«Хуліганка» за надпіс «Лукашэнку ў аўтазак!». «ByPol» распавёў, як Следчы камітэт фабрыкуе справы

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала відэа з доказамі таго, як прадстаўнікі Следчага камітэту Беларусі займаюцца падлогам доказаў і фабрыкуюць справы. Галоўнай гераіняй выпуску стала намесніца начальніка Кастрычніцкага раённага аддзелу Следчага камітэту Менску Міраслава Хлышчанка-Хазаноўская.

Сярод доказаў у чарговым відэа ад «ByPol» – запісы размоваў афіцэраў Сьледчага камітэту, з якіх, што неаднаразова ў справах фальсіфікаваліся рэчавыя і дакументальныя доказы. Пасля аднаго з праведзеных аглядаў кватэры ў падазраванага забралі тэлефон, аднак у дакументах пазначылі, што правялі агляд тэлефона на дзень раней.

Падначаленым загадвалі мяняць канверты, подпісы. У падлогах прымаў удзел і Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў. Дакументы, якія маглі паставіць пад сумнеў версію следства, проста знішчалі.

Справы заводзіліся нават тады, калі, паводле міліцыі, не было шкоды, а эксперт-лінгвіст вызначаў, што абразы не было. Пра гэта сведчыць прыведзена ў відэа размова намесніцы начальніка Кастрычніцкага раённага аддзелу Следчага камітэту Менску Міраслава Хлышчанка-Хазаноўскай і начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУСу Менску Сяргея Драздова. Прыводзім гэты дыялог:

Драздоў: Парада патрэбная. Сяброўская. Вось чацвёрты матэрыял мне прынеслі. На плоце прыватнага дому, плот падлягаў зносу – шкоды няма, напісаная фраза: «Лукашэнку ў аўтазак!». Апыталі, агляд зрабілі з удзелам эксперта-лінгвіста, ён ніякіх абразаў не бачыць – тое, што мы з вамі размаўлялі пра што. Вось. Шкоды няма, абразаў няма, але такая фраза нанесеная на плоце на Пірагова.

Хлышчанка- Хазаноўская: Глядзіце, тут два варыянты – ці вы прымаеце рашэнне па яму самастойна, пішаце, што шкоды няма, што Лукашэнка – гэта не канкрэтны зварот, што, сыходзячы з агляду лінгвіста, тут нічога негатыўнага не ўглядваецца. Як бы пытанняў няма – прымайце рашэнне. Але, калі вы накіроўваеце нам – я ўзбуджаю «хуліганку».

Драздоў: То бок, для хуліганства там у прынцыпе…

Хлышчанка-Хазаноўская: Мне для хуліганства нічога не трэба. Вось гэтага цалкам дастаткова – вось гэты надпіс на плоце. Вось так – вышэй даху.

Драздоў: Угу.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны