Менскі прадпрымальнік спрабаваў спыніць машыну ДАІ на пратэстах. Яму далі тры гады калоніі

У судзе Заводскага раёну Менску разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні Івана Канявегі – індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара канцэртавага агенцтва «Horse&Vega». Яго судзілі праз падзеі ў сталіцы ў ноч на 10 жніўня 2020 года. Суддзя Кацярына Мурашка пастанавіла пакараць мужчыну трыма гадамі зняволення.

Івана Канявегу вінавацілі ў злачынствах паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні міліцыянтаў»), ч. 1 арт. 218 КК («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»). Мужчына не вызнаў сябе вінаватым. Канявега прызнаў толькі тое, што ў ноч на 10 жніўня браў удзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве.

Паводле абвінавачання, уначы 10 жніўня, з 00:40 да 00:45 Іван Канявега выйшаў на праезную частку на скрыжаванні вуліцаў Багдановіча, Янкі Купалы і Старажоўскай, што прывяло да парушэння працы транспарту. Сваймі дзеяннямі мужчына перашкаджаў дзейнасці органаў правапарадку, з ягонага боку зыходзіла пагроза ўжывання да іх гвалту. Таксама ён нанёс не менш за два ўдары рукамі па задняй арцы ды шыбе службовага аўтамабіля ДАІ. У гэты час Іван Канявега быў цвярозы.

На судзе мужчына сказаў, што сапраўды спрабаваў спыніць аўта ДАІ, бо баяўся, што яно на вялікай хуткасці заедзе ў натоўп людзей на дарозе. Ён два разы ўдарыў рукою па машыне ззаду злева для прыцягнення ўвагі працаўнікоў ДАІ. На машыне засталіся адбіткі пальцаў Канявегі, паводле якіх пазней яго і ідэнтыфікавалі.

Паказанні таксама давалі інспектары ДАІ Раманоўскі і Раткевіч, якія заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды памерам 500 і 400 рублёў. Канявега з імі пагадзіўся. Грошы пацярпелыя плануюць пералічыць дзіцячаму дому.

ЯП, belsat.eu

 

Hавiны