Хадаркоўскі пра Беларусь: «Альбо вы зараз адстойваеце сваю незалежнасць, альбо яе не будзе»


У Вільні 2 і 3 снежня праходзіць Форум свабоднай Расеі, 11-ы па ліку. Форум называюць самым прадстаўнічым мерапрыемствам найбуйнейшай платформы расейскай апазіцыі.

Міхаіл Хадаркоўскі на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні. 3 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

На другі дзень Форума ў дыскусіі прыняў удзел Міхаіл Хадаркоўскі – палітычны дзеяч і былы кіраўнік нафтавай кампаніі ЮКАС, які адсядзеў 10 гадоў у зняволенні.

«Белсату» удалося спытаць Хадаркоўскага аб адносінах паміж Пуціным і Лукашэнкам, і чаго чакаць ад развіцця беларуска-расейскіх адносін.

«Адносіны Лукашэнкі з Пуціным вельмі цікавыя, я сам з задавальненнем за гэтым назіраю. Пуцін Лукашэнку відавочна не любіць. Я нават не ведаю, каго ён не любіць больш – Лукашэнку ці Навальнага. Але Пуцін у гэтым сэнсе дэманструе сябе прагматыкам і ён разумее, што змена Лукашэнкі – гэта ўдар па ім асабіста.

Ён, напэўна, хацеў бы памяняць Лукашэнку і нават кандыдат у яго ёсць. Але як зрабіць так, каб змена выглядала нібыта па рашэнню ўладаў, а не беларускага грамадства. Пакуль гэтага не атрымаецца, таму што Лукашэнка таксама не хлопчык у палітыцы і цудоўна разумее, што любыя абяцанні, якія яму дасць Пуцін, яны дзейнічаюць роўна да таго часу, пакуль Лукашэнка нешта з сябе ўяўляе. У той момант, калі ён перастане сабой нешта ўяўляць, баюся, ён нават не на лецішчы Януковіча ў Растове апынецца, а дзе-небудзь далей.

Міхаіл Хадарскоўскі на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні. 3 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Думаю для Пуціна гэтая гісторыя залежыць не столькі ад таго, наколькі хітры Лукашэнка, але наколькі беларускае грамадства гатова да гэтага кроку. Таму што атрымаць да наяўных праблем яшчэ адну бомбу ў Менску – яму не трэба. Але калі беларускае грамадства, як падчас тых падзей [жнівеньскіх] будзе казаць: прыбярыце Лукашэнку – мы гатовы прыняць Пуціна, то чаму б і не.

Калі Беларусь апынецца ў складзе Расеі, то яна там і застанецца. Альбо вы зараз адстойваеце сваю незалежнасць, альбо яе не будзе.

На жаль, калі дэмакратыя ў Беларусі прайграе, для Расеі гэта нічога добрага не азначае. І калі Пуцін далучыць Беларусь, а Беларусь з гэтым будзе згодна, то для дэмакратыі ў Расеі гэта таксама нічога добрага не азначае»

Міхаіл Хадарскоўскі на Форуме свабоднай Расеі ў Вільні. 3 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Форум свабоднай Расеі быў заснаваны ў 2016 годзе Гары Каспаравым і іншымі дзеячамі расейскай апазіцыі. Упершыню за 2 гады мерапрыемства прайшло ў вочным фармаце – папярэднія два форумы прайшлі ў рэжыме онлайн з-за пандэміі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў