Сябраў загінулага Дзмітрыя Усхопава затрымалі паводле «наркатычнага» артыкулу

У Следчым камітэце пацвердзілі, што сябры загінулага ў навагоднюю ноч Дзмітрыя Усхопава былі затрыманыя паводле «наркатычнага» артыкулу. У іх нібыта знайшлі марыхуану.

Раней следчыя заяўлялі, што ў крыві забітага жыхара Рэчыцы выявілі смяротную дозу алкаголю і наркотыкі, і што згодна з папярэднімі высновамі судова-медычных экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару.

Загінулы Дзмітрый Усхопаў, жыхар Рэчыцы. Фота: palesse.press

Сёння стала вядома пра затрыманне як мінімум чатырох блізкіх сяброў Дзмітрыя Усхопава. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снабкоў і Ілля Бракарэнка.

У Следчым камітэце паведамілі, што ў выніку правядзення санкцыянаваных ператрусаў у гаражы і па месцы жыхарства 27-гадовага і 28-гадовага гараджанаў знойдзена каля 1 кілаграма марыхуаны. Гатовы наркотык захоўваўся ў пакетах і розных ёмістасцях».

«Супрацоўнікі міліцыі супольна са следчымі ўстанавілі дачыненне знаёмых памерлага да незаконнага абарачэння наркотыкаў», – заявілі ў СК.

Нагадаем, 27-гадовы жыхар Рэчыцы Дзмітрый Усхопаў быў затрыманы 31 снежня ў 23:10 на аўтобусным прыпынку. Праз некаторы час міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой раённага шпіталю ў стане клінічнай смерці. Сваякі ўскладаюць адказнасць за ягоную гібель на міліцыю, яны лічаць, што ў будынку РАУС іхнага блізкага збівалі.

Сёння ў Рэчыцы мела адбыцца пахаванне Дзмітрыя.

Юрыст пра справу Дзмітрыя Усхопава: «Узяты курс на поўную абарону прадстаўнікоў праваахоўных органаў»

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны