У Менск прыляцеў міністр абароны Расеі. Апошні раз ён быў у Беларусі напярэдадні расейскага ўварвання ва Украіну


У Менск прыляцеў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.  Ён правёў перамовы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным, у часе якіх  яны падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай галіне.  Таксама ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў выканаць усе сумесныя дамовы і выпрацаваць разам з расейскімі вайскоўцамі  «адзіную пазіцыю аб нашых далейшых дзеяннях, дзеяннях па абароне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці».

Сяргей Шайгу. 
Фота: Прэс-служба Мінабароны РФ

Самалёт з міністрам абароны Расеі прызямліўся ў Мачулішчах пад Менскам. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Сяргей Шайгу прыляцеў на перамовы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным.

Міністры «абмяркуюць актуальныя пытанні двухбаковай ваеннай і ваенна-тэхнічнай супрацы», гаворыцца ў паведамленні агенцтва БелТА.

Папярэдні візіт Шайгу ў Беларусь адбыўся 3 лютага, напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі. Тады чыноўнік сустракаўся з Хрэніным, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведаміў Telegram-канал міністэрства абароны Беларусі, Шайгу і Хрэнін падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне між Беларуссю і Расеяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай галіне. Гэтае пагадненне было ўхваленае яшчэ ў снежні 1997 года.

У асноўным змены тычацца ўдакладнення некаторых фармулёвак, фіксуецца абмен метадычнымі дакументамі па пытаннях навучання войскаў, забеспячэння рэгіянальнай групоўкі.

Тым часам Telegram-канал «Пул первого» паведамляе, што Сяргей Шайгу прыехаў у Палац незалежнасці на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Падчас размовы Аляксандр Лукашэнка запэўніў расейскага міністра, што беларусы зробяць усё, што павінны зрабіць «па дамове адкрытай і рэальнай». «Вы ў гэтым не сумнявайцеся. Мы тут у кусты не хаваемся», – запэўніў ён. Па словах Лукашэнкі ні Беларусь, ні Расея не хацелі вайны, але да яе рыхтавалася Украіна. «Прэзідэнт Парашэнка выказаўся, навошта яму патрэбен быў Менск – вось гэтыя перамовы і гэтак далей… аказваецца, ён рыхтаваўся да вайны», – растлумачыў Лукашэнка. «Чаго тады нас вінаваціць, што тут мы ў чымсьці вінаватыя. Ну рыхтаваўся да вайны, так сёння і расхлёбываяюць гэтую сітуацыю», – канстатаваў ён.

Лукашэнка нагадаў пра нядаўнюю размову з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, падчас якой яны «вельмі доўга абмяркоўвалі сітуацыю вакол Беларусі і Расеі». Ён паведаміў, што расейскі прэзідэнт накіраваў у Менск Сяргея Шайгу, каб яны разам працягнулі гэта абмеркаванне і выпрацавалі «адзіную пазіцыю аб нашых далейшых дзеяннях, дзеяннях па абароне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці».

Сяргей Шайгу ў сваю чаргу падзякаваў за тую гасціннасць, якую Беларусь аказала расейскім вайскоўцам, «якія тут, якія разам вучацца». Беларускія вайскоўцы «робяць усё для таго, каб з’явілася большая вывучка, большае зладжванне, баявое зладжванне», упэўнены расейскі міністр. Ён паведаміў, што і міністр абароны Беларусі, і намеснік камандуючага сухапутнымі войскамі Расеі, які знаходзіцца ў нашай краіне, лічаць, беларускія і расейскія вайскоўцы настолькі дастаткова зладжаныя, што «гэта ўжо падобна на такое войска, якое можа выконваць задачы».

«Мы, я думаю, знаходзімся на тым этапе, калі нашы кантакты з маім калегам, з міністрам абароны, ну, і натуральна, па магчымасці і з вамі павінны быць больш актыўнымі і, натуральна, больш канструктыўнымі», – падсумаваў Сяргей Шайгу.

Відэа гэтых размоў  апублікаваў Telegram-канал «Пул первого».

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу і Аляксандр Лукашэнка на перамовах у Менску. 3 снежня 2022 года.
Фота: «Пул первого» / Telegram
ВІДЭА
Ці Аляксандр Лукашэнка сапраўды сабраўся на вайну?
2022.02.10 15:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў