Не толькі Ліман. ЗСУ працягваюць наступаць адразу на некалькіх кірунках


Пасля вызвалення Ліману Збройныя сілы Украіны працягнулі наступленне на Данбасе, а адначасова пайшлі ў прарыў уздоўж Дняпра ў Херсонскай вобласці. Belsat.eu разбіраўся, што цяпер адбываецца на фронце і чаго можна чакаць далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Metin Aktas / Anadolu Agency / abacapress.com

30 верасня, пасля некалькіх тыдняў баёў, ЗСУ акружылі расейскую групоўку каля Ліману ў Данецкай вобласці. Паводле розных ацэнак, у катле аказаліся ад 2,5 да 5,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў. На наступны дзень Міністэрства абароны РФ абвесціла пра адступленне расейскіх войскаў «на больш выгадныя рубяжы» праз пагрозу акружэння. 1 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Ліман, а да сярэдзіны 2 кастрычніка цалкам яго зачысцілі.

Аналітыка
«Украінцы могуць адпомсціць за Ілавайск». Расейскія вайскоўцы трапілі ў «кацёл» пад Ліманам
2022.09.30 17:31

Маштабы стратаў расейскіх сілаў у катле застаюцца незразумелымі. 30 верасня крыніцы з абодвух бакоў казалі, што асноўныя шляхі забеспячэння групоўкі застаюцца пад агнявым кантролем ЗСУ, але фізічна яшчэ не перарэзаныя. Падобна на тое, што шчыльна замкнуць кальцо акружэння вакол Ліману ўкраінцы не здолелі, таму частка расейскай групоўкі ўсё ж прарвалася з катла. Але паколькі дарогі былі пад агнявым кантролем ЗСУ, падчас адступлення расейцы, імаверна, панеслі значныя страты ў асабовым складзе і тэхніцы. На гэта ўказвае і брытанская выведка, і Міністэрства абароны Украіны.

«Частка расейскіх вайскоўцаў у катле была фізічна знішчаная, частка трапіла ў палон, а частка здолела сысці калонамі або невялікімі групамі», – патлумачыў радыё «Свобода» прэс-сакратар усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чэрэваты. Але канкрэтнай колькасці забітых і палонных у катле не назваў.

У сеціве за апошнія дні з’явілася шмат фота і відэа разбітай або захопленай ЗСУ каля Ліману расейскай тэхнікі. А брытанскае выданне «The Guardian» паказала кадры знішчанай калоны расейскай тэхнікі, якая спрабавала вырвацца з гораду.

«ЗСУ за два дні праціснулі нашую абарону на 30 кіламетраў»

На Лімане ЗСУ не спыніліся: 2 кастрычніка стала вядома пра вызваленне сяла Торскае, што за 22 кіламетры на шляху да Крэмінной. Украінцы пачалі інтэнсіўна абстрэльваць расейскія падраздзяленні, якія спрабуюць пабудаваць лінію каля Крэмінной. Таксама ЗСУ ціснуць на расейскія пазіцыі ў кірунку Сватава з боку ракі Аскіл. Там ЗСУ вызвалілі Баравую і Шыйкаўку – імаверна, нават без бою.

Раней belsat.eu адзначаў, што захоп Ліману адкрывае ЗСУ аператыўны прастор да двух важных вузлоў забеспячэння – Сватава і Крэмінной (Луганская вобласць). Менавіта рубеж Сватава – Крэмінная мае ключавое значэнне для будучыні ўкраінскага наступлення на Данбасе. Узяцце Сватава дазволіць вызваліць поўнач Луганскай вобласці і выйсці да мяжы з РФ, а кантроль над Крэмінной адкрые дарогу на Лісічанск і Севераданецк. А ў выпадку вызвалення гэтых гарадоў пад ударам можа апынуцца Луганск.

Імклівае прасоўванне ЗСУ выклікае ў расейскіх Z-каналах рэакцыю, блізкую да панічнай. Мяркуючы з допісаў расейскіх вайсковых карэспандэнтаў і блогераў, ніякай падрыхтаванай лініі абароны ў РФ за Ліманам проста не было. Няма там і значных рэзерваў.

«Лінія фронту цяпер праходзіць па акраіне Крэмінной? Так Крэмінная ж за 30 кіламетраў ад Краснага Ліману», – абураўся 2 кастрычніка ваенны карэспандэнт ВГТРК Аляксандр Сладкоў.

Допіс ваеннага карэспандэнта ВГТРК Аляксандра Сладкова. Скрыншот: Sladkov_plus / Telegram

«Атрымліваецца, ЗСУ за два дні праціснула нашую абарону на 30 кіламетраў у бок Луганску, нацянькі. Дык яшчэ і каля Крэмінной акапацца не даюць», – канстатаваў ён.

«Нам бы Крэмінную ўтрымаць. Бракуе людзей», – цытуюць Z-каналы камандзіра расейскага падраздзялення «Барс-13».

Даведка
Мапа баявых дзеянняў паводле Інстытут вывучэння вайны. Крыніца: understandingwar.org
Мапа баявых дзеянняў паводле Інстытуту вывучэння вайны. Крыніца: understandingwar.org

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) 2 кастрычніка быў вымушаны прызнаць: стабілізаваць сітуацыю на Ліманскім фронце пакуль не ўдаецца. Паводле яго, Крэмінную нельга здаваць ні ў якім разе: «Цяпер стаіць пытанне пра ўтрыманне Крэмінной – аднаго з ключавых пунктаў забеспячэння паўночнага флангу абароны Лісічанску».

Прадстаўнік групоўкі «ЛНР» Андрэй Марочка раніцаю 3 кастрычніка прызнаў, што ўкраінцы прасунуліся ў Луганскую вобласць і здолелі замацавацца ў кірунку Лісічанску. Тым часам некаторыя расейскія прапагандысты ўжо пачалі рыхтаваць аўдыторыю да таго, што імаверная страта Крэміннай зусім «не крытычная».

Прычым расейскі бок да канца не разумее, дзе ўсё ж ЗСУ плануюць нанесці асноўны ўдар. «Цяпер праціўнік паспрабуе развіць поспех на куражы. Рушыць ён можа і ў Сватава, і ў Лісічанск, і ў Крэмінную. Гэта пагражае разразаннем ЛНР», – разважае ваенны карэспандэнт, прапагандыст Аляксандр Коц. А тэлеграм-канал «Рыбарь» папярэджвае, што ЗСУ могуць нанесці ўдар на купянскім кірунку, каб блакаваць Сватава і злучыцца з украінскімі падраздзяленнямі, што наступаюць з Ліману. Канал «Zаписки Vетерана» 3 кастрычніка паведаміў, што ўкраінцы працягваюць наступаць на Сватава і сітуацыя там «вельмі цяжкая».

Допіс вайсковага блогера «Zаписки Vетерана». Скрыншот notes_veterans / Telegram

Нечаканы прарыў на Херсоншчыне

Паралельна з поспехам каля Ліману ЗСУ прарвалі фронт у Херсонскай вобласці. Наступальная аперацыя на адпаведным кірунку пачалася яшчэ ў канцы жніўня, але апошнімі тыднямі абмяжоўвалася пазіцыйнымі баямі і ўдарамі па расейскіх тылах.

Сітуацыя змянілася 2 кастрычніка. ЗСУ пачалі наступленне ўздоўж Дняпра на паўночным усходзе Херсоншчыны. Медыі паведамлялі пра вызваленне Залатой Балкі, Шаўчэнкава і Любымаўкі, выхад да ваколіцаў Біляеўкі (афіцыйна ўкраінскае камандаванне гэтага не пацвярджала, але Z-каналы страту мясцовасцяў прызналі). Удзень у нядзелю Стралкоў (Гіркін) ацэньваў глыбіню прарыву ЗСУ на бэрыслаўскім кірунку на 7 кіламетраў.

«Vоенкор Котенок Z» паведамляў аб прарыве глыбінёю 10 кіламетраў, прычым украінцы прайшлі гэты шлях усяго за 6-7 гадзінаў.

Паводле яго, украінцы скарысталіся тым, што з гэтага ўчастку нядаўна на ратацыю вывялі расейскіх дэсантнікаў. На думку «Vоенкор Котенок Z», гэта пагражае выхадам ЗСУ да Кахоўскай дамбы і падзеннем Новай Кахоўкі: «Судзячы па тым, як яны ідуць, гэтая пагроза рэальная». Праўда, іншыя ваенныя карэспандэнты выказвалі меркаванне, што замест далейшага прарыву на поўдзень украінцы паспрабуюць абыйсці расейскія пазіцыі на поўначы, стварыўшы пагрозу акружэння.

Увечары 2 кастрычніка расейскія ваенныя карэспандэнты паведамлялі, што ўкраінцы ўжо падышлі да буйнога паселішча Дудчаны. Z-каналы аднагалосна характарызавалі сітуацыю на Херсонскім фронце як «цяжкую» і «трывожную».

Увечары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра вызваленне Архангельскага і Мыралюбаўкі на Херсоншчыне:

«Поспехі нашых ваяроў не абмяжоўваюцца толькі Ліманам. Гэта, ведаеце, такая тэндэнцыя».

Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» у ранішняй зводцы традыцыйна не стала выдаваць дэталі аперацыі, сціпла прызнаўшы, што маюцца частковыя поспехі на Херсоншчыне.

Што будзе далей

Раніцаю 3 кастрычніка расейскія Z-каналы пісалі, што сітуацыя на Херсоншчыне стабілізавалася, але адначасова ўсе прызнавалі, што гэта яшчэ не канец. На думку Стралкова, ЗСУ проста перагрупоўваліся і рыхтаваліся да новай атакі. Падобна, што ён меў рацыю: у другой палове дня тэлеграм-канал «Рыбарь» паведаміў, што ЗСУ аднавілі актыўнае наступленне на Дудчаны, што пагражае выхадам у фланг групоўкі РФ на крыварожскім участку.

У сацсетках таксама стала распаўсюджвацца інфармацыя пра вызваленне сяла Міхайлаўка.

«Сітуацыя працягвае набіраць абароты, мы працягваем баі і замацаванне на тых тэрыторыях, якія ўжо вызваленыя і яшчэ зачышчаюцца», – пракаментавала сітуацыю на Херсоншчыне кіраўніца аб’яднанага прэс-цэнтру сілаў абароны аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк удзень 3 кастрычніка.

Ацаніць перспектывы цяперашняга прарыву ЗСУ на Херсоншчыне пакуль вельмі цяжка. З аднаго боку, расейская групоўка там ужо даўно мае праблемы з забеспячэннем, бо ЗСУ вывелі са строю ўсе стацыянарныя масты праз Днепр і рэгулярна б’юць па пантонных пераправах. Гэта кепска адбіваецца на маральным духу расейскіх сілаў каля Херсону. Паводле амерыканскага выдання «The New York Times», вайсковае камандаванне нават прасіла Крэмль адступіць з Херсону, каб арганізавана адвесці войскі, захаваць тэхніку і асабовы склад. Але Уладзімір Пуцін нібыта адмовіў сваім генералам з палітычных меркаванняў.

З іншага боку, менавіта праз палітычную важнасць поўдня Украіны для планаў Пуціна Расея сканцэнтравала там больш сілаў, чымся на іншых кірунках. Паводле Інстытуту вывучэння вайны (ISW), Пуцін аддае прыярытэт менавіта захаванню кантролю над акупаванымі тэрыторыямі ў Херсонскай і Запарожскай вобласцях. Аналітыкі адзначаюць, што ўсе апошнія тыдні расейцы працягвалі ўмацоўваюць пазіцыі на поўдні, нягледзячы на крах Харкаўска-Ізюмскага фронту і пагрозу страты Ліману.

Ёсць і яшчэ адзін неспрыяльны для ЗСУ фактар: на адкрытай мясцовасці Херсоншчыны цяжка наступаць, бо атакоўны бок становіцца ў гэтых умовах вельмі ўразлівым. Менавіта таму многія аналітыкі з самага пачатку выказвалі меркаванне, што ўкраінцы на поўдні, імаверна, робяць стаўкі на знясіленне расейскіх войсках у выніку працяглай аперацыі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў