Затрыманне сябраў Дзмітрыя Усхопава і новае кіраўніцтва Опернага тэатру. Галоўнае за 4 студзеня

Супрацьстаянне паміж уладамі і грамадствам Беларусі працягваецца ўжо 512 дзён. «Белсат» распавядае асноўныя падзеі аўторка, 4 студзеня.

Сябраў загінулага Дзмітрыя Усхопава затрымалі па «наркатычным» артыкуле

Сёння стала вядома пра затрыманне як мінімум чатырох блізкіх сяброў Дзмітрыя Усхопава. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снабкоў ды Ілля Бракарэнка. У іх нібыта знайшлі марыхуану. «У выніку правядзення санкцыянаваных ператрусаў у гаражы і па месцы жыхарства 27-гадовага і 28-гадовага гараджан знойдзена каля кілаграма марыхуаны. Гатовы наркотык захоўваўся ў пакетах і розных ёмістасцях», – паведамілі ў СК.

У Казахстане працягваюцца пратэсты супраць павышэння коштаў на газ

Трэці дзень запар у Казахстане працягваюцца пратэсты праз рэзкі рост цэнаў на газ. Сёння пратэсты перакінуліся з заходніх абласцей амаль на ўсе рэгіёны краіны (акрамя паўночных, блізкіх да Расеі). Масавыя акцыі пратэсту праходзяць у Нур-Султане, Алматы, Карагандзе, Шымкенце, Таразе, Кызылардзе, Талдыкаргане.

Людзі пайшлі на адкрытыя сутычкі з сілавікамі. Многіх брутальна затрымліваюць, ужываюць светлашумавыя гранаты. Па краіне глушаць інтэрнэт, недаступны мэсэнджары.

У Оперным тэатры Беларусі новы генеральны дырэктар

У Оперным тэатры другі раз за год змяніўся генеральны дырэктар. Пасаду заняла былая рэктарка Акадэміі музыкі Кацярына Дулава. Яна ўваходзіць у Канстытуцыйную камісію, а ў 2016–2019 гадах была чальцом Савету Рэспублікі.

Папярэдні дырэктар Вячаслаў Гарбузоў, які з 2002 да 2009 года працаваў у БРСМ, а пасля ў Берасцейскім аблвыканкаме, быў прызначаны на сваю пасаду 12 траўня 2021 года і не пабыў у ролі дырэктара нават года.

Сайт Саюзу палякаў у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім»

Інфармацыйную прадукцыю Znadniemna.pl – сайту зліквідаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі – прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс і сябра арганізацыі, журналіст Анджэй Пачобут з сакавіка 2021 года застаюцца за кратамі.

Сяргей Цяцерын: Ад асабістага трэнера Аляксандра Лукашэнкі да буйнога бізнесоўцы

Вядучы бізнес-аналітык EPAM стаў фігурантам крымінальнай справы

Супрацоўніка EPAM Дзяніса Насура затрымалі 9 снежня і арыштавалі на 13 содняў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а пасля затрымалі яшчэ на 10 содняў паводле падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Дзянісу выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і пакінулі пал вартай на два месяцы.

Лукашэнка заявіў, што трэба дапамагчы сілавікам з жыллём

«Абсалютным прыярытэтам» у жыллёвым будаўніцтве для дзяржавы будзе дапамога шматдзетным сем’ям і людзям у пагонах. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады аб развіцці будаўнічай галіны.

«Лукашэнка штучна стварыў праблему, ён яе штучна можа і вырашыць». Былыя дыпламаты пра міграцыйны крызіс

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны