Ініцыятыва былых і дзейных сілавікоў «ByPol» апублікавала ліст, аўтар якога – кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў.
Ліст Кубракоў накіраваў у Дзяржаўны сакратарыят Савету бяспекі. Міністр просіць разабрацца з судамі Менскай вобласці, якія караюць пратэстоўцаў найчасцей штрафамі. Гэтак, менскія суды 1 лістапада адправілі на содні 66 затрыманых, а аштрафавалі ўсяго 5. У той жа час у вобласці – 83 штрафы і толькі адзін арышт, адзначае Кубракоў.
«Гэткая практыка, на думку ГУУС Менскага гарвыканкаму, вядзе да фармавання пачуцця беспакаранасці і не спрыяе зніжэнню пратэставай актыўнасці», – мяркуе кіраўнік МУС.
Гэтую ініцыятыву, адзначае «ByPol», падтрымаў і генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. На думку арганізацыі, гэта парушае артыкул 110 Канстытуцыі («Незалежнасць суддзяў і недапушчальнасць умяшання ў іхную дзейнасць»).
Летась значную частку затрыманых падчас пратэставых акцыяў адвозілі ў Жодзінскі ІЧУ. Там іхныя справы разглядалі суды розных раёнаў Менскай вобласці. Большасць пратэстоўцаў пасля выходзіла са штрафамі.
Дададзена: У МУС парталу Onliner.by адказалі, што апублікаваны «ByPol» дакумент – фэйк: «Па-першае, міністр унутраных справаў не можа выказваць пазіцыі аднаго толькі ГУУС, а па-другое, пытанні следчых дзеянняў ды іх аператыўнасці ніяк не ўваходзяць у кампетэнцыю органаў унутраных справаў. Ну і па-трэцяе, каб выключыць сумневы, мы ўдакладнілі ў канцылярыі МУС. Чакана, у адпраўленай карэспандэнцыі такі ліст не значыцца».
ЯП, belsat.eu