На УНС запрасілі Кастусёва, Калякіна і Улаховіча. Раней стала вядома пра Чэрачня і Барысава


Спіс лідараў партыяў, якіх запрасілі на УНС.
Фота: тэлеграм-канал УНС

Тэлеграм-канал Усебеларускага народнага сходу апублікаваў спіс партыйных дзеячаў, якіх запрасілі на УНС у якасці гасцей.

Як ужо было вядома, у ім прысутнічаюць былы кандыдат на прэзідэнта Сяргей Чэрачэнь і кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў. Ці прынялі яны гэтую прапанову, пакуль невядома.

Hавiны
Чэрачня і Барысава запрасілі на УНС гасцямі. Права голасу ім не дадуць
2021.02.03 18:10

У спісе таксама старшыня Партыі БНФ і былы кандыдат на прэзідэнцкую пасаду Рыгор Кастусёў. Запросяць і кіраўніка партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, які некалькі разоў спрабаваў стаць кандыдатам на прэзідэнта, аднак не збіраў дастатковай колькасці подпісаў.

Ёсць і прадстаўнікі праўладных рухаў. Старшыня рады Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч адрозніваецца прарасейскімі поглядамі і браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Беларуская сацыяльна-спартовая партыя (Уладзімір Александровіч), Рэспубліканская партыя (Уладзімір Белазор) і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды (Сяргей Ярмак) – таксама з ліку праўладных, аднак у верасні яны падпісаліся за спыненне гвалту і новыя выбары.

У адрозненне ад дэлегатаў, госці не маюць права голасу на сходзе. Ніхто з апазіцыйных дзеячаў пакуль не выказваў намеру трапіць на імпрэзу.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў