіраўніцтве. Людзей, як падавалася, хаатычна перакідвалі з пасады на пасаду. Адною з прычынаў гэтага можа быць кадравы дэфіцыт ва ўмовах палітычнага крызісу. «Белсат» прасачыў за гэтымі мітуслівымі рухамі: каго і куды летась накіроўвалі.

Як адбываліся змены

Агулам Аляксандр Лукашэнка летась правёў дзве буйныя змены ва ўрадзе: 4 чэрвеня змяніў кіраўніцтва ўраду разам з прэм’ер-міністрам, а таксама шэрагу ведамстваў. Пасля выбараў, 19 жніўня, перапрызначыў урад, а 3 верасня зноў пачаў яго ператасоўваць. Кадравыя змены трываюць дасюль.

З 37 міністраў і старшыняў дзяржаўных камітэтаў, якія ўваходзяць у склад Савету міністраў, больш за палову (20 чалавек) былі прызначаныя менавіта ў 2020 годзе. Яшчэ адно міністэрства (МНС) пазбавілася свайго кіраўніка ў 2021-м.

Рэкардсмены ў перабыванні на пасадах міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі (з 2011 года), міністр замежных справаў Уладзімір Макей (з 2012 года) і старшыня Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналогіяў Аляксандр Шумілін (з 2013 года).

Міністры і старшыні дзяржаўных камітэтаў. Колерам вылучаныя тыя, хто заняў пасаду ў 2020 і 2021 гадах.

Савет бяспекі: 4 кіраўнікі за год

У некаторых ведамстваў і органаў дзяржаўнага кіравання за мінулы год змяняліся адразу некалькі кіраўнікоў.

Рэкардсменам стаў Савет бяспекі. Да 3 студзеня 2020-га яго ўзначальваў Станіслаў Зась, які затым стаў генеральным сакратаром АДКБ. 20 студзеня яму на замену прыйшоў цяпер ужо былы міністр абароны Андрэй Раўкоў. Але ўжо 3 верасня таго змяніў Валерый Вакульчык, звольнены з пасады старшыні КДБ. 29 кастрычніка яго перавялі інспектарам у Берасцейскую вобласць, а Савет бяспекі зноў застаўся без кіраўніка.

26 студзеня 2021 года яго ўзначаліў Аляксандр Вальфовіч, які на мінулай сваёй пасадзе – начальніка Генеральнага штабу – прабыў толькі год.

Увогуле мітусня – адна з характарыстык кадравай палітыкі 2020-2021 гадоў. Гэтак, згаданы Андрэй Раўкоў за гэты час паспеў пабыць міністрам абароны, старшынём Савету бяспекі і ўрэшце стаць паслом у Азербайджане.

Тры пасады, як бачым, меў і Валерый Вакульчык.

Іван Тэртэль да 4 чэрвеня быў намеснікам старшыні Камітэту дзяржбяспекі, затым няпоўныя тры месяцы ўзначальваў Камітэт дзяржкантролю і 3 верасня вярнуўся ў родны КДБ на пасаду старшыні.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў 30 студзеня 2020 года быў прызначаны паслом у Кітай, а ўжо 4 чэрвеня – першым віцэ-прэм’ерам.

Шмат якія пасады ў выніку перастановак доўгі час заставаліся вакантнымі. Напрыклад, дасюль застаюцца без кіраўніка згаданыя Генштаб і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Савет Міністраў і адміністрацыя Лукашэнкі

Адною з найбольш знакавых зменаў 2020 года зрабілася замена напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ліберала і банкіра Сяргея Румаса на сілавіка, былога пасла ў Эміратах Рамана Галоўчанку. Таксама летась былі змененыя тры з чатырох віцэ-прэм’ераў: на пасады заступілі Мікалай Снапкоў, які кароткі час паспеў пабыць амбасадарам у Кітаі, былы старшыня канцэрну «Белляспаперпрам» Юрый Назараў, былы міністр ЕЭК Аляксандр Субоцін і былы кіраўнік Менску Анатоль Сівак.

Лукашэнка адправіў у адстаўку ўрад Сяргея Румаса

Кіраваць апаратам Савету Міністраў быў прызначаны таксама сілавік і былы дыпламат у Маскве Канстанцін Бурак.

Былога ж першага віцэ-прэм’ера Дзмітрыя Крутога 4 чэрвеня перавялі ў адміністрацыю Лукашэнкі – на пасаду, якую за чатыры месяцы да таго (30 студзеня) заняў Валерый Бельскі. Апошняму другі раз за год далі новую пасаду – памочніка прэзідэнта, адказнага за эканоміку і банкі.

Перастаноўкі сярод сілавікоў

Найбольш маштабныя перастаноўкі закранулі сілавыя ведамствы і органы. Пачынаючы з 2020 года, змянілася кіраўніцтва Савету бяспекі, Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў, камітэтаў дзяржаўнага кантролю, дзяржаўнай бяспекі, дзяржаўнага вайскова-прамысловага і дзяржаўнага мытнага камітэтаў, Генеральнай пракуратуры.

Без міністра засталося МНС: 27 студзеня 2021 года падаў у адстаўку Уладзімір Вашчанка, які быў на пасадзе са снежня 2010-га.

Апроч уласна кіраўнікоў, змены адбываліся і ўнутры ведамстваў. Гэтак, у Міністэрстве абароны мянялася кіраўніцтва Генеральнага штабу, начальнікі баявога кіравання, тэрытарыяльнай абароны, выведкі, Заходняга аператыўнага камандавання УС і гэтак далей. Генерал-маёр Руслан Касыгін, напрыклад, паспеў пабыць першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, 21 лютага – узначаліць упраўленне тэрытарыяльнай абароны і стаць намеснікам начальніка Генштабу, а 7 ліпеня ён жа стаў начальнікам галоўнага выведнага ўпраўлення – намеснікам начальніка Генштабу.

З 26 студзеня 2021 года пасада начальніка Генштабу застаецца вакантнаю.

У КДБ за год змяніліся старшыня (цяпер гэта Іван Тэртэль), першы намеснік старшыні (Сяргей Церабаў), намеснік старшыні (Дзмітрый Равуцкі), начальнікі ўпраўлення па Менску і Гомельшчыне. Цікава, што на сайце ведамства згадваецца толькі старшыня.

У Беларусі – новы міністр унутраных спраў. Юрыя Караева адправілі ў адстаўку

У Міністэрстве ўнутраных справаў міністра Юрыя Караева, які ўзначаліў ведамства толькі ўлетку 2019 года, змяніў кіраўнік ГУУС Менскага гарвыканкаму Іван Кубракоў. Замест Кубракова ў Менск перавялі начальніка УУС Віцебшчыны Міхаіла Грыба, а ў Віцебск на замену апошняму паслалі начальніка крымінальнай міліцыі Менску Андрэя Любімава.

Таксама ў 2020 годзе прызначылі двух з чатырох намеснікаў кіраўніка МУС: 25 лютага – Генадзя Казакевіча, а 19 лістапада – кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова. Яшчэ два намеснікі міністра (Юрый Назаранка і Сяргей Хаменка) былі прызначаныя незадоўга перад гэтым, у кастрычніку – снежні 2019 года. Сёлета ж у Назаранкі забралі камандаванне ўнутранымі войскамі ды аддалі іх Карпянкову, які, як выявілася, не супраць забіваць «лішніх людзей».

Генеральную пракуратуру ўзначаліў вядомы з расследавання тэракту 2011 года Андрэй Швед, КДК – Васіль Герасімаў, а Мытны камітэт – Уладзімір Арлоўскі.

З Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту ў прэм’ерскае крэсла забралі Рамана Галоўчанку, а замест яго прызначылі Дзмітрыя Пантуса.

Кадравыя перастаноўкі таксама закранулі Следчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў, змяніліся кіраўнікі сярэдняга звяна і ў пералічаных вышэй ведамстваў.

Міжнародныя стасункі

У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка часта мяняў і дыпламатаў. Часцяком імі станавіліся людзі без адпаведнага досведу, звольненыя з іншых высокіх пасадаў. Гэтак, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў 30 студзеня 2020 года быў прызначаны амбасадарам у Кітай (4 чэрвеня яго вярнулі ў Менск). 19 лістапада туды ж быў пасланы былы кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрый Сянько.

Былога віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна паслалі ў Малдову, міністра фінансаў Максіма Ермаловіча – у Вялікую Брытанію ды Ірландыю, генпракурора Аляксандра Канюка – у Арменію, старшыню Савету бяспекі Андрэя Раўкова – у Азербайджан, а міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна – у Казахстан.

Кіраўнік дэпартаменту МЗС, які апублікаваў фота з пратэстаў, сышоў у адстаўку

Былі прызначаныя таксама новыя амбасадары ў Аўстрыі, Венесуэле, Кеніі, Нідэрландах, Пакістане, Славеніі, Танзаніі, Угандзе, Швейцарыі ды Эфіопіі, а таксама пры шэрагу міжнародных арганізацыяў.

Упершыню за 12 гадоў прызначылі амбасадара Беларусі ў ЗША. Ім стаў намеснік міністра замежных справаў Алег Краўчанка. Праўда, у ЗША ён так і не трапіў: памёр праз каронавірус у Менску.

Пры гэтым з МЗС сышлі ці былі звольненыя шматлікія работнікі, якія падтрымалі пратэсты. Сярод тых, хто страціў пасаду, – амбасадар у Славаччыне Ігар Ляшчэня, амбасадар у Латвіі Васіль Марковіч і амбасадар у Аргентыне (а таксама Перу, Уругваі ды Парагваі) Уладзімір Астапенка. Пасады паслоў вакантныя.

Эканамічны блок

Моцна змяніліся кадры і ў эканамічным блоку. Гэтак, сёлета былі прызначаныя новы міністр эканомікі (і тры з пяці намеснікаў), міністр фінансаў (і тры з чатырох намеснікаў), міністр прамысловасці (і два з чатырох намеснікаў), міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, міністр архітэктуры і будаўніцтва, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З шасці новых міністраў палова мае аграрную адукацыю як першасную.

Апроч таго, з 2020 года – новае кіраўніцтва ў Дзяржаўным камітэце маёмасці (старшыня і два намеснікі). Таксама істотныя кадравыя змены адбыліся ў найвышэйшым кіраўніцтве Нацыянальнага банку, Нацыянальнага статыстычнага камітэту, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.

Змяніў Лукашэнка і кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў ды канцэрнаў. Сярод іх – Менскі завод колавых цягачоў, «Атлант», «Белмедтэхніка», «Белшына», канцэрн «Белляспаперпрам», «Магілёўліфтмаш», БелАЗ, «Нафтан». Адным з апошніх стаў рэвалюцыйны «Горадня Азот», куды 26 студзеня 2021 года наводзіць парадак паслалі былога віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнку.

Сацыяльная сфера

У сацыяльнай галіне найбольш істотна змянілася кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя, якое падчас пандэміі каронавіруса і пратэстаў медыкаў супраць гвалту зрабілася адным з ключавых у Беларусі. Гэтак, новым міністрам стаўся Дзмітрый Піневіч, які змяніў на гэтай пасадзе скіраванага ўтаймоўваць Горадню Уладзіміра Караніка. Таксама змяніліся тры з чатырох намеснікаў міністра, а першаю намесніцаю прызначылі Алену Богдан, вядомую здольнасцю ігнараваць пытанні журналістаў.

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Гарадзенскай вобласці

Змяніліся таксама міністр культуры і адказны за справы рэлігіяў: імі сталіся Анатоль Маркевіч і Аляксандр Румак адпаведна. Ні да культуры, ні да рэлігіяў яны да таго не мелі ніякага дачынення.

Дырэктара дзяржаўнага каналу СТВ Ігара Луцкага прызначылі міністрам інфармацыі. Замест яго больш як праз паўгода кіраваць каналам прызначылі Кірыла Казакова. А намесніка Луцкага ўжо па Міністэрстве інфармацыі Паўла Лёгкага паслалі дарадцам беларускай амбасады ў Маскву.

У кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Лукашэнка новых людзей не прызначаў, але моцна змяніў рэктараў беларускіх ВНУ. Змяніліся рэктары ў васьмі ўніверсітэтах, у сямі з іх – у адказ на пратэставыя акцыі студэнтаў.

Гэтак, 30 студзеня 2020 года з’явіўся новы рэктар у Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту, а ўвосень – рэктараў змянілі ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Беларускім, Гомельскім і Гарадзенскім дзяржаўных медычных універсітэтах, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. У некаторых ВНУ з’явіліся пасады прарэктараў у справе бяспекі.

Змены таксама закранулі Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства прыроды і навакольнага асяроддзя, Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі.

Кіраванне ў рэгіёнах

У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка моцна змяняў і мясцовыя ўлады Беларусі. Гэтак, былі змененыя старшыні ў 22 раёнах Беларусі – кожным пятым. Таксама змянялася кіраўніцтва шэрагу раёнаў Берасця, Віцебску, Менску. Часта новапрызначаныя раённыя начальнікі не мелі ніякага дачынення да раёнаў, якія ім перадавалі ў кіраванне.

Раёны і гарады Беларусі, у якіх змянілася кіраўніцтва ў 2020 і 2021 гадах

Пасля выбараў былі змененыя і кіраўнікі дзвюх вобласцяў: Гарадзеншчынаю паслалі кіраваць міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, Берасцейшчынаю – інспектара па Гомельшчыне Юрыя Шулейку, нарадзінца Гарадзеншчыны. Таксама змяніўся і кіраўнік Менску: ім стаў віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў.

А вось Віцебск урэшце застаўся без кіраўніка: 29 студзеня 2021 года сышоў у адстаўку Вадзім Заранкін, які прабыў на пасадзе роўна год – з 30 студзеня 2020-га. Двух ягоных сыноў затрымалі і судзілі падчас акцыяў пратэсту ў Менску.

Важным фактарам сталася прызначэнне былых сілавікоў памочнікамі Лукашэнкі ў пратэставых рэгіёнах. Гэтак, 29 кастрычніка былы старшыня КДБ Валерый Вакульчык стаў інспектарам на Берасцейшчыне, былы кіраўнік МУС Юрый Караеў – на Гарадзеншчыне, а ягоны намеснік Аляксандр Барсукоў – у Менску.

Кадравая мітусня не абышла і гэтай сферы: 16 сакавіка інспектарам на Магілёўшчыне стаў Аляксандр Субоцін – былы міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі. 4 чэрвеня ён стаў віцэ-прэм’ерам, а 20 кастрычніка замест яго ў Магілёў з Бярозаўскага раёну на Берасцейшчыне прыслалі Леаніда Мартынюка.

«З кадрамі ў Лукашэнкі праблема»

Аляксандр Класкоўскі, скрыншот «Белсату»

У каментары «Белсату» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначыў кадравую праблему ў дзейнага кіраўніцтва Беларусі:

«З кадрамі ў Лукашэнкі праблема. Яна і раней была. А пасля гарачых леташніх падзеяў яна асабліва абвастрылася. Працаваць у дзяржаўным апараце стала не тое што непрэстыжна, а таксічна. Быць у вертыкалі Лукашэнкі, а тым болей у атачэнні Лукашэнкі – гэта нават з гледзішча простых жыццёвых перспектываў, калі гэта не стары чыноўнік, можа быць не вельмі дальнабачна. Пасля леташніх падзеяў, я думаю, многія людзі ў наменклатуры адчулі, што гістарычны час рэжыму Лукашэнкі сыходзіць. Так, ён цяпер закруціў гайкі, мае пэўны рэсурс, каб яшчэ пратрымацца год, два, тры, але ж на гэтым жыццё не скончыцца, і трэба думаць пра далейшую кар’еру. А цяпер дзяржаўныя структуры, як мы бачым, уцягнутыя ў маштабныя расправы з іншадумцамі, з тымі, хто засвяціўся падчас пратэстаў».

На думку эксперта, не ўсе кіраўнікі «ў захапленні ад таго, што іхнымі рукамі выкідаюць людзей з прадпрыемстваў, арганізацыяў і ладзяць такога кшталту рэпрэсіі».

«Я думаю, што цяпер і колькасць тых, хто рвецца заняць вакантныя пасады зменшылася, і якасць, напэўна, не тая. Людзі, якія разумнейшыя, болей дальнабачныя, у якіх застаецца нейкае маральнае пачуццё, напэўна, стараюцца ў такі крызісны перыяд не засвечвацца ў вертыкалі Лукашэнкі, не ісці на гэтыя пасады, а адседзецца, дачакацца нейкай пэўнасці, нейкага далейшага развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

Таксама, паводле аглядальніка, «цяпер, калі дзяржава і грамадства апынуліся ў такім крызісе, любая праца ў вертыкалі страшэнна няўдзячная».

«Зразумела, што няма ніякіх светлых перспектываў ні ў эканоміцы, ні ў іншых сферах. І ведаючы звычку Лукашэнкі заўжды вешаць віну на выканаўцаў, я думаю, многія разумеюць, што за ўсе правалы, за непазбежнае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне будуць шукаць стрэлачнікаў, і ім будзе трапляць на арэхі па поўнай праграме. Думаю, гэты чыста прагматычны чыннік таксама шмат каго можа стрымліваць, каб рвацца рабіць кар’еру цяпер на такой, напэўна, фінальнай стадыі дэградацыі і павольнага паступовага разбурэння сістэмы Лукашэнкі», – заключыў аналітык.

МГ, belsat.eu

Hавiны