Універсітэт культуры зліквідаваў кафедру этналогіі і фальклору


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва расфармаваў кафедру этналогіі і фальклору. Работнікаў не папярэдзілі.

Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтва. Менск, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Пра гэта 3 верасня расказала ў Facebook старэйшая выкладчыца кафедры Таццяна Пладунова. Прычыны расфармавання невядомыя, планы студэнтаў і педагогаў ужо былі распісаныя.

Радыё «Свабода» паведамляе, што звольнілі таксама колішняга загадчыка расфармаванай кафедры, дацэнта Вячаслава Калацэя, які выкладаў дысцыпліны «Этнаграфія, міфалогія і фальклор беларусаў», «Гісторыя фалькларыстыкі», а таксама «Клас фальклорнага выканальніцкага майстэрства». Раней праз палітычны пераслед звольніўся і выехаў за мяжу іншы выкладчык, кандыдат навук Вячаслаў Красулін.

Кафедра існавала каля 20 гадоў. Цяпер праца работнікаў этнакафедры будзе базавацца на кафедры народна-спеўнай творчасці. Пры тым спецыялізацыя «Этнафоназнаўства» застанецца нязменнаю, студэнцкія гурткі працягнуць працу.

«Калі ўся культурніцкая грамадскасць і постфальклорная прастора ведае кафедру і яе працаўнікоў як няспынных рухавікоў беларускасці ў краіне, неардынарных творцаў і шчырых, разумных педагогаў, учорашнія «сябры»-начальнікі робяць выгляд, што гэта мэтазгодная працэдура і мае на мэце забяспечыць больш інтэнсіўны характар навучання студэнтаў-фалькларыстаў на іншай кафедры», – піша выкладчыца.

Пладунова ў сваім запісе дадае, што справу кафедры працягнуць, бо «вынішчаць са свядомасці гісторыю, культуру, мову нашых продкаў небяспечна для жыцця саміх нашчадкаў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў