Затрымалі дыджэя Папу Бо і двух супрацоўнікаў «Корпусу»


Аляксандр Багданаў цяпер у ізалятары часовага ўтрымання. У «пакаяльным відэа» ён кажа, што нібыта кіраваў маршамі пратэсту і што пры затрыманні ў яго выявілі скрынкі, у якіх ён захоўваў наркотыкі. Аднак судзілі яго за «экстрэмісцкія матэрыялы».

Аляксандр Багданаў на «пакаяльным» відэа. Скрыншот: zheltyeslivy / Telegram

Звязаны з беларускай тэлевізіяй і сілавікамі Telegram-канал «Жёлтые сливы» апублікаваў 3 верасня відэа, на якім Аляксандр Багданаў, вядомы як «Папа Бо», дае «прызнальныя» паказанні.

Паводле інфармацыі Беларускай рады культуры, Багданава затрымалі 2 верасня ў культурным цэнтры «Корпус». Разам з ім затрымалі таксама сцэнографа Максіма Крука і арганізатарку культурных імпрэзаў Лізавету Неўмяржыцкую. У Багданава канфіскавалі дыджэйскі пульт. 3 верасня іх судзілі за «Выраб, захаванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», але накіравалі справу на дапрацоўку. Пра «кіраванне пратэстамі» ці наркотыкі згадкі няма.

На фігурантах гэткіх «пакаяльных» відэа раней неаднаразова былі заўважныя сляды катаванняў. На твары і руках Багданава няма бачных слядоў катаванняў, аднак па руху вачэй бачна, што ён з цяжкасцю зачытвае тэкст.

Паводле гэтага каналу, Багданаў быў затрыманы байцамі ГУБАЗіК, цяпер у ізалятары часовага ўтрымання. У якім ён статусе і ці яму выставілі нейкія абвінавачванні, невядома.

Папа Бо летась выходзіў на маршы пратэсту з дыджэйскай устаноўкай, ставіў музыку для пратэстоўцаў і называў акцыю «#музыкаоружие».

Багданаў вядомы не толькі як дыджэй. Ён таксама прамоўтар беларускіх музычных гуртоў, у тым ліку папулярных «Кассиопея», «Серебряная свадьба», «Петля Пристрастия», «Аддис Абеба», «Port Mone», «Shuma». Акрамя таго, ён заснаваў менскі культурны цэнтр «Корпус» і быў яго арт-дырэктарам.

У студзені ў «Корпус» уварваўся АМАП, сілавікі зладзілі ператрус у офісе арганізацыі «Makeout». Аднак «Корпус» працягнуў працу. Вечарам 2 верасня «Корпус» закрылі, прычынаў не патлумачылі, але заклікалі прыходзіць у іншы дзень.

Абноўлена
Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath»
2021.08.03 13:32

АА belsat.eu

Стужка навінаў