«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад


Масавыя звальненні заўважаных у нелаяльнасці работнікаў пачынаюць прыносіць першыя эканамічныя цяжкасці. І ўлады ўжо нават гэта прызнаюць, хай пакуль і даволі нясмела.

Звальняюць больш, чым наймаюць

У студзені – кастрычніку 2021 года наймальнікі ў буйных і сярэдніх арганізацыях Беларусі звольнілі 633,9 тыс. чалавек. За гэты ж час колькасць прынятых на працу склала 575,9 тыс. Такім чынам, на чыстай аснове кадравы адток з флагманскіх прадпрыемстваў дасягнуў 58 тыс. чалавек супраць 31,4 тыс. за 10 месяцаў 2020 года, адзначае партал banki24.by.

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

Пагоршыліся не толькі абсалютныя, але і адносныя паказнікі рынку працы. За студзень – кастрычнік 2020 года каэфіцыент замяшчэння звольненых работнікаў прынятымі быў роўны 94,9 %, а ў 2021-м упаў да 90,9 %. Самы нізкі ён у Менску, 89,7 %.

Сёлета флагманы прамысловасці сумарна звольнілі 130,9 тыс. чалавек (каэфіцыент замяшчэння – 92,5 %), будаўнічага сектару – 47,6 тыс. (77,5 %), раздробнага гандлю – 83,5 тыс. (91,1 %), адукацыі – 89,1 тыс. (92,1 %), аховы здароўя – 42,2 тыс. (97,3 %).

У 2021 годзе вырасла колькасць звольненых праз ліквідацыю арганізацыі або кадравую аптымізацыю: з 3,8 тыс. чалавек за 10 месяцаў 2020 года да 6,1 тыс. за аналагічны перыяд 2021-га.

Інтэрв’ю
Былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнкін: Людзей звальняюць за «не тыя» подпісы
2021.11.25 15:20

Таксама сталі часцей звальняць за прагулы ды іншыя парушэнні дысцыпліны: 30,9 тыс. у 2020-м супраць 31,3 тыс. у 2021-м.

Ні ў якім з рэгіёнаў не было прытоку кадраў на флагманскія прадпрыемствы.

«Мне б яшчэ сто чалавек»

Наяўнасць кадравай праблемы ў краіне ўжо пачынаюць прызнаваць і самыя ўлады, не зніжаючы пры гэтым узроўню рэпрэсіяў супраць нязгодных працаўнікоў.

14 жніўня 2020 года. працаўнікі Менскага трактарнага заводу пасля адмовы прэмʼера Рамана Галоўчанкі гаварыць з імі ў прысутнасці прэсы выйшлі на праезную частку і накіраваліся да Дому ўраду. Да іх далучыліся і іншыя беларусы.
Фота: Белсат

Гэтак, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава на нарадзе 1 снежня ў Менскім гарвыканкаме хоць і заявіла, што сёння ў сталіцы няма праблемы занятасці і вакансіяў дастаткова, тым не менш прызнала, што складана ўкамплектаваць штат: не стае кваліфікаваных рабочых. Пры гэтым, паводле яе, ёсць вялікая колькасць людзей, якія не працуюць, у тым ліку працягла. Адно з заданняў – працаўладкаваць іх, сказала яна.

«Зусім нядаўна мы былі на Заводзе жалезабетонных канструкцыяў, там усталявалі сучаснае абсталяванне. Прадукцыя будзе запатрабаваная. А дырэктар кажа: «Мне б яшчэ сто чалавек – кваліфікаваных рабочых…» І такая сітуацыя складваецца на шэрагу прадпрыемстваў нашага гораду», – падзялілася Качанава ў гутарцы з дэпутатамі.

Людзей на замену не знайсці

Пра тое, як складана дзяржаўным кампаніям знайсці кваліфікаваных супрацоўнікаў, распавядае і дзяржаўны партал навінаў Добрушчыны. У раёне ў канцы лістапада акурат прайшоў кірмаш вакансіяў, але пайшлі ні з чым і спашукальнікі, і прадстаўнікі працадаўцаў.

Інтэрв’ю
Дзяржслужбоўца: Кіраўніцтва мае спісы тых, хто падпісваўся за альтэрнатыўных кандыдатаў
2021.11.26 09:30

Разам з тым у краіне працягваецца хваля звальненняў. Адных звальняюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, іншых – за меркаваны ці пацверджаны ўдзел у акцыях пратэсту.

Але працаваць усё роўна камусьці трэба, таму на працу запрашаюць тых, каго раней ні за што б не запрасілі.

«І калі ты бачыш спіс звольненых – і па ўласным жаданні, і пасля завяршэння кантракту, і пенсіянераў, – ты глядзіш: сышло больш за 600 чалавек. Бачыш, колькі яны гадоў працавалі, з якіх яны пасадаў сыходзяць, і не толькі простыя рабочыя, але і рабочыя высокага разраду, якія добра зарабляюць і маюць шматгадовы досвед у гэтай працы, ён таксама каштуе дорага. Калі ты бачыш, як гэтыя людзі проста сыходзяць адтуль, і каго вы бераце на працу на «Горадня Азот» цяпер, ну, гэта неба і зямля. І нават у такіх абставінах, калі тэлефануюць п’яніцам і запрашаюць іх на працу, вось вісяць гэтыя 300 вакансіяў, гэта пра нешта ды сведчыць. Цяпер ужо ніхто не можа дазволіць сабе на заводзе казаць пра тое, што вось там чарга стаіць да Скідзелю», – распавядаў «Белсату» кіраўнік стачкаму «Горадня Азоту» Юрый Рававы.

Інтэрв’ю
Юрый Рававы, кіраўнік стачкаму ААТ «Горадня Азот»: Тэлефануюць выпівохам і запрашаюць іх на працу
2021.11.21 07:30

Не першы год, але стала яшчэ горш

Эканаміст, старэйшы навуковы работнік даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што праблема нястачы кваліфікаваных кадраў у Беларусі існуе не першы год.

«З палітычнымі звальненнямі гэтая сітуацыя абвастрылася. Але наагул яна была створаная яшчэ ў перыяд апошняй вялікай мадэрнізацыі. Адна з яе вялікіх памылак заключалася ў тым, што былі выдаткаваныя грошы на новае абсталяванне, але пры гэтым ніхто не падумаў, што таксама важна выдаткаваць грошы на навучанне работнікаў для працы на гэтым новым абсталяванні», – заявіў эканаміст.

Hавiны
На «Горадня Азоце» працаўнікам забаранілі забастоўкі: «Аўтаматычна будуць разрываць кантракт»
2021.11.25 13:25

Паводле эксперта, было шмат выпадкаў, калі набывалі абсталяванне за мільёны долараў і ніхто не ведаў, як на ім працаваць. А навучання ці павышэння кваліфікацыі работнікаў у праграму мадэрнізацыі не закладвалі.

«Цяпер, калі галоўны крытэр работніка – гэта палітычная лаяльнасць, уменне прамаўчаць і каб ён не падпісваўся за апазіцыйных кандыдатаў летам 2020 года, то, вядома, нястача кваліфікаваных кадраў будзе адчувацца яшчэ больш. Так ужо выйшла, што многія з гэтых людзей з’яўляліся адразу і кваліфікаванымі кадрамі», – падкрэсліў Леў Львоўскі.

Беспрацоўе без дапамог

Сярод версіяў аб прычынах масавых звальненняў у 2021 годзе выказвалася і меркаванне, што так улады спрабуюць змагацца са схаваным беспрацоўем на прадпрыемствах. Аднак, паводле эканаміста, сам гэты феномен – «яшчэ недастаткова ўстаноўлены навуковы факт».

«Сапраўды, на некаторых прадпрыемствах трымалі залішнюю колькасць кадраў. Але калі паглядзець на беспрацоўе, якое падлічваецца ў Беларусі паводле міжнародных стандартаў, то яно цалкам нармальнае», – лічыць Леў Львоўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі адсутнічае адэкватная дапамога беспрацоўным.

Галоўнае – палітыка, а не эканоміка

Эканаміст мяркуе, што кіраўнікі прадпрыемстваў пакуль імкнуцца не звальняць ключавых працаўнікоў або звальняць так, каб падтрымліваць працоўныя працэсы.

Hавiны
«Адраджэнне рэкруцкай павіннасці». Ці чакаць уцёкаў студэнтаў ад 10-гадовага размеркавання для медыкаў
2021.11.11 15:38

«Мы ўжо бачым і паводле дзяржпрадпрыемстваў, і паводле чыноўніцкага апарату, што план – сапраўды дайсці да кожнага. Але рабіць гэта не за адзін раз, а расцягнуць працэс», – заявіў прадстаўнік BEROC.

Пры гэтым усё адбываецца ў сітуацыі павышанай смяротнасці і захворванняў на каронавірусную хваробу.

«Але цяпер для ўлады галоўныя рызыкі палітычныя, а не эканамічныя. І ў асноўным уся праца сфакусаваная не на тым, каб павялічыць прадукцыйнасць прадпрыемстваў, палепшыць эканоміку, а менавіта на палітычных працэсах. Гэта важней за эканоміку», – падкрэсліў Леў Львоўскі.

Пагатоў, на думку эксперта, вонкавая кан’юнктура дазваляе «пакуль не заўважаць эканамічных праблемаў».

Hавiны
Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»
2021.11.26 15:50

МГ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў