Застрашванне замест закону: як улады крыміналізуюць доступ да праўды

Міністэрства ўнутраных справаў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» групы грамадзянаў, аб’яднаных з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў «Белсату». Belsat.eu разбіраўся, што гэта значыць, і як доступ да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі крыміналізавалі ў таталітарных рэжымах мінулага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя тэлеканалу «Белсат» у Варшаве, Польшча. Фота: ЮШ / Белсат

Паводле МУС, «экстрэмісцкім фармаваннем» цяпер лічацца групы грамадзянаў, аб’яднаных праз сайт «Белсату», YouTube-каналы, акаўнты ў Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK і «Одноклассники».

«Немагчыма прызнаць экстрэмістамі мільёны беларусаў»

Аляксей Дзікавіцкі, віцэ-дырэктар тэлеканалу «Белсат», канстатуе, што ўлады «шукаюць усе магчымыя захады, каб зачысціць інфармацыйнае поле, марна спадзеючыся пазбавіць беларусаў свабоднай інфармацыі».

«Натуральна, што немагчыма прызнаць экстрэмістамі мільёны беларусаў, якія глядзяць нас або чытаюць у сацыяльных сетках. Гэта тое самае, што прызнаць экстрэмістамі ўвесь народ, бо пераважная большасць беларусаў давярае незалежным медыям, у тым ліку і «Белсату». Дадам, што гэтыя пастановы не спыняць «Белсату», мы будзем надалей працягваць працу», – заявіў ён.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі адзначыў, што гэта першы выпадак, калі медыя ў Беларусі прызнаецца «экстрэмісцкім фармаваннем», таму пакуль складана сказаць, якія наступствы будзе мець такое рашэнне.

«Але відавочна, што робіцца гэта, па-першае, каб застрашыць людзей быць падпісанымі на Telegram, заходзіць на сайт, дзяліцца паведамленнямі. А, па-другое, гэта развязвае рукі сілавікам у рэпрэсіях супраць тых, хто супрацоўнічае з «Белсатам». Бо зразумела, што «Белсат» – вялікі тэлеканал, тут ёсць шмат журналістаў, прадзюсараў, ды проста людзей, якія дасылаюць інфармацыю або дзеляцца нейкімі звесткамі. Цяпер гіпатэтычна ўлады могуць пераследаваць гэтых людзей за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш Міру і Незалежнасці. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года. Фота: Vot Tak TV / Белсат

З іншага боку, апошнім часам у Беларусі чыніцца абсалютная прававая сваволя, і людзей і без гэтых навоўвядзенняў кожны дзень за штосьці прыцягваюць да адказнасці», – заявіў Барыс Гарэцкі.

Як арыштаваць мільён

Сапраўды пакуль складана сказаць, як спецслужбы будуць выкарыстоўваць гэтае рашэнне. Улады пагражаюць, што ўдзельнікаў «экстрэмісцкіх фармаванняў» пачнуць пераследаваць паводле артыкулу 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім»). Але каго будуць лічыць удзельнікам – дагэтуль не зразумела. Сілавікі рабілі на гэты конт супярэчлівыя заявы.

З аднаго боку, прадстаўнік ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі раней зазначаў, што людзям, якія проста чытаюць «экстрэмісцкія» каналы, баяцца няма чаго. Нібыта прыцягваць да крымінальнай адказнасці будуць толькі тых, хто ўдзельнічае ў папулярызацыі такога рэсурсу (напрыклад, дае падобным каналам інфармацыю, робіць рэпосты і г. д.). З іншага боку, Арлоўскі заявіў, што падпіска на такія рэсурсы – «гэта ўжо элемент удзелу ў папулярызацыі», таму фармальна любы падпісчык можа стаць удзельнікам крымінальнага пераследу. Прадстаўнік ГУБАЗіКу ў сувязі з гэтым заявіў, што найлепшым рашэннем будзе адпісацца ад падобных каналаў. Але ў іншым сваім выступе ён паведаміў, што адпіска ад каналу не ўратуе, бо «паўсюль застаецца электронны след». «Дойдзем да кожнага», – прыгразіў Арлоўскі.

Але абяцанне «дайсці да кожнага» выглядае нерэалістычна. Дэ-факта з рашэння МУС вынікае, што «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаная наогул уся аўдыторыя «Белсату» ва ўсіх сацсетках і на ўсіх платформах. То бок гаворка ідзе пра сотні і сотні тысяч беларусаў (толькі на YouTube-канал «БЕЛСАТ NEWS» падпісаныя 459 тысяч чалавек). Да таго ж, акрамя «Белсату», «экстрэмісцкімі фармаваннем» прызнаныя яшчэ дзесяць Telegram-каналаў і чатаў з сотнямі тысяч падпісчыкаў. Рэпрэсаваць столькі людзей у дзяржаве з насельніцтвам 9,4 мільёна чалавек проста немагчыма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Марш Міру і Незалежнасці. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Няма магчымасці пасадзіць за краты такую колькасць людзей, гэта немагчыма ні фізічна, ні арганізацыйна, ні ідэалагічна. Таму застаецца толькі палохаць, каб людзі адпісваліся ад каналаў, каб баяліся камунікаваць паміж сабою. І ўзровень рэпрэсіяў залежыць не ад таго, што занатавана ў законе, узровень рэпрэсіяў залежыць ад таго, наколькі актыўна супраціўляюцца гэтаму беларусы і як грамадства рэагуе на гэта», – адзначаў раней у інтэрв’ю «Белсату» Міхал Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў НАУ і прадстаўнік у юрыдычных пытаннях у Каардынацыйнай радзе.

Верагодна, што насамрэч гаворка ідзе пра спробу ўладаў усталяваць поўны кантролю за медыяпрасторай і думкамі грамадзянаў. Дамагчыся гэтай мэты спецслужбы хочуць пры дапамозе пагрозы крыміналізацыі самога доступу да альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Падобныя мэты ставілі сабе ўсе таталітарныя рэжыму XX стагоддзя. Аднак нават ім не ўдавалася цалкам спыніць распаўсюд інфармацыі.

«Варожыя галасы» ў СССР

У СССР незалежныя СМІ былі па-за законам ад самага пачатку існавання гэтай дзяржавы. Людзей, у якіх знаходзілі эмігранцкую перыёдыку або іншую забароненую літаратуру (у тым ліку кнігі няўгодных пісьменнікаў і паэтаў) пераследавалі ў сталінскі час паводле арт. 58 пункт 10 Крымінальнага кодэксу – «антысавецкая прапаганда або агітацыя».

Наяўнасць «антысавецкай» друкаванай прадукцыі магла зрабіцца падставай для пераследу і ў часы позняга СССР. Пры гэтым чалавека маглі судзіць за захоўванне кнігаў, чый «антысавецкі» характар быў вызначаны постфактум (у сённяшняй Беларусі такое таксама здараецца). Рашэнне, што лічыць «антысавецкай» літаратурай, наогул прымалася адвольна і не ўлічвала аналагічных рашэнняў у межах іншых справаў. Напрыклад, вядомы выпадак, калі адэскага бібліятэкара судзілі за «распаўсюд» «Рэквіем» Ганны Ахматавай, а гэтая ж кніжка, знойдзеная падчас ператрусу ў маскоўскага астрафізіка, у чэкістаў не выклікала пытанняў.

Пасля Другой сусветнай вайны барацьба са свабодаю слова ў СССР ускладнілася праз тое, што ў заходніх краінах пачалі вяшчаць радыёстанцыі на расейскай мове («Радыё «Свабода», «Голас Амерыкі», Бі-Бі-Сі, «Нямецкая хваля» ды інш.), а потым і на мовах некаторых іншых народаў СССР. Савецкія прапагандысты называлі гэтыя радыёстанцыі «варожымі галасамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці с затрыманымі журналістамі Надзеяй Калінінай, Мікітай Недаверкавым, Андрэям Шаўлюгам, Марый Эляшэвіч, Аляксеям Суднікавым і Святаславам Зоркім. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Замежныя радыёстанцыі глушылі, таму лавіць «варожыя галасы» ў СССР было складана. Да таго ж само праслухоўванне заходніх медыяў было забароненае. У матэрыялаў палітычна матываваных крымінальных справаў таго часу можна сустрэць такія фармулёўкі: «слухала перадачы, рэгулярна выказвала незадаволенасць нізкім узроўнем жыцця, казала аб адсутнасці прадуктаў у крамах» або «слухаў і пераказваў перадачы таварышам на службе» (савецкі аналаг сучаснага рэпосту ў сацсетках).

Але нягледзячы на гэта дасягнуць кантролю за доступам да альтэрнатыўнай інфармацыі не змаглі нават у СССР – мільёны людзей усё роўна слухалі замежныя радыёстанцыі. «Глушылкі» не маглі раўнамерна ахопліваць усёй тэрыторыі краіны: паводле дакументаў Палітбюро, цалкам эфектыўнай радыёабарона была толькі на 30 % тэрыторыі СССР. Што датычыць крымінальнага пераследу, то пракантраляваць прыватнае праслухоўванне «варожых галасоў» было складана, бо гэта спачатку трэба было неяк даказаць. Натуральна, савецкія грамадзяне стараліся не слухаць заходнія радыёстанцыі разам з тымі, каму не давяралі і хто мог на іх данесці, ды ў прынцыпе не афішавалі такіх рэчаў. Для абсалютнай большасці людзей праслухоўванне «варожых галасоў» не мела ніякіх наступстваў.

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны