Сышоў у адстаўку гарадзенскі пракурор, які крытыкаваў грамадзянаў за спасылку на Канстытуцыю


Віктар Корзун і Андрэй Швед.
Фота: prokuratura.gov.by

Сышоў у адстаўку пракурор Гарадзенскай вобласці Віктар Корзун. Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры.

Віктар Корзун нарадзіўся ў 1957 годзе ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці. У 1982-м скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «правазнаўства», пасля працаваў у пракуратурах Меншчыны. З ліпеня 1998 года працаваў у цэнтральным апараце ведамства. На пасадзе пракурора Гарадзенскай вобласці – са снежня 2016-га.

Пагражаў пратэстоўцам

24 жніўня 2020 года на сайце Гарадзенскага аблвыканкаму быў змешчаны зварот Віктара Корзуна да беларусаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. У ім ён папярэджваў грамадзянаў пра адміністратыўную, крымінальную ды іншую адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах і дэманстрацыях.

Пры гэтым Віктар Корзун заўважаў, што «арганізатары, спасылаючыся на магчымасць правядзення іх насуперак закону, спасылаюцца на норму Канстытуцыі, якая сапраўды гарантуе права грамадзянаў на свабоду мітынгаў, пікетаў, вулічных шэсцяў». Аднак, дадаваў пракурор, закон абмяжоўвае гэтую норму Канстытуцыі, хоць, паводле закону, яна мае большую моц за законы.

Як паведамляе «Наша ніва», Корзун спыняў любыя спробы завесці справы і за фальсіфікацыю выбараў, і за збіццё людзей, і за катаванні ў ізалятарах.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў