«Цяперашнім уладам бліжэйшая веліч, звязаная са страхам». Чым у Расеі займаўся «Мемарыял» і чаму арганізацыю ліквідуюць


Ганенні на праваабаронцаў, знішчэнне НДА, суды за распаўсюд у сацыяльных сетках і затойванне імёнаў тых, хто выконваў злачынныя загады ўлады. Знаёмая цяпер для беларусаў сітуацыя. Але тое ж адбываецца і ў суседняй Расеі. «Савок» дасюль моцна трымае нашыя краіны: гэта праяўляецца ў стаўленні да савецкай гісторыі і сталінскіх рэпрэсіяў, татальным разрыве паміж уладай і грамадствам ды жаданні ўладаў закрыць рот усім, хто мае іншую думку.

Супрацоўнікі паліцыі выводзяць жанчыну з тэрыторыі Вярхоўнага суда Расеі, дзе адбываецца слуханне па хадайніцтве Генеральнай пракуратуры аб роспуску міжнароднай грамадскай арганізацыі «Мемарыял». Некамерцыйная арганізацыя абвешчана замежным агентам у Расеі. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Раскрывае праўду пра савецкую спадчыну ў Расеі міжнароднае таварыства «Мемарыял» і праваабарончы цэнтр «Мемарыял». Сёння расейскія ўлады хочуць іх зліквідаваць. Чаму яны пайшлі на такі крок? Што дэманструе стаўленне дзяржавы да тэмы рэпрэсіяў? Чаму важна назваць імёны тых, хто «проста выконваў загад», і чым небяспечная адмова ад працы з мінулым? Пра гэта мы пагаварылі са старшынём праўлення міжнароднага «Мемарыялу» Янам Рачынскім.

Атака на «Мемарыял»

Абодва «Мемарыялы» – і грамадская арганізацыя, і праваабарончы цэнтр – даўно прызнаныя ў Расеі «замежнымі агентамі». Цяпер праз гэты статус яны аказаліся на мяжы закрыцця: у Маскве ўжо пачаліся судовыя працэсы ліквідацыі ўстановаў.

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» – найстарэйшая праваабарончая арганізацыя ў Расеі. Генпракуратура хоча зліквідаваць яго, спрабуючы даказаць, што складанне цэнтрам спісу палітычных вязняў утрымлівае «прыкметы апраўдання» тэрарыстаў і экстрэмістаў. Відавочна, улады раздражнёныя дзейнасцю «Мемарыялу», асабліва складаннем спісаў палітзняволеных і выяўленнем прозвішчаў былых катаў, якія могуць аказацца сваякамі сучасных чыноўнікаў ці «чэкістаў».

Ян Рачынскі, старшыня праўлення міжнароднага таварыства «Мемарыял».
Фота: Andrei Blinushov / Facebook

На падтрыманне «Мемарыялу» і з заклікам да ўладаў Расеі не ліквідаваць гэтую арганізацыю ўжо выступілі ў Радзе Еўропы, вядомыя еўрапейскія палітыкі, амбасадары дзяржаваў Еўрапейскага Звязу ды іншыя.

«Улада імкнецца паставіць дзяржаву вышэй за ўсё»

– Пазовы Маскоўскай пракуратуры супраць праваабарончага цэнтру і Генеральнай пракуратуры супраць міжнароднага «Мемарыялу» юрыдычна бессэнсоўныя і нікчэмныя, – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Ян Рачынскі. – Парушэнні, якія яны лічаць парушэннямі, – гэта адсутнасць маркавання на некаторых матэрыялах у сацсетках: яны былі выпраўленыя яшчэ да суда. Мы даўно казалі пра супрацьпраўнасць Закону аб замежных агентах. Гэта злоўжыванне і правам, і ўладай. Пры гэтым пракуратура не выстаўляе ніякіх змястоўных прэтэнзіяў: яны не аспрэчваюць ні інфармацыі, якую мы распаўсюджваем, ні нашых дзеянняў. Прэтэнзіі толькі да маркавання, нібыта гэта можа нанесці камусьці шкоду. У той жа час карысць, якую прыносяць абедзве арганізацыі канкрэтным людзям у канкрэтных справах, вядомая і не аспрэчваецца.

Праваабарончы цэнтр вінавацяць у тым, што ён публікуе спісы палітычных вязняў. Гэта Маскоўская пракуратура лічыць падтрыманнем экстрэмісцкай дзейнасці. Відавочна варʼяцкая інтэрпрэтацыя. Нармальны суд зацікаўлены ў тым, каб рашэнні былі слушнымі. Звяртанне ўвагі на тыя ці іншыя хібы ў працэсе правасуддзя – тое, у чым мусіць быць зацікаўлены ў першую чаргу сам суд.

– У чым, на вашую думку, прычына гэтага нападу на «Мемарыял» менавіта цяпер?

– У нас з шэрагам людзей ва ўладзе розныя ўяўленні пра нашае мінулае, пра тое, як мусіць быць пабудаванае грамадства. Ёсць сурʼёзныя супярэчнасці. Пагадзіцца з трактоўкаю пакту Сталіна з Гітлерам як з трыумфам савецкай дыпламатыі мы не зможам, гэта выключана. Такую трактоўку нават камуністы баяліся высоўваць. Фундаментальнае разыходжанне ў тым, што ўлады імкнуцца паставіць дзяржаву вышэй за ўсё. У нашым уяўленні дзяржава – гэта інструмент, які абслугоўвае грамадзянаў. А ва ўяўленні шэрагу высокапастаўленых асобаў грамадзяне – гэта расходны матэрыял для будаўніцтва вялікай дзяржавы. Гэтае разыходжанне абазначылася дастаткова даўно, і чаму менавіта цяпер яны пастанавілі зрабіць такія сутаргавыя крокі для нашай ліквідацыі, цяжка сказаць.

Фота: Светлана Кульчицкая / Facebook

«Мемарыял» не зводзіцца да дзвюх арганізацыяў, ён з пачатку ствараўся як гарызантальная структура, таму, зліквідаваўшы нейкую адну арганізацыю, немагчыма знішчыць адначасова і астатнія. Нават калі пракуратура зоймецца знішчэннем усіх існых арганізацыяў, улады нікуды не дзенуць праблемы. Мы займаемся сваёй працаю не праз свой капрыз, а таму, што ёсць запыт грамадства. Гэтую працу так ці інакш неабходна зрабіць, ад гэтага нікуды не сысці.

«Каб скончыць з беспакаранасцю злачынцаў у пагонах, кола павінна быць разарванае»

– Як у Расеі, так і ў Беларусі складаныя дачыненні з гістарычнаю памяццю. Што дэманструе стаўленне ўладаў да тэмы рэпрэсіяў?

– На мой погляд, гэтае следства ўяўлення пра тое, як павінна быць уладкаваная дзяржава. У Расеі казаць пра рэпрэсіі, ахвяраў не забараняецца, і нават у вядомай ступені дзяржава падтрымлівае гэтую працу. Напрыклад, быў пастаўлены помнік «Сцяна смутку» на праспекце Сахарава ў Маскве. Але калі гаворка заходзіць пра тое, што рэпрэсіі былі следствам злачынных дзеянняў тагачаснай улады, што дзяржава была злачыннаю, то гэта ўжо не ўваходзіць у расейскую парадыгму. Невыпадкова спробы называць імёны вінаватых сутыкаюцца з выразным супрацьдзеяннем.

З дакументаў той эпохі ўтойваюцца імёны следчых і катаў. На мой погляд, першачарговыя галоўныя злачынцы – менавіта следчыя, якія фальсіфікавалі справы. Каты – гэта выканальнікі, тэхнічная функцыя. Пракуратура адмаўляецца даваць звесткі аб пракурорах, якія ўваходзілі ў склад «троек», хоць пракуроры, якія завочна выносілі смяротныя прысуды, не маглі не разумець, што яны здзяйсняюць абсалютна супрацьпраўныя дзеянні.

Юрый Дзмітрыеў (злева), гісторык і даследчык сталінскіх рэпрэсій, і Ян Рачынскі (справа), старшыня праўлення міжнароднага таварыства «Мемарыял».
Фота: Nataliya Demina / Facebook

– Навошта трэба назваць гэтыя імёны праз столькі гадоў?

– Значна важней назваць гэтыя злачынствы сваймі імёнамі, расцэньваць іх не як «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», а ўсё ж такі як «злачынствы супраць чалавечнасці». Калі пра Катынь гавораць як пра перавышэнне службовых паўнамоцтваў, гэта проста здзек. Трэба назваць гэта злачынствамі і разабрацца ў прычынах, чаму гэта стала магчымым. У нас названыя ахвяры злачынстваў, але не названыя злачынцы. Імёны вінаватых павінны быць названыя, каб было зразумела, што выкананне злачынных загадаў не вызваляе ад адказнасці. Гэта элементарна.

Але пакуль быццам новая дзяржава, Расея, хавае імёны злачынцаў, якія дзеялі ў межах савецкай дзяржаўнай палітыкі. Гэта развязвае рукі і стварае адчуванне беспакаранасці сённяшнім злачынцам у пагонах альбо без, тым, хто выконвае злачынныя загады начальства. Каб скончыць з гэтаю беспакаранасцю, кола павінна быць разарванае.

Карціна памяці павінна быць поўнаю, без замоўчвання, лакіроўкі, міфалогіі. Дэманізацыя таксама не патрэбная, але поўная карціна жахлівая сама па сабе. Каб нешта змяніць у краіне, трэба ўсвядоміць мінулае. Важна казаць пра мінулае, каб выпрацаваць разуменне, што не ўсе сродкі добрыя, што мэта не існуе па-за сродкамі яе дасягнення. Пакуль гэта не зроблена, рух наперад немагчымы.

«Негатовасць да дыскусіі з апанентамі азначае слабасць дзяржаўнай пазіцыі»

– Адкуль ва ўладаў такая любоў да савецкай мінуўшчыны?

– Гэта следства сакральнасці дзяржавы. Дзяржава не можа не мець рацыі, дзяржава павінна быць велічнаю. Веліч у нас разумеецца па-рознаму. Можна згадваць Савецкі Саюз, якога ўсе баяліся. На жаль, цяперашнім уладарам бліжэй веліч, звязаная са страхам. Гэта глыбока памылковы падыход, але пакуль ён існуе, будзе стаўка на сілавыя метады і спробы кансалідаваць грамадства вакол канцэпцыі «вялікай дзяржавы ды варожага атачэння». І хоць першыя асобы не казалі нічога хвалебнага пра Сталіна, але, калі яны пачынаюць гераізаваць гэты перыяд і адмаўляць відавочныя злачынствы, постаць Сталіна ўсплывае сама па сабе. Ад гэтага нікуды не дзенешся: калі вы ўслаўляеце тую палітыку, вы адначасова ўсё адно ўслаўляеце таго, хто быў кіраўніком у гэты час.

Фота: Andrew Rushailo-Arno / Facebook

Рэпрэсіі – гэта следства палітыкі, шмат у чым падобнай да той, якую рэалізуюць сённяшнія расейскія ўлады. У магчымасці выказвацца, палітычнай канкурэнцыі, дакладней, яе імітацыі, адрыве ўладаў ад грамадства метады кіравання ў сённяшняй Расеі дастаткова падобныя да сталінскіх, не вельмі далёка мы адышлі ад савецкага часу. Тады лічылася: улады ведаюць, што трэба рабіць, а справа грамадства – падпарадкоўвацца і ўхваляць. Гэта галоўнае, што аднаўляецца сёння, і гэтак жа яно не можа скончыцца чымсьці добрым.

Што да рэпрэсіяў, сёння яны носяць характар постсталінскіх. Пасля Сталіна рэпрэсіі мелі кропкавы характар. Змагаліся з людзьмі, у якіх былі рэальныя апазіцыйныя настроі. Галоўным заданнем было застрашыць, з аднаго боку, і спыніць арганізаваную дзейнасць – з другога. Уласна, цяпер мы бачым падобную карціну. З’явілася яшчэ такая дэталь, калі караюць не рэальных апазіцыянераў, а людзей, выхапленых выпадкова. Гэта значыць, ідзе застрашванне ўжо не апазіцыянераў, а ўсіх патэнцыйна гатовых да нейкага актыўнага ўдзелу людзей.

Грамадства, якое не кантралюе ўлады, заўсёды рызыкуе. На месцах зʼявіліся ініцыятыўныя супрацоўнікі сілавых ведамстваў, якія фабрыкуюць справы. Напрыклад, масава фабрыкуюцца справы за распаўсюд у сацсетках. Ясна, што гэта ніякай пагрозы дзяржаве не ўяўляе. Але гэта спосаб атрымаць прэмію, а можа быць, і зорачку на пагоны. І гэтая «ініцыятыўнасць» можа аднойчы выйсці з-пад кантролю.

– Якая рэакцыя была ў Расеі і за мяжою на тое, што расейскія ўлады хочуць зліквідаваць «Мемарыял»?

– Я ведаў, што нас падтрымаюць, але не чакаў, што падтрымка будзе такою шырокай. І не ад усіх я чакаў такога выразнага падтрымання. Для некаторых людзей гэта спалучана з пэўнаю рызыкаю. Напрыклад, для тых, хто працуе ў дзяржаўных інстытутах. Гэта паказвае, што спроба зліквідаваць «Мемарыял» бессэнсоўная, а калі гэта і ўдасца, то праблема разліку з мінулым застанецца. І яе трэба развязваць.

Ля Вярхоўнага суда Расеі, дзе адбываецца слуханне па хадайніцтве Генеральнай пракуратуры аб роспуску міжнароднай грамадскай арганізацыі «Мемарыял». Некамерцыйная арганізацыя абвешчана замежным агентам у Расеі. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

– У Беларусі зліквідаваныя практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі, але праваабаронцы працягваюць сваю працу. Што, калі і расейскія ўлады пойдуць такім шляхам – зачысткі праваабарончага поля Расеі?

– Спробы рухацца ў гэтым напрамку ўжо ёсць: даволі шмат арганізацыяў залучаныя ў рэестр арганізацыяў, што выконваюць абавязкі замежных агентаў. Што гэта за функцыі, ніхто так і не патлумачыў. Можна забараніць арганізацыі, але даволі цяжка забараніць людзям займацца тым, чаго патрабуе іхнае сумленне. Напрыклад, зліквідаваныя арганізацыі, якія займаюцца кантролем за выбарамі. Але назіральнікі ўсё роўна існуюць, так ці інакш назіранне за выбарамі ажыццяўляецца, вынікі аналізуюцца. Згадайма савецкі час, калі проста за распаўсюд інфармацыі людзі атрымлівалі рэальныя тэрміны. Але шмат каго гэта не спыняла. Так што спробы ёсць, але ім прырэчаны правал. Гэтая праца будзе працягвацца.

Закон аб замежных агентах першапачаткова быў створаны для расправы над непажаданымі арганізацыямі. Мэта адна – пазбегнуць сутнаснай дыскусіі, начапіць на апанента цэтлік і далей спасылацца на яго. Што нашая прапаганда ўжо дастаткова даўно робіць. Цяпер мы бачым другую стадыю, калі гэта выкарыстоўваюць ужо не проста для дыскрэдытацыі арганізацыяў ды асобных людзей, але і ліквідацыі арганізацыяў. Улады распісваюцца ў негатовасці да дыскусіі з апанентамі. Гэта азначае каласальную слабасць дзяржаўнай пазіцыі, наступны этап – распад. Калі такія працэсы працягнуцца, гэта можа дрэнна скончыцца для краіны.

Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum
  • Міжнароднае гістарычна-асветніцкае, праваабарончае і дабрачыннае таварыства «Мемарыял» – аўтарытэтная, вядомая ў свеце няўрадавая арганізацыя, асноўным заданнем якой першапачаткова было даследаваць палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Цяпер гэта садружнасць дзясяткаў арганізацыяў у Расеі, Нямеччыне, Казахстане, Італіі, Чэхіі, Бельгіі, Францыі ды Украіне, якія вядуць даследчую, праваабарончую і асветніцкую працу. Генпракуратура Расеі сцвярджае, што «Мемарыял» сістэматычна парушаў Закон аб замежных агентах, не ставячы на свае матэрыялы адпаведнага маркавання, і патрабуе ліквідацыі ўстановы.

СП belsat.eu

Стужка навінаў