Зяленскі прызнаў, што абмяркоўваў з Лукашэнкам прыезд «вагнэраўцаў» у Беларусь

Затрыманне вагнэраўцаў у санаторыі «Беларусачка». Скрыншот з відэа: АТН / YouTube

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу ў Трускаўцы пацвердзіў, што размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам пра прыезд расейскіх баевікоў у Беларусь.

«Я не браў удзел у гэтай аперацыі, я не прымаю ўдзелу ў расейскіх аперацыях у прынцыпе. Што датычыць гэтага пытання. Маё абмеркавання было са спадаром Лукашэнкам – гэта праўда. Па тэлефоне, калі гэтыя людзі [вагнэраўцы. – Рэд. Belsat.eu], наколькі мне вядома, аўтобусамі заехалі на тэрыторыю Беларусі. Я нешта чуў, што яны там аднекуль згодна аперацыі ляцелі, я не ведаю», – заявіў Зяленскі.

Паводле прэзідэнта Украіны, Лукашэнка паабяцаў яму вывучыць гэтае пытанне і «зрабіць усё магчымае».

«І пасля гэтага – усе», – сказаў Зяленскі.

Вагнэраўцы ў беларускіх лясах. Гісторыя самага рэзананснага фэйку Лукашэнкі

Нагадаем, што раніцай 29 ліпеня 2020 года група «А» КДБ пры дапамозе АМАПу затрымала 32 баевікі ПВК Вагнэра ў санаторыі пад Менскам. Яшчэ адзін чалавек быў затрыманы ў Калінкавічах. Зброі пры наймітах не было. Паводле дзяржаўных СМІ, вайскоўцы «прыбылі ў Беларусь для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі».

Аляксандр Лукашэнка назваў затрыманне баевікоў «надзвычайным здарэннем». Тагачасны дзяржсакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што распачатая крымінальная справа аб рыхтаванні тэрактаў. Ён падкрэсліў, што агулам, паводле аператыўнай інфармацыі, на тэрыторыі Беларусі перабываюць каля 200 баевікоў, але астатніх 167 пакуль, нібыта, не знайшлі.

Ва ўмовах масавых пратэстаў у Беларусі Крэмль падтрымаў Лукашэнку, таму ўсе непаразуменні ў беларуска-расейскіх стасунках яму трэба было тэрмінова залагодзіць. 14 жніўня было абвешчана, што вагнэраўцаў вызвалілі. 32 баевікоў адправілі ў Расею. Яшчэ адзін найміт – беларус Андрэй Бакуновіч – застаўся ў краіне. Прасіць прабачэння перад наймітамі Лукашэнка даслаў свайго старэйшага сына Віктара.

Вяртанне наймітаў Расеі выклікала незадаволенасць у афіцыйнага Кіева, які патрабаваў іх выдачы. Перад выбарамі гэтае пытанне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абмяркоўваў з Лукашэнкам, а офіс Генеральнага пракурора Украіны накіраваў афіцыйны запыт на экстрадыцыю вагнэраўцаў. Аднак ніякага адказу ўкраінскі бок не атрымаў. «ЛІЧЫМ ГЭТАЕ РАШЭННЕ, мякка кажучы, НЕСПРАВЯДЛІВЫМІ», – эмацыйна адрэагаваў у сваім «Фэйсбуку» Зяленскі.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны