Ці пойдзе беларускае войска паміраць за Аляксандра Лукашэнку?


Капітуляцыя Аляксандра Лукашэнкі ў памежным канфлікце справакавала шэраг ягоных гучных, ваяўнічых заяваў. Гэта толькі рыторыка ці дыктатар сапраўды паглыбіць канфлікт з суседзямі Беларусі? Ці сапраўды вайна з Украінаю стане катастрофаю для дыктатара і беларусаў?

Галоўнаю тэзаю Лукашэнкі, на якую адрэагавалі не толькі медыі, але і палітыкі па ўсім свеце, стала заява пра намер папрасіць Пуціна размясціць ядравую зброю ў Беларусі: маўляў, Захад сам напрасіўся.

«Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядравую зброю ў Беларусь», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лепшага суразмоўцы, чым расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў, для агучвання такой ідэі знайсці проста немагчыма.

Лукашэнка сочыць за расейскім тэлебачаннем, за Кісялёвым і Салаўёвым, што фармуе ягоны светапогляд, мяркуе гісторык і блогер Аляксандр Фрыдман. Дыктатар добра ведае, што ад яго хочуць пачуць у Расеі. Аднак Кісялёву ўдалося выцягнуць з Лукашэнкі ўсё патрэбнае і нават больш.

Аляксандр Фрыдман, гісторык, блогер, Нямеччына:

«Тое, што Лукашэнка сказаў, нібыта не будзе ніякага гуманітарнага калідору, што гэтыя людзі вымушаныя ў выніку накіравацца на радзіму, а яму прыйдзецца гэтым займацца… Гэтая фактычная капітуляцыя ў міграцыйным крызісе прайшла незаўважанаю. Не ведаю, ці хацеў ён гэта сказаць. Напэўна, не».

Агулам, вайсковая супраца з Расеяй была адным з лейтматываў усёй гутаркі Лукашэнкі з Кісялёвым: былі заявы і пра супольную ахову межаў так званай Саюзнай дзяржавы, і пра жаданне атрымаць С-400 ці С-500. З улікам ранейшых выказванняў пра вучэнні разам з расейцамі каля ўкраінскай мяжы, а таксама магчымы ўдзел у канфлікце супраць Украіны на баку Расеі гэтыя рэчы не маглі не выклікаць рэакцыі з боку афіцыйнага Кіева.

Размова
Заявы Лукашэнкі – халасты стрэл
2021.12.02 12:02

Дмытро Кулэба, міністр замежных справаў Украіны:

«На вялікі жаль, мы ўжо ўспрымаем Беларусь як патэнцыйную крыніцу пагрозы для Украіны. Мы ўжо перамясцілі сур’ёзныя сілы на нашую паўночную мяжу з Беларуссю. Так што цяпер мы маем паўночны фланг для абароны нашае краіны. Але, вядома, патэнцыйнае прызнанне Беларуссю акупаванага Крыму будзе кропкаю невяртання ў нашых двухбаковых адносінах, і мы будзем дзеяць адпаведна, бо для нас Крым – гэта не поле для кампрамісаў».

У той жа момант Лукашэнка робіць такія гучныя заявы ў спадзяванні, што яму ніколі не давядзецца за іх адказваць і сцэнар адкрытага ўзброенага канфлікту ў рэальнасці ніколі не рэалізуецца. Бо такое развіццё падзеяў прывяло б, хутчэй, да праблемаў у самаабвешчанага кіраўніка Беларусі.

Тарас Беразавец, журналіст, палітычны аналітык, Украіна:

«Украінская армія ў параўнанні з беларускаю – гэта прафесійнае войска з васьмігадовым досведам баявых дзеянняў, у адрозненне ад войскаў Лукашэнкі. І таму труны з целамі беларусаў пайшлі б не дзясяткамі, а сотнямі і тысячамі. Відавочна, што гэта ўзрушыла б беларускае грамадства і, магчыма, стала б прычынаю нават перавароту. Бо супраць Лукашэнкі паўсталі б у тым ліку і сілавікі, якія не гатовыя былі б паміраць. Іхная гатовасць – толькі ў першую гадзіну, калі аддаецца загад. А далей, калі пачынаецца рэальная вайна, я ўпэўнены, што ні беларусы, ні ўзброеныя сілы Лукашэнкі не гатовыя да наўпроставай сустрэчы з украінскай арміяй, бо для іх гэта скончыцца катастрофаю».

Яшчэ адна рэч, якую Лукашэнка спрабуе прадаць Пуціну ў абмен на эканамічную і палітычную падтрымку, – прызнанне Крыму расейскім. Пакуль толькі рытарычнае.

Аляксандр Лукашэнка:

«Крым дэ-факта – гэта расейскі Крым. Я тады яшчэ сказаў: быў ці не быў рэферэндум, я не памятаю. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расейскім».

Сказаў Лукашэнка і пра жаданне наведаць акупаваны Расеяй паўвостраў. А пасля ўвядзення Еўразвязам санкцыяў супраць «Белавіі» не выключаюць з’яўлення рэйсаў з Менску ў Крым.

Аляксандр Фрыдман, гісторык, блогер, Нямеччына:

«Лукашэнка хацеў бы прадаць паветра: ён гэтым займаецца на працягу дзесяцігоддзяў, але гэта цяпер не ўдасца. Расея ўжо навучаная, і ўсе гэтыя пацалункі ды вербальныя пернікі ад Лукашэнкі ім на сённяшні момант ужо не так цікавыя, як гэта было раней».

Калі ж казаць пра Украіну, то Лукашэнка спадзяецца на адсутнасць нейкай канкрэтнай рэакцыі на ягоныя заявы: маўляў, афіцыйны Кіеў будзе адказваць толькі на нейкія рэальныя дзеянні, а не рыторыку. Што праўда, тэмы анексіі Крыму і расейскай ваеннай агрэсіі – надзвычай крытычныя для ўкраінскага грамадства.

Тарас Беразавец, журналіст, палітычны аналітык, Украіна:

«Я ўпэўнены, што рэакцыя на гэта будзе для яго вельмі балючаю, бо як бы ні хацеў прэзідэнт Зяленскі пазбегнуць новых санкцыяў супраць Лукашэнкі, яму гэтага не дазволіць украінскае грамадства. Больш за тое, цяпер пашыраецца ідэя спыніць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю ўвогуле. Акрамя таго, прагучалі пагрозы з боку ЕЗ, ЗША будзе рэагаваць. Хоць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўжо ёсць, санкцыяў супраць дыктатара шмат не бывае».

Украіна сапраўды шмат у чым залежыць ад Беларусі ў пастаўках нафтапрадуктаў, электрычнасці. Цяпер Захад цісне на афіцыйны Кіеў з мэтаю далучыць яго да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэта заблакавала б шлях на поўдзень для прадукцыі беларускіх НПЗ. А шклоўскі дыктатар сваёй агрэсіўнаю рыторыкаю толькі спрыяе гэтаму працэсу.

Hавiны
Навошта Лукашэнка прызнаў Крым расейскім? Што пішуць у Беларусі, Украіне і Расеі
2021.12.02 01:59

Аляксандр Фрыдман, гісторык, блогер, Нямеччына:

«Раней сапраўды быў такі погляд, што калі не Лукашэнка, то будзе цалкам расейскае панаванне, Беларусь будзе цалкам пад расейскім кантролем. А сёння гэты погляд змяніўся. Сённяшні Лукашэнка, тое, што ён робіць і як ён робіць, прыводзіць да ўзнікнення ў заходніх палітыкаў пытання, а чым ён лепшы за Расею. Бо ён у нейкім сэнсе нават горшы за Расею».

Адпаведна, самаабвешчанаму кіраўніку Беларусі ўжо не ўдаецца пужаць Захаду і Украіны хібным выбарам «калі не Лукашэнка, дык будзе Пуцін». Пагатоў расейская зброя (у тым ліку і гібрыдная) у Беларусі ўжо даўно.

Тарас Беразавец, журналіст, палітычны аналітык, Украіна:

«Усе заявы Лукашэнкі добра асвятляюцца ў СМІ, на іх востра рэагуюць палітыкі, журналісты і эксперты. І гэта ўсё пагаршае і без таго крытычнае стаўленне да Лукашэнкі. Цяпер што ён зрабіў найгорш, дык гэта сваймі заявамі пра магчымы ўдзел у вайне супраць Украіны ён расчароўвае нават тых украінцаў, якія былі апалітычнымі і мелі нейкую павагу да Лукашэнкі. То бок ён робіць вельмі кепскую справу на будучыню».

Такім чынам, уласным языком Лукашэнка змяншае сабе поле для манеўру. Мала таго, што Захад паступова пераходзіць выключна да мовы санкцыяў у дыялогу з самаабвешчаным кіраўніком Беларусі, дык цяпер і перспектыва страціць другога гандлёвага партнёра робіцца цалкам рэалістычнаю.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Sergei Bobylev; ZURAB DHZAVAKHADZE / ITAR-TASS; Sergei Medvedev / TASS / Forum

Стужка навінаў