ЗША адмовілі ў візах міністру замежных справаў Расеі Сяргею Лаўрову і ягонай дэлегацыі


Расея запытала ў ЗША 56 візаў, каб дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым здолела ўзяць удзел у штогадовай сесіі Генеральная асамблеі ААН. Амерыка адмовіла ў візах усім чальцам дэлегацыі, паведамляе «Reuters».

Сяргей Лаўроў. Крыніца: G20.org

Амбасадар Расеі ў ААН Васіль Небензя напісаў ліст генеральнаму сакратару ААН Антонью Гутэрышу, у якім паскардзіўся на нявыдачу візаў Лаўрову і ягонай камандзе. У лісце гаворыцца, што Злучаныя Штаты цягам некалькіх апошніх месцаў «пастаянна адмаўлялі ва ўязных візах» шэрагу расейцаў, якія накіроўваліся на імпрэзы ААН. Гэта ў расейскага амбасадара «выклікае трывогу».

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША пракаментаваў «Reuters», што, згодна з амерыканскім заканадаўствам, візавыя запісы канфідэнцыйныя, таму ён не можа нічога распавесці пра сітуацыю з той ці іншай асобай. Адначасова чыноўнік зазначыў: ЗША сур’ёзна ставяцца да сваіх абавязкаў у якасці дзяржавы, у якой праходзіць паседжанне Генеральнай Асамблеі ААН і таму могуць адмовіць у выдачы візаў замежных дыпламатам з меркаванняў бяспекі і замежнай палітыкі.

Акрамя таго, ЗША ўжо даўно забаранілі расейскім дыпламатам ААН, а таксама дэлегацыям з РФ ад’язджаць ад Нью-Ёрку на адлегласць, большую за 40 кіламетраў без папярэдняга дазволу Вашынгтону.

Што датычыць менавіта Сяргея Лаўрова, ЗША ўвялі санкцыі супраць яго яшчэ ў канцы мінулай зімы. Кіраўніка МЗС Расеі абвінавацілі ў тым, што ён нясе наўпроставую адказнасць за ўварванне Расеі ва Украіну 24 лютага сёлета. Санкцыі замарозілі любыя актывы, якія Лаўроў мог мець у ЗША, і забаранілі амерыканцам мець справы з расейскім дыпламатам.

12 верасня ў Нью-Ёрку пачне працу 77-ая сесія Генеральнай Асамблеі ААН.

Аб’ектыў
У расейцаў забяруць «спрошчаныя» візы. А ў беларусаў?
2022.08.28 23:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў