Беларускія спартоўцы заснавалі Дзень спартовай салідарнасці


Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнер гандбольнай каманды «Віцязь».
Фота: Белсат

30 верасня актывісты беларускай дыяспары адзначаць Дзень спартовай салідарнасці. Ён будзе прысвечаны руху свабодных спартоўцаў і барацьбе атлетаў супраць дыктатуры ў Беларусі ды вайны ва Украіне. Рашэнне заснаваць гэты дзень прынялі на агульным сходзе Вольнага аб’яднання спартоўцаў Беларусі.

Як паведамляецца ў сацыяльных сетках Беларускага фонду спартовай салідарнасці, у гэты дзень у розных гарадах свету пры падтрыманні вольных спартоўцаў, самога фонду і беларускіх дыяспараў ладзяцца спартовыя падзеі з лакальнымі спаборніцтвамі, турнірамі ды інш.

Асобная акцыя салідарнасці пройдзе ў Кіеве і будзе прысвечаная ўкраінскім атлетам, якія загінулі ў часе вайны з Расеяй.

Алена Леўчанка.
Фота: Instagram

Дата абраная не выпадкова. 30 верасня 2020 года сілавікі затрымалі беларускую баскетбалістку Алену Леўчанку. Яна сярод першых абвесціла пра стварэнне Вольнага аб’яднання спартоўцаў, датаю нараджэння якога лічыцца 2 верасня 2020 года. Тады спадарыня Алена публічна заявіла: «Нягледзячы на боль, пакуты і жах, якія перажыў наш народ у гэтым жніўні, сённяшнія беларусы захапляюць і натхняюць мяне. Настаў час, калі мы, беларускія спартоўцы, становімся заўзятарамі свайго народу».

«Лена Леўчанка патэлефанавала і запыталася: ты з намі? Я без роздумаў адказала: «Вядома!» Я знайшла аднадумцаў, людзей з такімі ж жыццёвымі каштоўнасцямі, як і ў мяне: змагацца за праўду і за беларускі народ», – кажа ў каментары «Белсату» Кацярына Сныціна.

У якасці лагатыпу абралі тры літары SOS, якія фармаваліся ў алімпійскія кольцы. У дзясятку смелых, якія сабраліся, каб абвесціць аб стварэнні Вольнага аб’яднання спартоўцаў, увайшлі дырэктар гандбольнага клубу «Віцязь-Леон» і ініцыятар ліста вольных спартоўцаў Аляксандр Апейкін, галоўны трэнер віцяблянаў Канстанцін Якаўлеў, капітан нацыянальнай жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна і ейная калега Алена Леўчанка, браты-баскетбалісты Ягор і Мікіта Мешчараковы, валейбаліст Артур Удрыс, прадстаўнік самба Сцяпан Папоў, лёгкаатлетка Надзея Астапчук і трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы ў плаванні Аляксандра Герасіменя.

Заклікаючы ў сваім звароце актыўна далучацца да гэтай ініцыятывы, Аляксандра падкрэсліла: «У гэты вызначальны момант для жыцця нашай краіны кожны беларускі спартовец павінен задаць сабе пытанне: «Ці варты я адстойваць гонар краіны, калі не магу адстаяць свайго?»

Больш за 5 тыс. беларусаў узялі ўдзел у Маршы свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да пасольства Расеі ў Варшаве, Польшча. На здымку – Аляксандра Герасіменя і Крысціна Ціманоўская. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

«Мае згадванні пра SOS-BY заўсёды толькі станоўчыя. Гэта было штосьці невядомае і ўзрушальнае. Я разумеў, што мы стаім на парозе чагосьці новага, важнага, сумленнага, а галоўнае – справядлівага, таго, што ў спартовым свеце дагэтуль не мела аналагаў. Мы сталі братамі і сёстрамі, сям’ёю, якая так шмат прайшла за столькі гадоў, што засталося, вобразна кажучы, толькі дзяцей хрысціць. Жыццё нас раскідала па розных краінах, але мы працягваем падтрымліваць адно аднаго і быць актыўнымі ў барацьбе з рэжымам. Вольнае аб’яднанне спартоўцаў і Беларускі фонд спартовай салідарнасці, створаны Аляксандрам Апейкіным, можна лічыць адным цэлым. Сёння адно без іншага не ўяўляецца», – кажа ў размове з «Белсатам» Канстанцін Якаўлеў.

6 і 13 верасня беларускія спартоўцы гуртам выходзілі на народныя нядзельныя маршы з плакатамі «Спартоўцы з народам!» і «Народ – чэмпіён», а ўлады помсцілі атлетам напоўніцу, не зважаючы ні на рангі, ні на заваяваныя медалі. Той жа восенню, акрамя Алены Леўчанкі, былі затрыманыя шматборац Андрэй Краўчанка і кікбаксёр Іван Ганін, экс-чэмпіёнка свету ў лыжнай акрабатыцы Аляксандра Раманоўская і Міс Беларусь – 2008, былая прэс-сакратарка футбольнага клубу «Дынама» (Берасце) Вольга Хіжынкова, чэмпіён Еўропы па джыу-джыцу Андрэй Шчарбацюк, футбаліст Раман Гаеў.

Пад каток сістэмы трапілі і капітан зборнай Беларусі па рэгбі Марыя Шакура, чэмпіён свету па муай-тай Юрый Булат, а таксама прадстаўніца тайскага боксу Аляксандра Сітнікава і Ігар Баяр з амерыканскага футболу.

«Я цудоўна памятаю той момант стварэння нашай каманды. Мы сабраліся, абмеркавалі бягучую сітуацыю, пастанавілі, што трэба дзеяць. Стварэнне SOS-BY было спробаю штосьці зрабіць, супрацьстаяць гэтаму гвалту. Ні ў каго ў аб’яднанні спартоўцаў ніколі не было нейкіх асабістых мэтаў. SOS-BY – грамадскае аб’яднанне, якое жыве і будзе жыць, як і Беларускі фонд спартовай салідарнасці – больш прафесійная, выканаўчая, юрыдычная структура. Мы толькі дапаўняем адно аднаго», – тлумачыць «Белсату» Артур Удрыс.

бчб-флаг, Кубок Ивулина, Фонд спортивной солидарности, матч, футбол, Варшава, Польшча
Заўзятары з 30-метровым беларускім сцягам падчас гульняў на Кубку Івуліна. У польскай сталіцы адбылася першая гульня аматарскіх камандаў у гонар зняволенага журналіста і футбаліста Аляксандра Івуліна. Варшава, Польшча. 14 жніўня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Напрыканцы трагічнага 2020 года прадстаўнікі Вольнага аб’яднання спартоўцаў запісалі на беларускай мове амаль 4-хвілінны музычны ролік у стылі рэп, у якім упершыню публічна выкрылі сутнасць нядаўняга куміра шматлікіх беларусаў, чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Дар’і Домрачавай: «Некаторыя куміры ўжо былымі сталі, бо не ўтрымаліся на нашым п’едэстале. Герой Беларусі і легенда наша, дзе ты цяпер, Даша? Адкажы нам, Даша: дзе любоў, дзе здрада? Мы цябе любілі, а ты – любіш брата?» Так адрэагавалі на кволую рэакцыю Домрачавай на затрыманне ейнага роднага брата Мікіты, якога жорстка збілі, а потым прымусілі падпісаць пратакол, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Кожны канфлікт можна вырашыць мірным шляхам. Калі ласка, пачуйце», – невядома да каго, нібыта ў пустэчу звярнулася праз свой «Інстаграм» тады Домрачава.

Ужо ў жніўні 2020-га больш за тысячу беларускіх атлетаў выказаліся супраць жорсткага стаўлення рэжыму да свайго народу, падпісаўшы адкрыты ліст да ўладаў, за што зазналі рэпрэсіі.

Паводле звестак Беларускага фонду спартовай салідарнасці, 60 падпісантаў ліста былі выключаныя з нацыянальных зборных, страцілі дзяржаўнае фінансаванне. Каля 100 спартоўцаў былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Падчас бязлітаснага разгону акцыяў Аляксандра Герасіменя была за мяжою, а пабачыўшы праз тэлевізар, як збівалі людзей, распавяла: «У мяне быў выбар: выказацца ці прамаўчаць. Бо ў мяне была свая школа плавання, і ў ёй працавалі некалькі дзясяткаў чалавек, а трэнаваліся мы ў арандаваных у дзяржавы басейнах. Каля 500 хлопчыкаў і дзяўчатак прыходзілі на заняткі, і я разумела, што калегі і дзеці пацярпяць абавязкова. Так і здарылася. Мне патэлефанавалі і паведамілі, што ўсе дамовы са мной прыпыненыя».

Шэраг сумленных спартоўцаў быў вымушаны пакінуць краіну, а трохразовая прызёрка Алімпіядаў Аляксандра Герасіменя ўжо ў верасні ўзначаліла Беларускі фонд спартовай салідарнасці, які дапамагаў атлетам адаптавацца ў новых умовах жыцця і працягнуць трэнаванні з перспектываю выступу на Алімпіядзе ў Токіа.

«Цяпер у нас на парадку дня – Антываенная дэкларацыя, якую падпісваюць усё больш і больш знаных атлетаў ува ўсім свеце, алімпійскіх медалістаў, чэмпіёнаў свету і сваіх кантынентаў. І вайну ва Украіне, і беларускі рэжым мы адолеем толькі разам», – падсумоўвае ў размове з «Белсатам» гімнаст Сямён Букін.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў