Віленскія Дзяды. Знічы і бел-чырвона-белыя стужкі на крыжах


Дзень памяці продкаў адзначылі беларусы Вільні на могілках Росы, дзе запалілі знічы і пакінулі бел-чырвона-белыя стужкі на крыжах і помніках памерлым беларусам.

Дзяды ў Вільні, Літва. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Акцыю памяці зладзіў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Апошнімі днямі шмат беларусаў наведвае знакамітыя могілкі Росы ды іншыя віленскія могілкі, на якіх пахаваныя беларусы, якія пакінулі след у беларускай гісторыі.

Напярэдадні свята на могілках Росы ўсталявалі новы помнік знакамітаму беларускаму драматургу Францішку Аляхновічу, сродкі на які збіралі грамадою.

Людвіка Кардзіс, прадстаўніца музею імя Івана Луцкевіча, якая апошнімі днямі ладзіць экскурсіі па розных могілках Вільні, дзе пахаваныя беларусы, падкрэслівае важнасць захавання сувязі з людзьмі, якія змагаліся, выношвалі думку пра незалежнасць Беларусі, якія адышлі ў іншы свет, так і не зрэалізаваўшы планаў, хто праз хваробу, а хто быў забіты ў сталінскіх лагерах за свае перакананні. Людвіка Кардзіс звярнула ўвагу, што ў пачатку 1990-х, калі ты ставіў свой зніч, і праходзіў пэўны перыяд, праз колькі месяцаў, ты бачыў, што там нікога не было акрамя цябе, а сёння гэта важна для ўсіх. Цяпер вельмі шмат знічоў, кветак.

«Мы бачым, што тут прыходзяць беларусы, гэтыя месцы для іх важныя. Таму нам ушанаванне гэтых постацяў, гэтых людзей ёсць наўпрост абавязкам для кожнага беларуса».

«У нас у гэтым годзе быў такі марафон, калі так можна сказаць, па могілках. Мы аб’ездзілі практычна ўсе, не даехалі, праўда, да сучасных. А так мы былі на ўсіх могілках, дзе пахаваныя беларусы, на праваслаўных Свята-Еўфрасіннеўскіх, або, як іх старыя віленчукі называлі, Былінамі. Мы былі на Антокальскіх могілках, на якіх пахаваныя мастак Пётр Сергіевіч, кампазітар Канстанцін Галкоўскі, там не захаваная магіла Ігната Канчэўскага. Паехалі на Саўлес могілкі, якія таксама на Антокалі, там пахаваны беларускі дзеяч Янка Багдановіч. Паехалі на Павіленскія могілкі, на якіх пахаваны пасол ад польскага Сейму беларускай фракцыі Фабіян Ярэміч, беларускі дзеяч Янка Шутовіч, жонка Адольфа Клімовіча, Вераніка Клімовіч ды іншыя людзі. Мы былі на Бернардзінскіх могілках, на якіх пахаваная дачка Дуніна Марцінкевіча Каміла Марцінкевіч, якая можа быць сімвалам жаночага супраціву яшчэ з тых часоў і вельмі важным для беларусаў. Там таксама пахаваная першая дачка Францішка Аляхновіча. Мы былі ў Панарах на магіле Зоські Верас і ейных сваякоў. Сёння мы вось тут. Такая місія гэтымі днямі, мы яе выканалі. Засталіся нам толькі яшчэ сучасныя пахаванні беларускіх дзеячаў, сучасныя могілкі, якія мы адкладаем на наступны дзень».

Дзяды ў Вільні, Літва. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Для Дар’і вельмі важна далучыцца да беларускай супольнасці і такім чынам падтрымліваць сувязь з Беларуссю:

«Калі ты ў Беларусі, вельмі цяжка адчуваць сябе беларусам, а калі з’язджаеш, у цябе з’яўляецца пытанне, хто ты. Увогуле вайна неяк падсвяціла патрэбу ў тым, каб ідэнтыфікаваць сябе як чалавека з нейкай мясціны і нейкай культуры, таму гэтая важнасць адчулася неяк больш, чымся было».

«Асабліва актуальна ва ўмовах цяперашняй Беларусі, калі шмат хто з беларусаў апынуўся па-за межамі краіны і не можа пайсці на могілкі, напрыклад, да родных у Віцебску, у Менску. І вось мы тут ідзем на могілкі Росы, асабліва яны важныя, блізкія, бо тут ляжыць шмат беларусаў Вільні. І вось я таксама не магу ў Беларусь паехаць да сваіх родных, і гэта прыемны замінальнік, традыцыя, свята памяці», – кажа Уладзіслаў Іваноў, выкладнік ЕГУ.

Дзяды ў Вільні, Літва. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Для актора Іллі Ясінскага пяць магілаў з прозвішчам Ясінскі, якія ён знайшоў на могілках Росы, даюць надзею адшукаць свае карані. Таму беларусам варта не толькі паставіць знічы ў гэты дзень на беларускіх могілках, але таксама звярнуць увагу на подпісы пахаваных: магчыма, сярод іх можна будзе знайсці сваіх сваякоў. Бо віленская спадчына яшчэ не да канца даследаваная, шмат што можна вывучаць і адкрываць.

Ганна Русінава belsat.eu

Стужка навінаў