Праз тэрор і рэпрэсіі амаль у кожнага беларуса моцная псіхалагічная траўма


На працягу бягучага году тысячы беларусаў перажылі рэпрэсіі, пераслед, арышты, суды. Рэпрэсіўная машына з боку дзяржавы прыкладвае максімальныя высілкі дзеля таго, каб запалохаць грамадства, спыніць верагоднасць новых выступаў, якія былі летась. Псіхатэрапеўты кажуць, што цяпер усё грамадства ў краіне мае глыбокую псіхалагічную траўму, якая сама па сабе не загоіцца без дапамогі адмыслоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Псіхатэрапеўты распавялі «Белсату», што сёлета колькасць пацыентаў, якія патрабуюць псіхалагічнай дапамогі праз траўмы і гвалт з боку сілавікоў, вырасла неймаверна. Ледзь не ў кожнага пацыента, які звяртаецца за дапамогай, псіхатэрапеўты фіксуюць посттраўматычны сіндром (ПТСР). Гэты сіндром выражаецца ў парушэнні сна, павышанай трывожнасці.

«Гэта сітуацыі, калі чалавек не можа раслабіцца нават у сне. Тулава ўвесь час у тонусе, і гэта праблема, бо немагчыма адпачыць. Мы бачым таксама праявы дэпрэсіі, прычым такой глыбокай дэпрэсіі на фоне катастрафізацыі сітуацыі ў краіне, да гэтага дадаецца катастрафізацыя сітуацыі ў сям’і. Адное ў выніку накладваецца на другое і чалавек упадае ў стан анабіёзу», – распавядае на ўмовах ананімнасці псіхатэрапеўт.

Прыходзяць за псіхалагічнай дапамогай таксама тыя, хто раней не звяртаўся тэрапеўтаў, хто мае моцныя флэшбэкі (псіхалагічная з’ява, пры якой у чалавека ўзнікаюць паўторныя перажыванні мінулага досведу).

«На сеанс прыйшоў чалавек і распавёў, што ішоў па вуліцы, па тым самым месцы, дзе яго затрымалі. І чалавек у выніку трапляе ў сітуацыю мінулага году і не ўсведамляе, што мінуў год. Таму дапамога распачынаецца з таго, каб вярнуць чалавека ў рэчаіснасць, адпрацоўваць трэба флэшбэкі», – кажа адмысловец.

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

Акрамя гэтага псіхатэрапеўты часта сутыкаюцца з пацыентамі, якія маюць парушэнні кантакту з патрэбнасцямі, гэта калі чалавек можа забыць, ці абедаў ён на працягу дня, забывае, колькі ён спаў. Гэта таксама прыкмета ПТСР. Сюды ж уваходзіць і павышаная раздражняльнасць.

На тле таго, што даволі доўга няма нейкай пазітыўнай дынамікі, у беларусаў расце адчуванне бяссілля. Гэта заўважна, калі губляюцца спадзяванні на пазітыўныя змены ў краіне. У выніку людзі ўпадаюць у такі стан, што тое, што было зробленае – усё дарма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АК / Белсат

Дадаецца адчуванне віны за палітычных вязняў. Калі суддзі агучваюць тэрміны дастойным і адукаваным людзям, ад гэтага проста ўстаюць валасы дыбам, кажа псіхатэрапеўт. Рацыянальна людзі разумеюць, што насамрэч вядзецца не пра крымінальніка, не пра тэрмін за рэальныя злачынствы, не пра віну. Але кожны перакладвае на сябе гэтыя турэмныя тэрміны, падсвядома кожны так робіць, ад гэтага з’яўляецца жах, нават панічныя атакі.

«Адсюль і адчуванне адчаю. Узнікае адчуванне, што ў такім кантэксце, які навязваюць улады, жыць далей проста немагчыма. І куды ўсё ідзе – невядома. У людзей узнікае адчуванне, што няма станоўчага. Мы не заўважаем, як растуць дзеці», – кажа лекар-псіхатэрапеўтолаг.

ВІДЭА
Чаму Лукашэнку рана святкаваць перамогу і чаму новыя пратэсты магчымыя? Тлумачаць псіхолагі
2021.10.21 14:41

Пры гэтым да псіхатэрапеўтаў вельмі часта звяртаюцца таксама і тыя, хто вымушана з’ехаў з краіны.

Людзі нават за мяжой, у бяспецы, але пачынаюць жыць адчуваннем віны. Узнікаюць такія пасылы, што нібыта я здраднік, я з’ехаў, пакінуў краіну, людзей, палітвязняў, кажа псіхатэрапеўт. І гэтае адчуванне віны ўскладняе ім жыццё. Але ж у людзей за мяжой узнікае шмат побытавых пытанняў. Да таго ж можна пераключыцца з думак і пачаць нешта рабіць. Нават, банальна, тыя ж лісты палітвязням можна пісаць, можна выйсці на мітынг з сцягам. Уключаецца таксама і яшчэ адна праблема: я, нібыта, раблю вельмі мала. І гэта адчуванне віны пачынаецца нанова.

«У мяне неяк быў такі кейс з асобай, якая з’ехала за мяжу. Я тады кажу, набывай квіток, прыязджай у Беларусь, выходзь тут са сцягам і літаральна праз пару гадзінаў таксама станеш палітвязнем. Але ці табе стане лягчэй ад гэтага? Вядома, што ў адказ прагучала, што не, не стане. Нікому не стане ад гэтага прасцей. Але можна зрабіць нешта іншае. Малой дапамогі не бывае», – звяртае ўвагу псіхатэрапеўт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

Як перажыць крызіс і застацца самім сабою

У такой сітуацыі лекары раяць звяртацца за дапамогай. Калі ж такой магчымасці няма, то неабходна зрабіць некалькі важных крокаў, якія зменшаць трывожнасць.

«Па-першае, неабходна безэмацыйна ацэньваць рызыкі. Да гэтага неабходна максімальна сябе засцерагчы. Груба кажучы, няма патрэбы ў тым, каб вазіць за сабою сцяг. Яго можна прыбраць дзе заўгодна, але можна захоўваць і ў сэрцы. Цяпер тэхніку бяспекі трэба пільна выконваць», – раіць псіхатэрапеўт.

Фільмы
Пасля катаванняў снілася, як пераразаюць горла
2021.10.14 20:05

Трэба, каб быў дакладны план, а што калі? Напрыклад, калі затрымаюць і арыштуюць. Трэба каб былі дакладныя ўказанні і інструкцыі родным і блізкім, кажа псіхатэрапеўт. Падрыхтаваць нейкую матэрыяльную базу.

«Як толькі ў нас ёсць план дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі, адразу ж трывожнасць зніжаецца, мы дакладна ведаем, што і хто будзе рабіць, а таксама ведаем і пра свае дзеянні. Ёсць такая схема перажывання страты. Паводле яе мы перажываем спачатку адмаўленне, потым гнеў, гандаль, дэпрэсія і прыняцце. Тое, што цяпер з намі адбываецца, таксама пра страту, пра страту мірнага жыцця, нашых звычак, стылю жыцця. І мы праходзім усе стадыі страты, таму нам трэба прыняць, зразумець, што гэта нашая рэчаіснасць, на якую мы паўплываць пакуль не можам аніяк. І разам з прыняццем прыходзіць таксама спакой».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Гэта як разуменне таго, што падчас пераходу вуліцы нас можа збіць аўтамабіль, а мы паўплываць на гэта не можам. Таму, калі прыходзіць вось гэтае разуменне, што такая рэчаіснасць, да яе трэба адаптавацца, а я павінен мець план, што рабіць далей, то адчуванне стабільнасці будзе большай, кажа суразмоўца «Белсату». Мы павінныя разумець рызыкі, павінныя разумець, што жыццё, нават за кратамі, не заканчваецца. І задача не абвастраць, а выйсці адтуль жывым і максімальна здаровым. Трэба займацца сваймі штодзённымі справамі і клопатамі, гэта як раз тое, што верне ў рэчаіснасць чалавека.

Размова
Ваенны псіхолаг: Яны забіваюць не людзей, а экстрэмістаў
2021.10.01 15:28

ІК belsat.eu

Стужка навінаў