Колькі рэальна будзе каштаваць новабудоўля-паўфабрыкат

Самыя вялікія аб’ёмы продажаў на першасным рынку зараз – у Менск Свеце ў Дана Холдынгз. Забудоўшчык прапануе не толькі дамы, якія пабудуюць у аддаленай перспектыве, але і магчымасць купіць кватэру ва ўжо здадзеных дамах, – чытай, не зусім ката ў мяшку.

Галоўны козыр Даны – цана. Яна тут, на першы погляд, ніжэйшая, чым у 99% праектаў на пачатковай стадыі будаўніцтва. Ну ў якога яшчэ забудоўшчыка можна купіць гатовую 66-метровую евракватэру з трох пакояў па 1050 долараў за квадратны метр? Ды яшчэ, калі не хапае грошай на куплю, – у беспрацэнтную растэрміноўку?

Д’ябал, як заўсёды, хаваецца ў дэталях. Разгледзім на прыкладзе гэтай кватэры ў “Менск Свеце”.

Планіроўка тут свабодная, перагародак няма. Візуалізацыя падказвае, што на 66,6 метрах можна мець зручную кухню-гасцёўню, спальню, дзіцячы пакой, асобны санвузел (10-метровая ванная – мара гаспадыні), і нават прасторны, паўнавартасны гардеробны пакой. Планіроўка сапраўды аптымальная для сям’і з дзіцём і маладой сям’і, якая плануе дзяцей.

Перад купляй можна вызначыцца з якасцю сцен, якія аддзяляюць вас ад вуліцы і суседзяў, ўстаноўкі вокнаў і палюбавацца на адзіную выдзеленую (сцяной у дзве-тры цагліны) зону санвузла. Абазнаныя знаёмыя, якія пабудаваліся дзесяць гадоў таму ў праблемным доме, раскажуць, што “і добра, што без тынкоўкі і разводкі, не трэба перарабляць вушакі за аддзелачнікаў забудоўшчыка і штробіць сцены для пераносу разетак”. І хоць цяпер большасць забудоўшчыкаў робяць амаль ідэальнае чарнавое аздабленне, вас досвед знаёмых будзе грэць. Пакуль не распачнеце працы ў сваім “паўфабрыкаце”.

Падрыхтоўка да чыставога аздаблення абыдзецца ў 200 долараў за квадратны метр

Вы здзівіцеся, колькі каштуюць будаўнічыя сумесі, электрыка, трубы для сантэхпрыбораў, праца і расходнікі. І сэканоміць не атрымаецца, вы выдаткуеце не менш за 200 долараў за кожны квадрат. Нікому яшчэ не ўдавалася зрабіць чарнавое аздабленне танней, хіба што ўладальнік і яго радня самі і электрыкі, і сантэхнікі і высакакласныя тынкоўшчыкі. На 66,6 метраў прыйдзецца выдаткаваць яшчэ як мінімум 13 тысяч долараў.

Увогуле, метр абыдзецца не ў 1050, а ў 1250 – што не танней за сярэдні кошт на рынку жылля.

Чыставое аздабленне кватэры – ад 7 тысяч да бясконцасці

Самы танны варыянт – беларуская плітка, украінскія шпалеры, ламінат з распродажы, нацяжныя столі па зніжцы, дзверы – з чужых новабудоўляў, усе працы – самастойна. Усё астатняе – будзе даражэйшым.

Рамонт “для сябе і надоўга”, з фарбаванымі роўнымі столямі, нямецкім ламінатам, якаснымі дзвярыма, – ужо ад 150 долараў за квадратны метр, ад 10 тысяч долараў. І да бясконцасці, калі хочацца дызайнерскіх знаходак. А яшчэ большасці трэба будзе купіць убудаваную тэхніку для кухні, ды і саму кухню хочацца прыстойную – і гэта яшчэ 3-5 тысяч долараў.

Гэта значыць тое, што вы купілі за 69 тысяч долараў, да засялення выцягне з вас як мінімум яшчэ 20 тысяч долараў. А можа і больш за 30.

Неграшовыя страты – больш за паўгода

Звычайна будаўнікі абяцаюць, што скончаць чарнавое аздабленне за два месяцы. Але аб прыкладах, калі яны ўклаліся ў 8 тыдняў, мне асабіста не вядома. Хто набыў кватэру-паўфабрыкат, распавядаюць, што ў іх чарнавыя працы занялі 4 месяцы. І чыставыя яшчэ 2-4 месяца (тут тэрмін расцягваецца таму, што даводзіцца чакаць то патрэбную плітку, то дзверы, то кухню і т .д.). Нават не спрабуйце зразумець, чаму, проста настройвайцеся: з моманту набыцця кватэры да паўнавартаснага заканчэння работ пройдзе больш за паўгода. І гэта пры ўмове, што ў вас не будзе перабояў з фінансаваннем работ і пастаўкай матэрыялаў.

Яшчэ адна страта – метры

Пасля ўзвядзення ўнутраных перагародак і атынкоўкі ўсяго, што належыць абтынкаваць, кватэра страціць у аб’ёме. Прычым у разгляданым варыянце – каля трох квадратных метраў, якія вы забудоўшчыку ўжо аплацілі. У гэтым мінус ўсіх кватэр з “вольнай планіроўкай”. У вельмі прасторных перагародкі з’ядаюць і па 8 квадратных метраў.

У разгляданым прыкладзе выйдзе не 66,6 квадратнага метра, а каля 63. І кожны з гэтых квадратных метраў да засялення абыдзецца ўжо ў 1410-1500 долараў.

А калі кватэра ў растэрміноўку?

Нямала людзей лічыць, што растэрміноўка – добрая прапанова. У Дана Холдынгз растэрміноўка ў еўра. Калі вы атрымліваеце даходы ў беларускіх рублях, браць растэрміноўку, прывязаную да валюты, вельмі і вельмі адважнае рашэнне. Пагрозу дэвальвацыі ніхто не адмяняў (ускосна яе пацвярджае нават Беларусбанк, які запусціў іпатэку пад 21% гадавых, і тое, што сама Дана вырашыла абмежаваць растэрміноўку – цяпер яна на 5 гадоў і істотна павялічвае цану квадратнага метра).

Паводле дамовы кватэра вам не належыць да поўнага пагашэння доўгу. Вы ў ёй – усяго толькі арандатар. За пратэрміноўкі выплат узносаў прадугледжаны штрафы. Пры рэзкім зніжэнні даходаў у вас у арэндзе апынецца яшчэ непрыдатны для пражывання паўфабрыкат. Штомесячныя выплаты па растэрміноўцы што растуць у рублёвым выражэнні, будуць адымаць тое, што магло б пайсці на рамонт. Аб гэтай рызыцы варта падумаць загадзя – на першы погляд самая танная кватэра на рынку можа апынуцца самай дарагой.

Наталля Літоўская/АА belsat.eu

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў