Эканаміст пра новы Падатковы кодэкс: «Хто вытрымае такія стаўкі, той і застанецца працаваць»


Нацыянальны прававы партал апублікаваў новы Падатковы кодэкс, змены ў якім істотна павялічваюць падаткі для асобных групаў грамадзянаў. Эканаміст Аляксей Харкевіч у праграме «Студыя Белсат» паразважаў пра чарговыя змены для беларусаў.

Эканаміст Аляксей Харкевіч.
Фота: Палеская вясна

Паводле эканаміста, перш за ўсё ў новым кодэксе прыцягваюць увагу новыя стаўкі адзінага падатку для фізічных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія цяпер істотна ўзрастаюць. На думку Аляксея Харкевіча, такая сітуацыя ў выніку можа істотна скараціць агульную колькасць прадпрымальнікаў у краіне.

«Хто вытрымае такія стаўкі, той і застанецца працаваць. Я думаю, вытрымаюць далёка не ўсе, і вымушаныя будуць прадпрымальнікі ўзбуйняцца. Магчыма, дзеля таго змены і прыдумалі, каб прарэдзіць колькасць прадпрымальнікаў і прымусіць іх у больш буйныя арганізацыі рэгістравацца, бо аднаму такія аб’ёмы падаткаў далёка не кожнаму можна адолець. А калі ён гэта зможа адолець, мне здаецца, у тых жа падатковых органаў будзе пытанне: калі ты гатовы плаціць такія падаткі, то якія ж у цябе павінныя быць прыбыткі? Адпаведна, гэта вельмі вялікі ўдар для прадпрымальнікаў, і, я думаю, што гэты год шмат для каго стане вызначальным: працягваць ім далей працаваць ці не».

Прапісвае новы Падатковы кодэкс і адмысловыя праверкі грамадзянаў адносна розніцы паміж прыбыткамі і выдаткамі. Са словаў эканаміста, такая працэдура будзе праводзіцца аўтаматычна з дапамогаю сучасных тэхналогіяў.

Расследaванні
Сяргей Цяцерын: Ад асабістага трэнера Аляксандра Лукашэнкі да буйнога бізнесоўцы
2022.01.04 17:01

«Гэта кантроль за забяспечанымі грамадзянамі. У нас ужо не першы год з дапамогаю развіцця тэхналогіяў ёсць магчымасць счытваць, колькі траціць той ці іншы чалавек: праз ягоныя банкаўскія карткі, праз аперацыі, якія праходзяць на ягоных рахунках. Гэта можна рабіць аўтаматычна: вызначаюцца людзі, у якіх ёсць буйныя пакупкі – аўтамабілі, нерухомасць – і аўтаматам параўноўваюцца з іхнымі афіцыйнымі даходамі, якія таксама аўтаматычна атрымоўваюцца падатковымі органамі. Безумоўна, маючы ўсю гэтую інфармацыю, яе параўноўваюць і спрабуюць вызначыць людзей, у якіх выдаткі ў бягучым перыядзе значна перавысілі афіцыйныя прыбыткі».

Закрануць змены ў кодэксе і тых, хто жыве з прысядзібнай гаспадаркі ці з сезонных збораў грыбоў і ягад. Калі прыбытак гэтых людзей за год перавысіць 6400 беларускіх рублёў, то яны будуць абкладацца падаткам у памеры 10 %.

Гэта пэўная насмешка, мне так здаецца. У 21-м стагоддзі ў нас сапраўды ў Беларусі склалася такая сітуацыя, што простым зборам грыбоў і ягад, вырошчваннем ягадаў на прысядзібным участку можна зарабіць значна больш, чым каля станка. Гэта факт, які асабліва заўважны ў паўднёвых раёнах Беларусі. І гэта сапраўды даволі вялікія прыбыткі, якія, з аднаго боку, ніяк не ўлічваюцца, а з іншага боку – гэта яшчэ адна база для падаткаабкладання. Таму ў нас і вырашылі тых, хто дастаткова шмат зарабляе, цяпер абкладаць падаткам у памеры 10 %, чаго раней не было.

Поўную размову з эканамістам Аляксеем Харкевічам можна паглядзець тут:

ВК, Belsat

Стужка навінаў