Менчукам далі па годзе «хатняй хіміі» за спалены дзяржаўны сцяг


Суд Першамайскага раёну сталіцы 4 лютага вынес прысуд у крымінальнай справе супраць маладых менчукоў Ангеліны Бібік і Мацвея Копача, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Спалены дзяржаўны сцяг каштаваў ім года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову папраўчага тыпу.

Паводле версіі абвінавачання, летась 7 лістапада маладзёны ўначы сарвалі разам з флагштокам дзяржаўны сцяг на вуліцы Куйбышава. Затым сталі таптаць яго нагамі, пляваць на яго, а на завяршэнне падпалілі з дапамогаю гаручай вадкасці. Гэтыя дзеянні здымаліся на мабільныя тэлефоны. Была нанесеная матэрыяльная шкода ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы. Абвінавачаныя выплацілі яе па 39 рублёў 78 капеек кожны.

У хадзе судовага следства пракурор Худаешка прапанаваў выключыць з абвінавачання артыкул пра хуліганства, здзейсненае групай асобаў, і пакінуць толькі здзек з дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК РБ). Урэшце ён запатрабаваў для Ангеліны Бібік і Мацвея Копача па адным годзе абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Суддзя Таццяна Ліннік ягоную пазіцыю падтрымала.

Неўзабаве абвінавачаныя маюць стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, дзе ім будуць прызначаныя абмежаванні ў выкананні пакарання.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў