Страйкам «Горадня Азоту» паведаміў пра аварыю. На заводзе пацвердзілі


Горадня Азот.
Фота: gazeta.azot.by

Страйкам прадпрыемства «Горадня Азот» у сваім тэлеграм-канале паведаміў пра чарговае надзвычайнае здарэнне заводзе.

Паводле страйкамаўцаў, у адным з цэхаў пры вытворчасці азотнай кіслаты спачатку сарвала манометр на помпе і затапіла падстанцыю электрыкаў, затым прарвала трубу з кіслатой. Паведамляецца, што разлітую кіслату залілі вадой, «каб знізіць канцэнтрацыю, увесь цэх у дыме, вецер дзьме па кірунку ў бок гораду».

Пры гэтым страйкам абверг звесткі пра нібыта ўзгаранне на прадпрыемстве.

А што афіцыйна?

Пасля з’яўлення інфармацыі ад страйкаму з паведамленнем пра сітуацыю на заводзе выступіла дзяржаўнае агенцтва БелТА. Спасылаючыся на «завод», яно заявіла, што некалькі асноўных структурных падраздзяленняў ААТ «Горадня Азот» з 30 верасня па 4 кастрычніка завяршаюць планавыя прыпыначныя рамонты і прыступаюць да пускавых аперацыяў.

Гэтак, заяўляецца, што пускавыя аперацыі ў адным з цэхаў суправаджаюцца кароткачасовым павелічэннем утрымання NOx у газах, а аксід азоту ў складзе NOx надае пры адыходзе газам чырвона-бурае адценне. Таксама БелТА паведаміла пра спальванне тэхналагічнага газу, які ўжываецца падчас разагрэву асноўных аддзяленняў цэху аміяку.

«Гэтыя пускавыя аперацыі могуць працягвацца некалькі сутак, са сканчэннем якіх пасля атрымання гатовай прадукцыі (аміяку) спальванне тэхналагічнага газу на факельнай устаноўцы спыніцца», – паведамляе дзяржаўнае агенцтва.

Абноўлена
У Наваполацку пажар на «Нафтане». Там ужо тыдзень ідуць ператрусы і затрыманні
2021.09.28 23:02

Пазней сайт газеты «Гродненский химик» паведаміў, што ў сувязі з парушэннем у схеме электразабеспячэння (помпы пажыўнай вады) адбылося спыненне двух агрэгатаў слабой азотнай кіслаты цэха АКіКАС.

Адзначаецца, што пасля ліквідацыі няспраўнасці агрэгаты рыхтуюцца да пуску. Пашкоджанні тэхналагічнага абсталявання агрэгатаў падчас спынення, выкідаў вокіслаў азоту і праліваў кіслаты не зафіксавана.

У выданні адзначылі, што «перавышэнняў устаноўленых нарматываў не выяўлена».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў