Беларусь могуць адключыць ад глабальнай сістэмы авіядадзеных


Дырэктар Дэпартаменту па авіяцыі Мінтрансу Арцём Сікорскі заявіў падчас прэс-канферэнцыі, што пытанне аб адключэнні «Белаэранавігацыі» ад глабальнай сістэмы авіядадзеных AIS (EAD) сапраўды разглядаецца.

Арцём Сікорскі.
Фота: Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь

«Такая праблема існуе. Мы знаходзімся ў дыялогу з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, – паведаміў Сікорскі. – Нажаль, нашыя партнёры па авіяцыі тлумачаць, што гэта палітычная каманда паступіла, яна ніяк не звязаная з пытаннямі нашага ўзаемадзеяння. Гэта, напэўна, самая непрыемная частка, што авіяцыю выкарыстоўваюць як інструмент аказання ціску».

Адключэнне Беларусі ад AIS (EAD) Сікорскі назваў «не зусім законным», і што такім чынам працягваецца «працэс удушэння беларускай авіяцыі з боку еўрапейскіх партнёраў».

Таксама дырэктар Дэпартаменту па авіяцыі дадаў, што страты беларускай авіяцыі ва ўмовах санкцыяў складаюць $10 мільёнаў у месяц.

Мінтранс працягвае перамовы з еўрапейскімі партнёрамі.

Еўрапейская база дадзеных AIS (EAD) – буйнейшая ў свеце даведка аэранавігацыйных дадзеных, якая прадстаўляе актуальную інфармацыю пра змяненні ў паветранай прасторы, даступныя для пасадкі ўзлётна-пасадачныя палосы, працу аэрапортаў, вольныя паветраныя калідоры і іншыя неабходныя звесткі.

Паводле інфармацыі на сайце Антона Матолькі, дзе блогер спасылаецца на свае ўласныя крыніцы, адключэнне можа адбыцца ўжо 15 лістапада.

Адключэнне можа стаць прычынай таго, што праз Беларусь цалкам перастануць лётаць авіякампаніі, бо гэта будзе небяспечна – немагчыма будзе даведацца, што адбываецца ў паветранай прасторы Беларусі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў