Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго. Сацыёлаг пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Менску


Падчас страляніны ў кватэры на вуліцы Якубоўскага загінулі баец КДБ і айцішнік, у жытло якога ўварваліся сілавікі. Яшчэ да расследавання здарэння ўлады пагражаюць помстаю і зачысткамі, а ўсіх нязгодных называюць «тэрарыстамі». Дэпутат Белаконеў ужо заклікаў забіць сотню чалавек у адказ на забойства аднаго байца КДБ.

Перастрэлка ў менскай кватэры. 28 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа КДБ

Да чаго гэта ўсё вядзе, «Белсату» тлумачыць сацыёлаг Таццяна Валадажская.

Галоўным вынікам нагнятання, мяркуе яна, стане павелічэнне іррацыянальнасці. Радыкалізуюцца цяпер абодва бакі, а радыкальныя прапановы загучаць мацней.

«Зразумела, што канфлікт у грамадстве нікуды не знікае, – разважае Валадажская. – Адзін бок падтрымліваецца дзяржаваю, рэжымам усімі сродкамі. Другі бок выступае за чалавечае самавыяўленне, праявы свабоды. Канфлікт пераходзіць у больш эмацыйную сферу. Сама рыторыка экстрэмізму, тэрарызму, узброеных дзеянняў пераводзіць людзей у тое, каб усё ўспрымаць менш рацыянальна, больш эмацыйна, падштурхоўвае да базавага страху.

Гэта тое, на што працуе тэрарызм: каб чалавек пачынаў баяцца агулам усяго. Нават не нейкага дзеяння».

Hавiны
Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто беларусаў у адказ на гібель працаўніка КДБ
2021.10.01 14:52

Ці пагоршыцца сітуацыя? Валадажская разважае: павелічэнне эмацыйнасці не дазваляе рухацца разумна далей, выбудоўваць стратэгіі. Звужаюцца магчымасці выхаду з палітычнага крызісу. Тое, што ўлады правакуюць на эмацыйнасць, закрывае пытанне будучага рэферэндуму, яны абмяркоўваюць ужо не змены ў Канстытуцыю. Увага факусуецца на адчуванні небяспекі, агрэсіі. Расце і колькасць тых, хто з’едзе з краіны.

«Прымірэнне магчымае толькі пасля развязання палітычнага крызісу, інакш гэта будзе адсоўваннем нявырашанага ўбок, – звяртае ўвагу сацыёлаг. – Выпадкі замірэння ў гісторыі вядомыя. Можам паглядзець на Паўночную Ірландыю – там працавалі дзеля таго, каб аб’яднаць грамадства пасля вельмі моцнага канфлікту, але гэта адбывалася пасля пэўных палітычных рашэнняў.

Калі мы проста прапануем перагарнуць старонку і забыць – дык гэта ўсё асядае дзесьці ў чалавечай псіхіцы і потым можа выліцца ў небяспечныя рэчы».

Hавiны
Беларусы пачалі страляць адно ў аднаго ў «Год народнага адзінства». Эксперты пра трагедыю на Якубоўскага
2021.09.29 14:46

Ды не так шмат людзей гатовыя да агрэсіі і радыкалізацыі, не так шмат людзей могуць заставацца абыякавымі. Большая частка людзей перажывае моцна і эмацыйна сітуацыю, што доўжыцца ўжо год, як і апошнія падзеі. А прапановаў дзеянняў, якія адкрывалі б пазітыўную перспектыву, мала. Дзеля грамадскага здароўя, кажа Валадажская, прынамсі дэмакратычнай частцы грамадства варта звярнуцца да прапановаў, якія адкрываюць не толькі эмацыйны, а і дзейнасны план.

«Вельмі варта дзеля грамадскага здароўя прадумваць практыкі дзеянняў, якія перавялі б людзей з перажывання ў нармальны стан дзеяння, чалавечага існавання», – заклікае сацыёлаг.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

АА belsat.eu

Стужка навінаў