Аляксандр Азараў пра план «Перамога»: на наступны тыдзень мы запланавалі камандна-штабныя вучэнні


Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС.
Фота: АГ

Ініцыятыва BYPOL апублікавала чарговы зліў пра дзейнасць пасобнікаў рэжыму Лукашэнкі. Belsat паразмаўляў з прадстаўніком Аб’яднання сілавікоў Беларусі Аляксандрам Азаравым пра доказы незаконнай дзейнасці ўладаў, а таксама пра тое, на якім этапе цяпер знаходзіцца план «Перамога».

У першую чаргу прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў адзначыў, што, дзякуючы расследаванням ініцыятывы, людзі пачынаюць больш цвяроза глядзець на сілавыя і следчыя органы Беларусі, якія цяпер фактычна з’яўляюцца пасобнікамі рэжыму.

«Грамадзяне лічаць, што следчыя – адукаваныя і культурныя людзі, якія расследуюць справы. Гэта было да выбараў, а цяпер яны ўбачылі, што следчыя дапамагаюць фальсіфікаваць крымінальныя справы. Бачна, што службы ўзаемадзейнічаюць па фальсіфікацыі і прыцягненні да адказнасці грамадзянаў. Мы бачым, што розныя структуры працуюць разам і разам фальсіфікуюць. Гэта цэлая сістэма. І ейная галава – гэта дыктар, які будаваў сістэму пад сябе».

Аляксандр Азараў паабяцаў неўзабаве апублікаваць для беларусаў новыя запісы, а таксама заўважыў, што расследаванні BYPOL актуальныя не толькі цяпер, яны таксама спатрэбяцца ў будучыні, калі пачнуцца суды над пасобнікамі рэжыму.

«Мы ўсё гэта публікуем і захоўваем для новай Беларусі, у новай Беларусі гэта будзе падставай для ўзбуджэння крымінальных справаў у адносінах адпаведных асобаў. Гэта цэлы букет злачынстваў, і калі пачаць усё добра расследаваць, гэтыя людзі атрымаюць вялізныя тэрміны».

На думку прадстаўніка BYPOL, пасобнікі рэжыму Лукашэнкі самі добра разумеюць злачыннасць сваёй дзейнасці, але працягваюць парушаць закон, бо яны ўжо ў сістэме. Аднак і гэтая сістэма часам працуе супраць іх, доказам чаму з’яўляюцца чарговыя рассакрэчаныя матэрыялы ад BYPOL. Аляксандр Азараў сцвярджае, што ў такой сітуацыі ў сілавых і следчых структурах назіраецца дэфіцыт кадраў.

«Катастрафічна не хапае супрацоўнікаў, звальняюцца ўсе, хто дасягаюць патрэбнага ўзросту службы, і тыя, у каго заканчваецца кантракт. Нават тыя, хто быў лаяльны ўладам і спрычыніўся да злачынстваў у адносінах беларускага народу, яны разумеюць, што ўжо дастаткова парушылі закон, і будуць прыцягнутыя да адказнасці. Людзі пачынаюць усведамляць тое, што адбылося ў жніўні 2020 года і ў наступныя месяцы. Цяпер людзей не стрымаць, яны звальняюцца масава».

Прадстаўнік BYPOL падзяліўся і часткай сакрэтнай інфармацыі пра сваю дзейнасць і план «Перамога».

«Цяпер ідзе фармаванне структураў, мы кантактуем з людзьмі штодня, мы шукаем патрэбных адмыслоўцаў. Ідзе закупка абсталявання і адмысловага рыштунку. На наступны тыдзень мы запланавалі камандна-штабныя вучэнні. Работа ідзе. Гэта сакрэтная інфармацыя, але ў гэтых вучэннях будуць удзельнічаць як прадстаўнікі BYPOL, так і адмыслоўцы збоку. У нас ёсць пэўная задума».

Таксама Аляксандр Азараў падкрэсліў, што беларусы працягваюць масава далучацца да плану «Перамога».

«Магу сказаць, што сотні тысяч беларусаў ужо запісаліся. Мы запрашаем усіх запісацца. Мы хочам, каб запісалася максімальная колькасць, бо кожны спатрэбіцца. І кожны атрымае задачу».

Поўную версію размовы з прадстаўніком ініцыятывы BYPOL, а таксама чарговы зліў пра сілавікоў можна пабачыць тут:

ВК, Belsat

Стужка навінаў