«Лукашэнка штучна стварыў праблему, ён яе штучна можа і вырашыць». Былыя дыпламаты пра міграцыйны крызіс


Нашыя суразмоўцы, былыя супрацоўнікі МЗС Беларусі, прыходзяць ды высновы, што міграцыйны крызіс быў створаны штучна ў інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі, які пераследаваў адразу некалькі мэтаў.

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Павел Слюнкін, былы дыпламат

– У Лукашэнкі было тры асноўныя мэты. Першая – гэта прымусіць Еўрапейскі Звяз кантактаваць з Лукашэнкам, вырашаць пытанні непасрэдна з ім. І ў гэтым у яго, у прынцыпе, атрымалася дамагчыся свайго. Ён атрымаў званок ад Ангелы Мэркель. Часткова гэтая мэта была дасягнутая. Другая задача, якую ён ставіў перад сабой, – гэта пераключэнне парадку дня на тэму міграцыйнага крызісу, то бок на штучна створаную праблему. Калі раней на парадку дня былі пытанні новых выбараў, вызвалення палітычных зняволеных, спынення рэпрэсіяў, то цяпер у Еўропе абмяркоўваюць міграцыйны крызіс. Ён штучна стварыў гэтую праблему, ён яе штучна можа і вырашыць. І трэці пункт – гэта паспрабаваць паўплываць на санкцыі. Трэба вярнуцца трохі назад і ўспомніць, калі ён анансаваў гэты міграцыйны крызіс. Ён яго анансаваў пасля таго, як Еўрапейскі Звяз агучыў, што чацвёрты пакет санкцыяў будзе ўведзены супраць беларускіх уладаў. Лукашэнка адразу выступіў са сваёй заявай аб тым, што перастане ахоўваць мяжу. Практычна з таго моманту пагроза пачала рэалізоўвацца. Мігранты паехалі, самалёты з Іраку паляцелі па 5 разоў на тыдзень. І беларускія афіцыйныя прадстаўнікі органаў ім дапамагалі праходзіць беларускую частку мяжы і мінаць нелегальна мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

– Ёсць меркаванне, што міграцыйны крызіс адбываецца або з маўклівай згоды Масквы, або нават з нейкага ціхага ўхвалення. Якія тут ёсць выгады для Пуціна?

– Я прапаноўваю зірнуць на гэтую сітуацыю вачыма Уладзіміра Пуціна. Яшчэ зусім нядаўна яго і прадстаўнікоў ягонай улады абвінавачвалі ў нападах супраць Еўрапейскага Звязу, супраць NATO, у спецаперацыях, у кібератаках. Казалі пра тое, што Расея – дэстабілізатар сітуацыі ў рэгіёне, што яна правакуе сутыкненні. Пасля міграцыйнага крызісу яму тэлефануе канцлер Германіі і просіць пра што? Пра тое, каб краіна, якая робіць вось гэтыя правакацыі, паспрыяла Еўрапейскаму Звязу ў запэўніванні бяспекі межаў. Мне здаецца, для Уладзіміра Пуціна гэта максімальна прыемна. Яшчэ нядаўна цябе абвінавачваюць у тым, што ты ствараеш, дэстабілізуеш абстаноўку на межах, а цяпер цябе просяць, наадварот, прынесці гэтую стабільнасць туды. Бо сам Еўрапейскі Звяз не ў стане справіцца з чалавекам, якога яны называюць нелегітымным. Прычым на ўласных межах. І мне здаецца, гэта галоўны плюс, які атрымаў Пуцін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на памежны пропуску «Брузгі – Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч мігрантаў падышлі да беларуска-польскай мяжы і разбілі там намётавы лагер, некаторыя з іх спрабавалі перайсці мяжу, зламаўшы плот з калючага дроту. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / TASS / Forum

Павал Мацукевіч, былы дыпламат

– Я не думаю, што беларускі рэжым з жніўня 2020 года можа дазволіць сабе самастойную замежную палітыку. Трэба разумець, што гэта ж не проста мяжа Беларусі і Польшчы ці мяжа Беларусі і Літвы. Гэта мяжа Саюзнай дзяржавы, якой Расея надае вельмі вялікае значэнне, у якую расейскі бок вельмі моцна ўкладваецца. Мы бачым, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы за апошні год значна актывізаваліся. І асабліва прасунулася вайсковая супраца. Таму зыходзячы з таго, што гаворка ідзе аб праблемнай сітуацыі на мяжы Саюзнай дзяржавы, Расея не можа быць збоку. У яе вельмі выгадная пазіцыя, калі рукамі Лукашэнкі Расея можа прамацаць уразлівыя месцы ў непасрэдных суседзяў Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым агулам заставацца як бы назіральнікам.

Hавiны
«План Б – шукаць іншы шлях у Еўразвяз». Што далей будзе з мігрантамі ў Брузгах?
2021.11.26 13:37

Любая крызісная сітуацыя – гэта падстава або магчымасць праверыць суперніка. Я думаю, што міграцыйны крызіс дае Расеі магчымасць паглядзець на рэакцыю блоку NATO на сітуацыю, якая развіваецца ў краінах – чальцах NATO. На салідарнасць, на адзінства. Ва Уладзіміра Пуціна вялікая мапа, і на гэтай мапе – шмат выклікаў. Магчыма, гэты крызіс выкарыстоўваецца Расеяй у тым ліку для адцягнення ўвагі, скажам так, ад сітуацыі ў Чорным моры або ад вектару стасункаў паміж Расеяй і Украінай, дзе сітуацыя як мінімум напружаная.

– А як вы ставіцеся да званкоў Ангелы Мэркель? Гэта было неабходна?

– Шчыра кажучы, я стаўлюся станоўча. Я чакаў і спадзяваўся, што кантакты адбудуцца. Лукашэнка спарадзіў гэты крызіс, ён у стане яго вычарпаць. Сітуацыя залежыць цалкам ад яго, і атрымлівалася так, што Еўропа ўцягнулася ў навязаную ім жа гульню. Чым хутчэй міграцыйны крызіс будзе пераадолены, тым лепш. А адзіны і эфектыўны спосаб вырашыць міграцыйны крызіс, як паказвае і міжнародны досвед, – гэта дамовіцца. Дасягнуць кампрамісу. Як толькі краіны і службы адновяць супрацу, інцыдэнт будзе цалкам вычарпаны. Я рады, што Ангела Мэркель узяла на сябе такую адказнасць. Гэта сапраўды вельмі вялікая адказнасць. Яна трапіла пад агонь крытыкаў. Калі кантакты Ангелы Мэркель дазволяць закрыць міграцыйную праблему, гэта будзе Беларусі на карысць.

***

З канца траўня тысячы мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу трапілі ў ЕЗ праз мяжу з Беларуссю. Хоць рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмаўляе сваю датычнасць да міграцыйнага крызісу, доказы і сведчанні мігрантаў пацвярджаюць, што да яго арганізацыі мае дачыненне афіцыйны Менск. На думку ўладаў Польшчы, Літвы і Латвіі, гэта помста за санкцыі Захаду, гібрыдная атака, скіраваная на аслабленне адзінства ЕЗ.

Паводле крыніцаў украінскай і амерыканскай выведкі, Расея стварыла магутную вайсковую сілу ў памежных з Украінай рэгіёнах, і ў пачатку новага года можа адбыцца маштабнае ўварванне. Паколькі Менск застаецца найбліжэйшым саюзнікам Масквы і эканамічна ад яе залежыць, Кіеў баіцца канфлікту і на мяжы з Беларуссю. Адной з яе формаў можа стаць масавы прыток нелегальных мігрантаў.

Hавiны
Украіна не выключае, што міграцыйная плынь з Беларусі можа павярнуцца ў яе бок
2022.01.02 13:23

Чытайце таксама:

АМ belsat.eu

Стужка навінаў