У Казахстане працягваюцца пратэсты, у некаторых рэгіёнах уведзенае надзвычайнае становішча

У Казахстане трэці дзень не сціхаюць пратэсты, выкліканыя рэзкім павышэннем цэнаў на звадкаваны газ, у два разы. Пратэсты пачаліся 2 студзеня ў Жангаўэзене, іх падтрымалі найбліжэйшыя населеныя пункты.

4 студзеня ўрадавая камісія прыняла рашэнне аб зніжэнні цаны на газ, аднак толькі ў Мангыстаўскай вобласці, што выклікала масавыя пратэсты па ўсёй краіне. Увечары людзі выйшлі на пратэсты ўжо з палітычнымі патрабаваннямі. Яны патрабуюць не толькі зніжэння коштаў, але і адхілення ад улады Нурсултана Назарбаева і ягоных прыспешнікаў.

Масавыя акцыі пратэсту праходзяць у Нур-Султане, Алматы, Карагандзе, Шымкенце, Таразе, Кызылардзе, Талдыкаргане.

Масавыя акцыі пратэсту ў Казахстане 4 студзеня 2022 года. Інфаграфіка: svezhesti / Telegram

Ва ўсёй краіне адключылі мабільную сувязь, не працуюць Telegram, WhatsApp і Signal.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на фоне шматлікіх пратэстаў звярнуўся да мітынгоўцаў з заявай, у якой заклікаў іх «не прытрымлівацца правакацыяў».

Між тым на плошчах краіны ў мінусавую тэмпературу сабраліся тысячы пратэстоўцаў. Вялікая актыўнасць сярод пратэстоўцаў заўважаная ў Алматы. Там адбыліся сутычкі з сілавікамі, якія пачалі ўжываць супраць пратэстоўцаў святлошумавыя гранаты.

У Алматы пры спробе мітынгоўцаў трапіць у будынак мясцовай адміністрацыі сілавікі прымянілі сілу. У горадзе згарэла не менш за чатыры паліцэйскія аўтамабілі, адна машына выбухнула.

Пратэсты ў Алматы ў ноч з 4 на 5 студзеня 2022 года. Фота: newsnurkz / Telegram

У Нур-Султане сілавікі жорстка разганяюць пратэстоўцаў. Да сілавікоў далучаюцца вайскоўцы, сцягваецца тэхніка.

Вайскоўцы выгружаюцца ў Алматы. Фота: ztb_qaz / telegram

На плошчы ў Алматы мітынгоўцы збілі супрацоўніка паліцыі, паведамляе агенцтва Sputnik Казахстан. Таксама, згодна з паведамленняхмі Zakon.kz, пратэстоўцы спрабуюць граміць вітрыны крамаў і рэстаранаў. Паведамляецца як мінімум аб адной разбітай вітрыне.

Пратэсты ў Алматы ў ноч з 4 на 5 студзеня 2022 года. Фота: newsnurkz / Telegram
Пратэсты ў Алматы ў ноч з 4 на 5 студзеня 2022 года. Фота: newsnurkz / Telegram

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на фоне масавых пратэстаў у краіне ўвёў рэжым надзвычайнага становішча ў Мангыстаўскай вобласці і Алматы, які працягнецца з 1:30 5 студзеня да поўначы 19 студзеня. У Алматы на перыяд дзеяння надзвычайнага становішча ўведзеная каменданцкая гадзіна з 23:00 да 7:00, горад закрыты на ўезд і выезд.

Таксама забароненыя мірныя сходы і страйкі, уведзеная праверка дакументаў, рэчаў і транспарту, дзейнічае забарона на продаж зброі, боепрыпасаў і канфіскацыя яе ў грамадзянаў.

У Алматы а 4-й раніцы ішлі сутыкненні, затрыманні і беспарадкі. Пратэсты працягваюцца і ў іншых гарадах.

Крыніцы выдання Zakon.kz паведамілі, што прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў раніцай плануе аб’явіць аб адстаўцы ўраду.

У Казахстане пратэстоўцы дабіліся зніжэння цаны на газ, аднак не паўсюль. Пратэсты працягваюцца

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны