Не працуе, дык хоць не ўзарвецца. Мінула два гады, як у Беларусі запусцілі «крывенькую» БелАЭС


3 лістапада споўнілася роўна два гады з моманту, як да энергасістэмы Беларусі падлучылі Беларускую АЭС. Палову гэтага часу персанал станцыі выдаткаваў на тое, каб наладзіць працу, бо БелАЭС увесь час ламалася і месяцамі стаяла вылучанай. І гэта пры ўсіх фінансах, выдаткаваных на яе, і пры тых пагрозах, якія АЭС у перспектыве нясе нашай краіне.

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Пастанову будаваць БелАЭС прынялі ў 2008 годзе. 31 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову Савету бяспекі, паводле якой планавалі пабудаваць атамную электрастанцыю сумарнай электрычнаю магутнасцю 2000 МВт з уводам у эксплуатацыю першага энергетычнага блоку ў 2016 годзе, другога – у 2018-м. Але першы энергаблок запусцілі толькі праз чатыры гады пасля першапачатковых планаў.

Звязана гэта ў тым ліку і з інцыдэнтамі на будаўніцтве станцыі. Гэтак, 10 ліпеня 2016 года падчас выпрабавальнай трэнавальнай устаноўкі корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні некалькі метраў. У выніку пашкоджаны корпус давялося мяняць. 26 снежня таго ж года заменены корпус рэактара зачапіўся за чыгуначны слуп, але яго ўжо мяняць не сталі.

3 лістапада 2020 года генератар першага энергаблоку Беларускай АЭС падлучылі да энергасістэмы краіны, а 7 лістапада, у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, БелАЭС афіцыйна запусціў сам Лукашэнка. Але ўжо праз два дні энергаблок перастаў выпрацоўваць магутнасць: турбіну спынілі праз трансфарматары напружання, што зрабіліся непрыдатнымі.

Затым першыя паўгода яе спынялі практычна кожны месяц, калі не часцей. БелАЭС фактычна прастойвала цэлы месяц з красавіка да траўня 2021 года. Тым не менш гэта не перашкодзіла 10 чэрвеня 2021 года ўвесці першы энергаблок у прамысловую эксплуатацыю.

У ліпені БелАЭС зноў спынілася – адразу амаль на тры месяцы. Афіцыйна гэта патлумачылі аўтаматычнай абаронаю генератара і неабходнасцю дэталёва дыягнаставаць усе сістэмы і тэхналагічныя вузлы турбагенератара. Спачатку АЭС планавалі падлучыць да сеткі ў сярэдзіне жніўня, але зрабілі гэта толькі 4 кастрычніка 2021 года – спатрэбілася замяніць адзін з элементаў узбуджальніка турбагенератара.

19 лістапада 2021 года першы энергаблок БелАЭС пасля чарговай кароткай паломкі зноў запусцілі. Гэтак пачаўся самы доўгі перыяд яе працы за ўвесь час. Але ўжо 25 красавіка 2022-га Міністэрства энергетыкі паведаміла, што першы энергаблок «выведзены ў планава-папераджальны рамонт». Пра завяршэнне гэтага рамонту стала вядома амаль праз чатыры месяцы – 22 жніўня. Пры гэтым БелАЭС да сеткі так і не падлучылі. Яшчэ праз 1,5 месяца, 11 кастрычніка, стала вядома, што «тэрміны ўлучэння ў сетку першага энергаблоку Беларускай АЭС скарэктаваныя»: рамантаванай амаль паўгода станцыі спатрэбіўся чарговы рамонт.

«Прынятая пастанова правесці дадатковыя працы і дыягнаставаць электрагенеравальнае абсталяванне першага блоку станцыі з улікам досведу эксплуатацыі аналагічнага абсталявання на іншых АЭС», – заявілі ў Міністэрстве энергетыкі.

Запусціць першы энергаблок плануюць да канца года. Дакладнай даты ў ведамстве не называюць.

На момант напісання артыкулу БелАЭС прастойвала ўжо больш як шэсць месяцаў запар. За 730 дзён з моманту падлучэння станцыі да энергасістэмы Беларусі яна не працавала ажно 367 дзён станам на 3 лістапада 2022 года, або больш як палову ўсяго часу.

Другога энергаблоку не запусцілі дасюль. Хоць у снежні 2021 года прэм’ер Раман Галоўчанка казаў, што гэта зробяць да лета 2022-га. Канчаецца восень, а не працуе нават першы энергаблок.

Ад пяці да пятнаццаці ахвяраў

На БелАС неаднаразова гінулі будаўнікі. Напрыклад, у ліпені 2015 года тут разбіўся працаўнік з Гомля, а 29 жніўня 2016-га загінуў працаўнік «Росатома», на якога ўпаў, узарваўшыся, кіслародны балон. Паводле ацэнак мясцовага актывіста Мікалая Уласевіча, гэта была ўжо дзявятая або дзясятая ахвяра станцыі. У Міністэрстве энергетыкі пацвердзілі дзве смерці і дзесяць няшчасных выпадкаў.

Вёска Варняны за некалькі кіламетраў ад БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

16 ліпеня 2018 года разбіўся мантажнік з расейскай арганізацыі, а ў кастрычніку 2019-га на станцыі загінуў кранаўшчык.

Працягваліся смерці і пасля запуску БелАЭС. Гэтак, у студзені 2021 года ад агнястрэльнай раны загінуў 18-гадовы жаўнер тэрміновай службы, які ахоўваў станцыю.

Колькі зарабілі?

Тым не менш, нягледзячы на ўсе інцыдэнты і прастоі, а таксама на тое, што суседнія краіны адмовіліся купляць беларускую электраэнергію, у Міністэрстве энергетыкі Беларусі не губляюць аптымізму і заяўляюць пра эканамічную эфектыўнасць станцыі.

«З моманту ўлучэння першага энергаблоку БелАЭС у аб’яднаную энергасістэму выпрацавана 9,3 млрд кілават-гадзінаў электраэнергіі, што дазволіла замясціць 2,4 мільярда кубічных метраў прыроднага газу», – заявіў 17 чэрвеня 2022 года міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Паводле чыноўніка, эканамічны эфект ад працы станцыі – каля Br 1 млрд, або каля $400 млн. Пры гэтым, згодна з афіцыйнымі звесткамі, на дзень 1 сакавіка 2021 года было выкарыстана сродкаў расейскага крэдыту на суму $ 4,7 млрд з $ 10 млрд, прадугледжаных на будоўлю Беларускай АЭС. Паводле ўраду РФ, агульны прыкладны кошт будаўніцтва складзе каля $ 6 млрд.

Да выдаткаў яшчэ трэба дадаць кошт паліва для самой АЭС ($ 110 млн кожныя чатыры гады без уліку больш дробных выплатаў), адсоткі за карыстанне крэдытам памерам 3,3 % гадавых, шматмільярдныя выдаткі на мадэрнізацыю энергасістэмы Беларусі, магчымасць закрыцця шэрагу ЦЭЦ, неабходнасць знайсці кірункі выкарыстання лішняй электраэнергіі, якой ніхто не хоча купляць, і гэтак далей. Дасюль не развязанае пытанне і са сховішчам для адпрацаванага паліва.

«Эканамічная пастка»

У каментары «Белсату» расейскім фізік-ядравік, эколаг Андрэй Ажароўскі адзначыў, што першы энергаблок БелАЭС, пабудаваны расейскаю дзяржаўнаю карпарацыяй «Росатом», ёсць добрым прыкладам большасці праблемаў, што мае сучасная атамная энергетыка:

  • эканамічная неэфектыўнасць,
  • ненадзейнасць працы,
  • неразвязанасць праблемы радыеактыўных адкідаў.

Андрэй Ажароўскі заявіў, што ў Расеі атамныя станцыі адключаюцца, калі проста няма попыту на электраэнергію. Але ў Беларусі, дадаў ён, «грамадскасці сталі вядомыя факты дзясяткаў тысяч недапрацовак на турбіне і генератары».

«Атрымалася, што «Росатом», выкарыстоўваючы свае лабісцкія магчымасці, нейкім чынам упэўніў замоўцу – беларускае Міністэрства энергетыкі – прыняць энергаблок са страшнымі недапрацоўкамі пад абяцанне ўсё хуценька залатаць і што ўсё будзе працаваць. «Усё» не працуе», – падкрэсліў эколаг.

Факт, што энергаблок рэгулярна прастойвае, паводле эксперта, не толькі ілюструе ненадзейнасць атамнай энергетыкі, але і наўпрост уплывае на яе эканамічную эфектыўнасць. Тым не менш плаціць за крэдыт на будаўніцтва АЭС Беларусь будзе ў любым выпадку: «працуе атамная станцыя, выпрацоўвае электраэнергію ці не».

«Так што тут эканамічная пастка ў Беларусі таксама ўва ўсім гэтым праглядаецца», – мяркуе Ажароўскі

Эколаг адзначыў, што падобныя паломкі былі і на іншых станцыях, пабудаваных «Росатомом», напрыклад, у Кітаі ці Варонежы. Выкліканыя яны былі ў тым ліку «няякасным праектам ці няякасным будаўніцтвам».

«Усё надзвычай нядобранадзейна»

Андрэй Ажароўскі адзначыў, што ў Беларусі, і так пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, быў моцны рух супраць будоўлі станцыі ў Астраўцы. Ён сам з 2008 года бярэ ўдзел у Беларускай антыядравай кампаніі. Але спачатку нават не меркавалася, «што ўжо пабудаваная АЭС будзе настолькі крывенькая і настолькі непрацаздольная».

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Менавіта помстаю за актыўнае супрацьстаянне будаўніцтву станцыі назваў суразмоўца разгром рэжымам у Беларусі арганізацыі «Экадом», якая працягвала «адстойваць на міжнародным узроўні – у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у Оргускай канвенцыі – сваё права браць удзел у прыняцці рашэнняў, якое, безумоўна, было парушанае з боку ўладаў Беларусі».

Тое, што Беларусь не здолела выканаць міжнародных абавязкаў, якія добраахвотна прыняла ў межах Оргускай канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і правасуддзі ў пытаннях навакольнага асяроддзя, ёсць «індыкатарам таго, што ўсё надзвычай нядобранадзейна», падкрэсліў эколаг.

Праблемы толькі пачынаюцца

Андрэй Ажароўскі ацаніў працяглы прастой БелАЭС як станоўчы для экалогіі фактар:

«Калі атамная станцыя прастойвае, няма рызыкі, што яна ўзарвецца. Рэактар не працуе. Калі атамная станцыя прастойвае, яна не напрацоўвае радыеактыўных адкідаў».

Паводле эколага, асноўныя праблемы БелАЭС з’явяцца, калі яе наладзяць і «з гэтымі недаробкамі дадуць рады»:

«Калі яна будзе пыхцець на поўную магутнасць, то яна будзе на поўную магутнасць напрацоўваць радыеактыўныя адкіды, і гэта будзе ствараць праблемы на сотні гадоў наперад».

Паводле суразмоўцы, у ХХІ стагоддзі «надзвычай безадказна» пакладацца на атамную энергетыку, бо яна вялікім цяжарам кладзецца менавіта на будучыя пакаленні, «якім давядзецца жыць у краіне, поўнай радыеактыўных адкідаў».

Інтэрв’ю
Андрэй Ажароўскі: «Адпрацаванае паліва з БелАЭС можа быць выкарыстанае для расейскай ядравай зброі»
2022.09.16 13:48

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў