Інтэрпол заявіў пра немагчымасць выкарыстання сваіх каналаў для вышуку Ціханоўскай

Інтэрпол лічыць немагчымым выкарыстанне сваіх каналаў для вышуку экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай. Пра гэта 2 лістапада заявіў кіраўнік нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», піша «Інтэрфакс».

«Пасля вывучэння прадстаўленых намі матэрыялаў было прынятае рашэнне спецыяльнай працоўнай групай – структурным падраздзяленнем генеральнага сакратарыяту Інтэрполу пра немагчымасць выкарыстання каналаў Інтэрполу для вышуку дадзенай грамадзянкі», – сказаў Мядзведзеў.

У той жа час ён падкрэсліў, што Інтэрпол ніколі не ставіў пад сумненне законнасць крымінальных справаў, узбуджаных у Беларусі, а рашэнне па Ціханоўскай – гэта вынік прытрымлівання тых правілаў і нормаў, які існуюць у Інтэрполе.

Як рэжым спрабуе падмануць Інтэрпол

Напрыканцы кастрычніка офіс Святланы Ціханоўскай і ініцыятыва «ByPol» накіравалі афіцыйны ліст у Інтэрпол, у якім прыводзяць доказы таго, як рэжым запытвае інфармацыю пра беларусаў у іншых краінах з мэтай іх палітычнага пераследу. Дэмакратычныя сілы Беларусі настойвалі на неабходнасці спыніць супрацу Інтэрполу з рэжымам.

ByPol апублікаваў расследаванне пра выкарыстанне Міжнароднай паліцыі рэжымам Лукашэнкі

Пытанне пра неабходнасць верыфікацыі запытаў у Інтэрпол з Беларусі падымала таксама Польшча пасля інцыдэнту з затрыманнем Макара Малахоўскага. У лістападзе ў Польшчу мусіць прыляцець генеральны сакратар Інтэрполу, каб абмеркаваць пытанне пра перадухіленне выкарыстання Беларуссю і Расеяй Інтэрполу для пераследу палітычных апанентаў уладаў.

ГГ, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны