Вольгу Карач і яшчэ шасцёх чалавек улучылі ў спіс тэрарыстаў


Вольга Карач.
Фота: matuli.org

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс у спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, семярых асобаў і адну арганізацыю. Абноўлены спіс апублікавалі на сайце КДБ Беларусі.

Дадалі палітыка Вольгу Карач, а таксама Вадзіма Гулевіча, Наталлю Мацвееву, Аляксея Глотава, Кірыла Ашурка, Дзмітрыя Сасноўскага, Дзяніса Хофмана (Хромава). Усе яны – фігуранты «справы «Атрадаў грамадзянскай самаабароны» (АГСБ), якія таксама трапілі ў спіс КДБ.

Кіраўніцу грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольгу Карач вінавацяць у дапамозе рыхтавання да акту тэрарызму групай асобаў або па папярэдняй змове (ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 КК) і акту тэрарызму ў дачыненні дзяржаўнага або грамадскага дзеяча (ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 i ч. 1 арт. 359 КК).

Hавiны
«Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» прызнаныя тэрарыстычнай арганізацыяй
2021.08.18 20:27

КДБ сцвярджае, што прыхільнікі АГСБ збіраліся адрэзаць язык вядоўцу СТВ Рыгору Азаронку, падарваць вежу сувязі ВМФ Расеі ў Вялейцы і падпальваць лесанарыхтоўчую тэхніку ў Бярэзінскім лясгасе.

Раней у Генеральнай пракуратуры заяўлялі, што арганізацыю стварылі ў верасні 2020 года пад кіраўніцтвам грамадзяніна Нямеччыны 1986 года нараджэння, а мэтай яе дзейнасці называлася аб’яднанне радыкальна настроеных грамадзянаў для ўдзелу ў акцыях з гвалтоўнаю зменаю дзяржаўнай улады і тэрактах у Беларусі.

У тэлеграм-чатах і каналах падпісантаў нібыта навучалі правілам збору самаробных выбуховых прыладаў ды тактыцы сілавога супрацьдзеяння сілавым структурам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў