Легенда і тытан беларушчыны. Беларусь развітваецца з Адамам Мальдзісам


Беларусь развітваецца з выбітным літаратуразнаўцам, гісторыкам, пісьменнікам і журналістам Адамам Мальдзісам. «Белсат» смуткуе з прычыны гэтай страты і згадвае веліч асобы Адама Восіпавіча, якога часам ставяць у адзін шэраг з Васілём Быкавым і Вацлавам Ластоўскім і называюць Калумбам беларускай гісторыі і культуры.

Развітанне з Адамам Мальдзісам, які памёр на 90-м годзе жыцця, пачнецца 5 студзеня ў Чырвоным касцёле ў Менску аб 11:00. Пахаванне пройдзе на могілках вёскі Задворнікі Астравецкага раёну ў той самы дзень.

«Адам Мальдзіс – легенда. Усё жыццё ён прысвяціў таму, каштоўнасць чаго мільёны беларусаў адкрылі для сябе ў 2020-м, – гістарычнай памяці нашай нацыі. Ён працаваў, каб паказаць: беларуская культура вельмі багатая і мае вельмі глыбокія карані», – гаворыцца ў спачуванні Святланы Ціханоўскай.

Hавiны
Памёр літаратуразнаўца Адам Мальдзіс
2022.01.03 20:45

Навуковец і грамадскі дзеяч

Адам Мальдзіс нарадзіўся ў сялянскай сям’і 7 жніўня 1932 года ў вёсцы Расолы, што ў сённяшнім Астравецкім раёне – за пяць-шэсць кіламетраў ад сучаснай беларуска-літоўскай мяжы. У 1956 годзе ў Менску ён скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ і пачаў працу сакратаром радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча».

Але маладога спецыяліста вабіла навука, і ў 1962 годзе ён сышоў працаваць у Інстытут літаратуры Акадэміі навук БССР, на кафедру беларускай дакастрычніцкай літаратуры. У 1986 годзе Адам Мальдзіс абараніў доктарскую дысертацыю.

Не заставаўся Адам Мальдзіс і ўбаку ад грамадскай дзейнасці. Сябар Саюзу пісьменнікаў СССР, ён у 1989 годзе стаяў ля вытокаў ліквідаванага летась Беларускага ПЭН-цэнтру.

Адам Мальдзіс.
Фота: Алесь Суша / Facebook

У 1990 як чалец дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 45-й сесіі ААН. А ў Ватыкане разам з навуковымі дэлегацыямі Літвы, Польшчы і Украіны абмяркоўваў мірныя шляхі развязання дыскусійных гістарычна-культурных пытанняў. У тым ліку на сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ адзначыў важнасць касцельнага жыцця ў Беларусі.

Сярод ягоных грамадскіх дасягненняў таксама пасады старшыні камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры, дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, прэзідэнта і ганаровага старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кіраўніка аддзелу культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Адам Мальдзіс на сустрэчы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ.
Фота: Алег Хаменка / Facebook

«Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы. Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, «камень», тытан сучаснага беларускага Адраджэння», – піша намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша і дадае:

«Ён фармаваў светапогляд беларусаў. Шмат у чым менавіта ён ствараў Беларусь, якою яна ёсць».

Першапраходнік

У сваёй навуковай дзейнасці Адам Мальдзіс даследаваў перадусім гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVI–XIX стст. Ужо ў ягонай кнізе 1966 года «Творчае пабрацімства» пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі было мноства новых фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах, мноства свежых думак, арыгінальных даследчыцкіх назіранняў.

У 1970 годзе Адам Мальдзіс знайшоў у Польшчы ў бібліятэцы Курніцкай (Польшча) рукапіс верша на гутарковай беларускай мове, напісаны апошнім канцлерам ВКЛ Яўхімам Храптовічам дзесьці ў 1750-я гады. Там жа былі і іншыя вершы таго часу на беларускай мове.

Адам Мальдзіс таксама вывучаў традыцыі Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя, мемуарную літаратуру XVIII стагоддзя, творчасць і дзейнасць Францішка Скарыны, родную Астравеччыну. Разам з літоўскай даследчыцай Алмай Лапінскіене ў манаграфіі «Перазовы сяброўскіх галасоў» упершыню паказаў літаратурнае ўзаемадзеянне беларускага і літоўскага народаў ад старажытнасці да нашага часу.

Агляд падзеяў культуры
«Калумбу беларускай гісторыі» Адаму Мальдзісу – 85
2017.08.07 22:09

Апроч навуковых працаў генію Адама Мальдзіса належыць і шэраг мастацкіх твораў. Напрыклад, гістарычная аповесць «Восень пасярод вясны» пра Кастуся Каліноўскага.

Акрамя ўсяго, Адам Мальдзіс правёў шэраг даследаванняў дзеля пошуку гістарычных рэліквіяў, якія былі вывезеныя з Беларусі за мяжу ў часы ліхалеццяў. У тым ліку ён шукаў крыж Еўфрасінні Полацкай і прыкладаў намаганні, каб у Беларусь вярнуўся абраз Маці Божай Юравіцкай, які сёння застаецца ў Кракаве. Спрыяў міжнароднаму ўшанаванню беларускага першадрукара Францішка Скарыны і стаяў ля вытокаў Міжнароднага аргкамітэту для ягонай кананізацыі.

Менавіта Адам Мальдзіс у 1962 годзе ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве ў беларускім уніяцкім трэбніку часоў ВКЛ адшукаў нотны рукапіс барочнай музыкі, які атрымаў назву «Полацкага сшытку».

«Для мяне гэта быў не проста даўні добры знаёмы, паважаны і шанаваны мною чалавек. Гэта была пэўная канстанта – ёсць Мальдзіс, чалавек-энцыкляпэдыя Беларушчыны. Больш такіх людзей няма», – распавядае культуролаг, пісьменнік Сяргей Харэўскі.

Сябар Караткевіча

Адам Мальдзіс быў блізкім сябрам пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, з якім доўгі час жыў па суседстве. Менавіта Мальдзіс знайшоў у архівах дзённік шляхціча Тамаша Грыневіча, які быў расстраляны ў Рагачове ў 1864 годзе за ўдзел у паўстанні. Уладзімір Караткевіч лічыў Грыневіча сваім продкам і натхняўся ім пры напісанні сваіх твораў – «Нельга забыць» і «Каласы пад сярпом тваім».

Літаратуразнаўца таксама аўтар кнігі «Жыццё і ўзыходжанне Уладзіміра Караткевіча», якая выйшла ў 1990 годзе. Дзякуючы даследаванням Адама Мальдзіса мы сёння ведаем некаторыя раней не вядомыя старонкі з рагачоўскай біяграфіі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

У першым шэрагу (злева направа): Ала Міцкевіч, Уладзімір Караткевіч. У другім шэрагу : Адам Мальдзіс, Фелікс Фарнальчык, Валянціна і Рыгор Барадуліны. У трэцім шэрагу: Крыстына Фарнальчык.
Фота: biography.wikireading.ru

Пры гэтым і Уладзімір Караткевіч дапамагаў яму з ідэямі.

«Найбольш дарагія для мяне першая кніга, напісаная «для душы», «Падарожжа ў XIX стагоддзе» і «няшлюбнае» (г. зн. мастацкае) дзіця «Восень пасярод вясны», інспіраванае Уладзімірам Караткевічам (паралельна ён меўся пісаць на тую ж тэму «Крыж Аняліна», але паспеў накідаць толькі пачатак). Найбольш удалай лічу «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», бо выношвалася яна доўга, а рэдактары ў ёй амаль нічога не змянілі. А найбольш сур’ёзнай і даўгавечнай з навуковага гледзішча – «Беларусь на скрыжаванні славянскіх традыцый», дзе разгледжаная беларуская літаратура і, шырэй, культура XVII–XVIII стагоддзяў, у перыяд іх пераходу ад адной эпохі (Сярэдневякоўе, Рэнесанс) да другой, Новага часу», – пісаў сам Адам Мальдзіс.

«З ягонай кнігі, як і з кніг Уладзіміра Караткевіча, пачынаўся і мой шлях да Беларусі», – піша ў Facebook Марына Адамовіч, жонка палітыка і палітвязня Міколы Статкевіча.

Ратавальнік архіву Геніюш

Як згадвае паэт, літаратуразнаўца Міхась Скобла, менавіта Адам Мальдзіс уратаваў архіў паэткі-антысаветчыцы Ларысы Геніюш.

«Пахавалі паэтку 9 красавіка 1983 года, а ўжо 11 красавіка ў апусцелай хаце Геніюшаў быў учынены – сіламі мясцовых уладаў – ператрус. Пратэсты Юркі Геніюша, які яшчэ не паспеў апрытомнець пасля смерці маці, не спынілі старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі «даследаваць» архіў паэткі, каб знойдзеную там (абавязкова!) антысавеччыну тэрмінова даставіць куды трэба», – піша Міхась Скобла.

Адам Мальдзіс і Ларыса Геніюш.
Фота: Міхась Скобла / Facebook

«Юрка Геніюш у роспачы патэлефанаваў у Менск Адаму Мальдзісу – на той час супрацоўніку Інстытуту літаратуры Акадэміі навук. Той звязаўся з Алесем Адамовічам, які сябраваў з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Заручыўшыся яго падтрымкай, Адамовіч з Мальдзісам імгненна арганізавалі выратавальную экспедыцыю ў Зэльву, дзе Адаму Восіпавічу давялося літаральна адваёўваць рукапісы паэткі ў местачковых «геніюшазнаўцаў». Тыя не спяшаліся пакідаць захопленую хату, тэлефанавалі райкамаўскаму начальству, тое звязвалася з Менскам… Нарэшце старшыня пассавету быў вымушаны патлумачыць сваім памочнікам: «Товарищ Мальдис – тоже исследователь, но с бóльшими, чем у нас, полномочиями».

Надвячоркам таго ж дня ад геніюшаўскага дому па вуліцы Савецкай у Зэльве ад’ехаў рафік, пад завязку наладаваны пакаўнымі мяхамі. Валюхаючыся на брукаванцы яшчэ польскіх часоў, няспешна прамінуў старыя могілкі, аўтастанцыю і схаваўся, як за брустверам, за высокай насыпной дамбай, што мелася неўзабаве запыніць хуткаплынную Зэльвянку.

На слонімскай шашы сталічную экспедыцыю як бы «выпадкова» спыніла ДАІ. Прымусіла з’ехаць з дарогі ў лес, дзе людзі ў цывільным доўга распытвалі пра характар грузу, правяралі дакументы. Паспрабавалі зазірнуць у мяхі, але яны нечакана аказаліся апячатаныя. Старэйшы па званні міліцыянт доўга круціў у руках прад’яўленае яму чырвонае пасведчанне з надпісам «Саюз пісьменнікаў СССР», размаўляў з кімсьці па рацыі. Нарэшце атрымаў каманду адпусціць затрыманых.

Так быў уратаваны архіў Ларысы Геніюш, які яшчэ пры жыцці паэткі не даваў сяму-таму спакою. Сем мяхоў з рукапісамі былі дастаўленыя ў Менск і здадзеныя ў Акадэмічную бібліятэку. Сёння Геніюшаўскі фонд 31 – адзін з самых багатых пісьменніцкіх архіваў у Беларусі. Праўда, доступ да яго з нядаўняга часу абмежаваны, што вельмі засмучала Адама Восіпавіча».

Ордэны і галеча

За сваю выбітную навуковую дзейнасць Адам Мальдзіс быў адзначаны і выбітнымі ўзнагародамі. Яшчэ ў 1980 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы». А ў 1982-м стаў заслужаным дзеячам польскай культуры.

У незалежнай Беларусі Адама Мальдзіса ўганаравалі медалём і ордэнам Францішка Скарыны. А ў 2019 годзе з нагоды стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі яму ўручылі медаль ад Рады БНР.

Павел Мацукевіч, Адам Мальдзіс і Алесь Сапега.
Фота: Павел Мацукевіч / Facebook

Але, як адзначае ў Facebook былы дыпламат і старшы даследчык «Цэнтру новых ідэй» Павел Мацукевіч, «кавалер Ордэну Францыска Скарыны Адам Іосіфавіч Мальдзіс дажываў у галечы».

«Яго калегі і сябры пішуць і шкадуюць аб гэтай страце, кажучы, што сышла эпоха – настолькі значныя працы Мальдзіса для Беларусі. Не пішуць, што эпоха сышла ў галечы. Напэўна, беднасць нацыянальнай эліты для прадстаўнікоў нацыянальнай эліты ў парадку рэчаў і пра гэта не прынята казаць услых, але хіба ў краіны па імені Беларусь ёсць іншае багацце, акрамя такіх людзей і такіх імёнаў, як Адам Мальдзіс?» – задаецца пытаннем дыпламат.

Уручэнне Адаму Мальдзісу медаля да 100-годдзя БНР.
Фота: radabnr.org

МГ belsat.eu

Стужка навінаў