Адзіным фронтам. Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі


Еўразвяз, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада 2 снежня амаль адначасова абвесцілі ўвядзенне новых санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Belsat.eu разбіраўся, якія пункты новых абмежаванняў могуць быць найбольш адчувальнымі для ўладаў.

Значны складнік новых санкцыяў – персанальныя абмежаванні ў дачыненні прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. У гэтым выпадку гаворка пра кіраўніцтва ГУБАЗіКу і Дзяржаўнага памежнага камітэту, а таксама суддзяў, пракурораў і прапагандыстаў. Акрамя таго, пад амерыканскія ды канадскія санкцыі ўпершыню трапіў сярэдні сын Лукашэнкі – Дзмітрый.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзмітрый, Мікалай і Віктар Лукашэнкі.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Аднак санкцыі Захаду маюць таксама і эканамічны складнік: у чорны спіс трапілі больш за два дзясяткі юрыдычных асобаў, сярод якіх ёсць прынцыпова важныя для існавання рэжыму кампаніі.

Санкцыі ЕЗ. Галоўная мішэнь – «Белавія»

У выніку ЕЗ ухваліў далёка не самую радыкальную версію пятага санкцыйнага пакету. Напрыклад, цягам восені ў медыях з’яўлялася інфармацыя, што пад новыя абмежаванні ЕЗ могуць трапіць пяць беларускіх банкаў («Беларусбанк», банк «Дабрабыт», «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк» і «Банк развіцця»), Нацыянальны аэрапорт «Менск», а таксама міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Але гэтыя пазіцыі ў выніку не былі ўключаныя ў пяты пакет.

З іншага боку, нельга сказаць, што новы пакет санкцыяў быў ухвалены ў сваёй самай мяккай версіі. Гэтак, у сярэдзіне лістапада міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заяўляў, што з санкцыйнага спісу хочуць выкінуць «Белавію», якая выконвала важную ролю ў функцыянаванні каналу нерэгулярнай міграцыі. Але ў выніку авіякампанія ўсё ж трапіла пад абмежаванні.

Санкцыі супраць «Белавіі» – адна з ключавых пазіцыяў новага пакету. Большасць самалётаў авіяперавозніка (17 з 29) былі ўзятыя ў лізінг праз ірландскія кампаніі, таму санкцыі ЕЗ мусяць стаць моцным ударам па паветраным флоце «Белавіі». Фактычна кампанія страціць больш за палову свайго авіяпарку.

«Кантракты, згодна з якімі самалёты перададзеныя ў лізінг «Белавіі», у існасці будуць разарваныя, – заяўляў раней кіраўнік МЗС Ірландыі Сайман Коўвэні. – Самалёты будзе неабходна вярнуць, а ў адваротным выпадку, мяркую, будзе судовы разбор».

У публічнай прасторы выказваецца меркаванне, што санкцыі могуць мець катастрафічныя наступствы для кампаніі ды прывядуць да масавых скарачэнняў. Між тым профільныя эксперты адзначаюць, што наступствы санкцыяў для «Белавіі» не варта перабольшваць. Трэба ўлічваць, што ЕЗ ды Украіна і так закрылі неба для беларускіх самалётаў пасля інцыдэнту з прымусоваю пасадкаю борта «Ryanair» у траўні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Авіяэксперт і дырэктар літоўскай кансалтынгавай кампаніі ў сферы авіяперавозак «Friendly Avia Support» Аляксандр Ланецкі раней у інтэрв’ю Zerkalo.io адзначаў, што, хутчэй за ўсё, частка самалётаў «Белавіі» цяпер і так прастойвае. Таму авіякампанія сама зацікаўлена ў тым, каб аддаць некаторыя з іх. Але пакуль яна не мае для гэтага фармальнай нагоды, а ўвядзенне абмежаванняў адкрыла б «Белавіі» магчымасць без фінансавых стратаў вярнуць самалёты ўласнікам.

Медыі паведамляюць: яшчэ да таго, як санкцыі набылі моц, «Белавія» стала пазбаўляцца ад узятых у лізінг самалётаў. Генеральны дырэктар кампаніі Ігар Чаргінец у сваю чаргу паабяцаў пераарыентавацца на лізінг самалётаў з Кітаю і Расеі. «Частку самалётаў ужо набылі, частку яшчэ купім», – сказаў ён.

Палова экспарту азотных угнаенняў – пад ударам

Акрамя «Белавіі», за датычнасць да функцыянавання каналу нерэгулярнай міграцыі пад санкцыі ЕЗ трапілі яшчэ 6 юрыдычных асобаў: турыстычная фірма «Цэнтркурорт»; турыстычнае агенцтва «Оскартур», гатэлі «Менск» і «Планета», Асобная служба актыўных мерапрыемстваў, сірыйская авіякампанія «Cham Wings Airlines» і пашпартна-візавы цэнтр «VIP Grub» (Турэччына). Кампанія «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, таксама была ўключана ў санкцыйныя пакеты ЗША і Канады.

У санкцыйны пакет ЕЗ таксама трапілі 4 юрыдычныя асобы, з міграцыйным крызісам ніяк не звязаныя: «Горадня Азот», яго філіял «Горадня Хімвалакно», «Белшына» і «Беларуснафта». У Бруселі іх лічаць крыніцамі фінансавання рэжыму Лукашэнкі, а таксама ўскладаюць на кіраўніцтва прадпрыемстваў адказнасць за рэпрэсіі – звальненне працаўнікоў, якія бралі ўдзел у пратэстах. На прадпрыемствах сітуацыю з санкцыямі пакуль не каментуюць.

Вядома, што ў 2020 годзе экспарт азотных угнаенняў склаў $ 181 мільён, прычым 54,4 % з іх прыпадала на Еўразвяз, то бок еўрапейскія санкцыі могуць прывесці да страты паловы экспарту «Горадня Азоту». Аб’ёмы еўрапейскага экспарту «Белшыны» ў адкрытых крыніцах знайсці не ўдалося, але вядома, што завод мае афіцыйнае прадстаўніцтва ў Літве і Балгарыі (апошняе дзеіць таксама на тэрыторыі Македоніі ды Грэцыі). Цяпер гэтыя прадстаўніцтвы мусяць спыніць працу. Варта пры гэтым дадаць, што і «Белшына», і «Горадня Азот» нават без санкцыяў былі стратнымі па выніках 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Кампанія «Беларуснафта» звязаная са значна больш маштабнымі плынямі экспартных даходаў. Краіны ЕЗ заўсёды былі аднымі з галоўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў: напрыклад, у 2019 годзе толькі Нямеччына, Нідэрланды і Польшча закупілі іх у Беларусі на агульную суму больш як $ 1,5 мільярда. Але варта памятаць, што ўлетку ЕЗ увёў супраць беларускіх нафтапрадуктаў сектаральныя санкцыі, і яны ў перспектыве мусяць адбіцца на экспарце значна больш, чым кропкавыя санкцыі супраць «Беларуснафты».

Звяртае на сябе ўвагу, што супраць «Белшыны», «Горадня Азоту» і «Горадня Хімвалакна» з вясны дзеюць абмежаванні з боку ЗША, то бок ізноў гаворка пра сінхранізацыю санкцыйнага ціску краінаў Захаду. Што датычыць «Беларуснафты», то гэтае прадпрыемства да лета 2021 года ўваходзіла ў канцэрн «Белнафтахім», які ў сваю чаргу таксама пад санкцыямі ЗША.

Зачыстка калійнай галіны

ЗША ўвялі санкцыі супраць 12 юрыдычных асобаў. Асноўны ўдар прыйшоўся па калійнай сферы і прадпрыемствах ВПК.

У чорны спіс трапіў «Слаўкалій», звязаны з расейскім алігархам Міхаілам Гуцэрыевым, а таксама Беларуская калійная кампанія ды яе прадстаўніцтва ва Украіне «Агророзквит». Увядзенне санкцыяў супраць БКК і «Агророзквиту» наўрад ці прынцыпова змяняе сітуацыю для беларускага боку. Рэч у тым, што з 9 снежня ў любым выпадку мусяць запрацаваць амерыканскія санкцыі супраць «Беларуськалію», а паколькі БКК – манапольны трэйдар «Беларуськалію», то ў кампаніі, як адзначалі раней эксперты, усё роўна б узніклі праблемы з заключэннем экспартных кантрактаў. Між тым, як падкрэсліў палітолаг Дзмітрый Балкунец у эфіры «Белсату», цяперашнія захады ЗША канчаткова закрываюць усе шчыліны ў гэтым пытанні.

А вось «Слаўкалій», які рэалізуе ў Беларусі буйны інвестыцыйны праект будаўніцтва Нежынскага камбінату, – гэта абсалютна новая мішэнь для санкцыяў ЗША. Раней Гуцэрыеў ужо трапіў пад санкцыі ЕЗ і Вялікай Брытаніі, што вымусіла сябра Лукашэнкі перапісваць свае актывы на сямейнікаў. Алігарх перадаў свайму малодшаму брату Саіту-Саламу пакет акцыяў брытанскай кампаніі «GCM Global Energy PLC», якая ёсць суўладальнікам беларускага прадпрыемства «Слаўкалій». Аднак, як бачна, гэтыя хітрыкі не ўратавалі «Слаўкалію» ад санкцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Свой удар па калійным сектары нанесла і Вялікая Брытанія: у чорны спіс залучылі «Беларуськалій». Праўда, гэты крок наўрад ці будзе мець істотныя наступствы: па-першае, экспарт беларускага калію ў Брытанію заўсёды быў мізэрны, па-другое, Лондан раней і так ухваліў сектаральныя санкцыі супраць калійнай галіны.

Абаронныя прадпрыемствы і дзярждоўг

Пад санкцыі ЗША трапілі адразу 5 прадпрыемстваў беларускага ВПК. Амаль усе яны арыентаваныя пераважна на экспарт. Натуральна, ЗША не набываюць тэхнікі, але пагроза амерыканскіх другасных санкцыяў можа мець наступствы для супрацы гэтых кампаніяў з партнёрамі ў іншых краінах свету. Праўда, падлічыць магчымыя страты гэтых прадпрыемстваў немагчыма.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 17:06

«Пеленг» спецыялізуецца на оптаэлектроннай прадукцыі, «Агат» – на аўтаматызаваных сістэмах кіравання. «Белтэхэкспарт» распрацоўвае, мадэрнізуе ды экспартуе ўзбраенне і тэхніку. 140-ы рамонтны завод рамантуе і мадэрнізуе бранятанкавую тэхніку, на ім у тым ліку быў распрацаваны «Кайман», якую Беларусь пастаўляе ў Афрыку.

Асаблівую ўвагу варта звярнуць на кампанію «Кідма тэк», звязаную з алігархам Аляксандрам Зайцавым. Як раней адзначаў вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, «Кідма тэк» выконвае ролю прадзюсара ў беларускім ВПК: гэта кампанія пад попыт вонкавага рынку знаходзіць у Беларусі распрацоўнікаў, дае ім заказы, а таксама фінансуе мадэрнізацыю і стварэнне новых узораў тэхнікі. «Кідма тэк» мае справы з урадамі іншых краінаў, таму яна заўсёды вельмі клапацілася пра сваю рэпутацыю на міжнароднай арэне.

Аналітыка
«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы
2021.05.03 08:30

Акрамя таго, пад абмежаванні трапілі «ГардСэрвіс» і авіякампанія «Трансавіяэкспарт»: яны не ўваходзяць у ВПК, але беспасярэдне звязаныя з вайсковаю справаю. Самалёты «Трансавіяэкспарту», на думку амерыканскага боку, выкарыстоўваюцца для паставак зброі, у тым ліку ў гарачыя пункты. А «ГардСэрвіс» – гэта першая ў Беларусі прыватная вайсковая кампанія, якой Лукашэнка даў права захоўваць і выкарыстоўваць агнявую зброю. Кампаніяй, паводле медыяў, апекуецца Віктар Шэйман. Паводле інфармацыі «ByPol», у «ГардСэрвіс» набіралі прафесійных вайскоўцаў, якія могуць спатрэбіцца для рэалізацыі афрыканскіх праектаў рэжыму Лукашэнкі, звязаных з карыснымі выкапнямі і зброяй.

Адначасова «ГардСэрвіс», «Пеленг», «Агат», 140-ы рамонтны завод і «Белтэхэкспарт» трапілі пад санкцыі Канады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уга Чавес гутарыць з Віктарам Шэйманам на спатканні ў Каракасе.
Фота: Abn / Zuma Press / Forum

Абмежавальныя захады ЗША таксама прадугледжваюць забарону на здзелкі з беларускім дзяржаўным доўгам (аналагічныя абмежаванні раней уводзілі ЕЗ і Канада). РБК адзначае, што гэта наагул адзін з ключавых пунктаў санкцыйнага пакету ЗША. Як распавёў выданню дарадца санкцыйнага агенцтва Управы кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Браян О’Тул, Міністэрства фінансаў Беларусі, хутчэй за ўсё, пазбавіцца магчымасці прыцягваць грошы нават на ўнутраным рынку, бо амерыканскія банкі-карэспандэнты павінны будуць спыніць абслугоўванне гэтых трансакцыяў.

У «Беларуснафце» на просьбу «Белсату» падзяліцца меркаваннем адносна санкцый, заявілі, што не маюць права каментаваць. У адміністрацыі «Белшыны» папрасілі даслаць пісьмовы зварот. Аналагічныя адказы былі і ў сталічных гатэлях, якія трапілі пад санкцыйныя абмежаванні.

РР belsat.eu

Стужка навінаў