«Крумкачы» падтрымалі свайго форварда Аляксандра Івуліна. Ён ужо чатыры месяцы пад арыштам


Футболісты «Крумкачоў» пасля гульні з «Белшынай».
Фота: krumkachy / Facebook

Футбольны клуб «Крумкачы» 3 кастрычніка ў матчы першай беларускай лігі разграміў з лікам 4:0 «Ліду». Пасля матчу менская каманда зрабіла фота – пераможцаў з распранальні, на ёй можна пабачыць кардоннага Аляксандра Івуліна.

Журналіста «Tribuna», аўтара канала «ЧестнОК», а таксама гульца ФК «Крумкачы» Аляксандра Івуліна затрымалі 3 чэрвеня разам з мантажыстам праекту «ЧестнОК» Яраславам Пісарэнкам. Іх забралі з кватэры невядомыя ў цывільным. На наступны дзень стала вядома, што Івуліна асудзілі на 30 содняў арышту нібыта за сцяг на акне.

Hавiны
Партал Тribuna і ягоныя сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі»
2021.08.06 18:27

3 ліпеня Аляксандр павінен быў выйсці на волю, але з ІЧУ яго перавялі ў СІЗА. Як стала вядома, Івуліну выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Максімальнае пакаранне паводле артыкулу – тры гады пазбаўлення волі.

5 ліпеня Аляксандра Івуліна прызналі палітычным вязнем.

Цяпер рэгулярна па ўсім свеце праходзяць акцыі салідарнасці з Аляксандрам, людзі апранаюць футболку з 25 нумарам, пад якім гуляў Івулін.

Артыкулы
Палітвязня Івуліна абвінавацілі ў «перакрыванні дарогі». Былы сукамернік расказаў пра ягоны стан
2021.07.12 13:28

Перамога «Крумкачоў» і параза «Белшыны» у Магілёве дазволіла «Крумкачам» ушчыльную падабрацца да бабруйскай каманды. Цяпер клуб, за які гуляў Івулін, і «Белшыну» раздзяляе ўсяго тры пункты. Прычым у «Крумкачоў» на гульню меней. Калі менская каманда абыдзе «Белшыну» і зойме другое месца, то зможа наўпрост патрапіць у элітны дывізіён. І тады ў федэрацыі футболу Беларусі не будзе аргументаў, каб не пусціць туды менскі клуб, як гэта здарылася ў мінулым сезоне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў